https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Інтэрнэт-журналістыка пераадолее хваробы росту і стане больш культурнай


Такое меркаванне 24 мая выказаў старшыня Беларускага саюза журналістаў, галоўны рэдактар газеты "Рэспубліка" Анатоль Лемяшонак у час адкрыцця летняй школы журналістыкі ў Інстытуце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Праграма летняй школы журналістыкі прадугледжвае пасяджэнне прэс-клуба, удзельнікі якога абмяркуюць фарміраванне новага аблічча культурнай журналістыкі. Паводле слоў Анатоля Лемяшонка, будзе лагічна, калі размова закране таксама культуру самой журналістыкі. "Тая, што пайшла ў Інтэрнэт, часта непрафесійная, грубая і жорсткая. Але гэта хваробы росту. Нават апазіцыйныя СМІ падцягваюцца ў гэтым плане, хоць раней бравіравалі сваёй грубасцю, у тым ліку адносна вышэйшых службовых асоб", - лічыць Анатоль Лемяшонак.

У пасяджэнні прэс-клуба прымаюць удзел журналісты, якія спецыялізуюцца на асвятленні тэмы культуры. Разам са студэнтамі яны абмяркуюць пытанні ўдасканалення прафесійнага майстэрства журналістаў, павышэння прэстыжу культурнай журналістыкі, прыцягнення ўвагі да праблем і дасягненняў культуры праз СМІ.

Летняя школа журналістыкі ў інстытуце журналістыкі БДУ па традыцыі праходзіць у дні Беларускага міжнароднага медыяфоруму. У гэтым годзе ён ужо восьмы па ліку, яго тэма "Партнёрства ў імя будучага: гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання".

Акрамя таго, сёння на медыяфоруме пройдзе пасяджэнне журы конкурсу "Мастацтва кнігі" краін СНД. У Мінску ён адбудзецца ўпершыню. Конкурс, які ў гэтым годзе адзначае 10-годдзе, накіраваны на пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва кнігавыдаўцоў Садружнасці, павышэнне культуры кнігавыдання і развіццё кніжнага мастацтва, папулярызацыю лепшых дасягненняў выдавецкіх сістэм краін СНД, актывізацыю ўзаемаабмену духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі. Члены міжнароднага журы 24 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі вызначаць лепшыя выданні па сямі намінацыях: "Садружнасць", "Мая краіна", "Кнігі для дзяцей і юнацтва", "Культура. Навука. Адукацыя", "Арт-кніга", "Надрукавана ў Садружнасці", "Гран-пры".

Медыяфорум прадоўжыць сваю работу да 25 мая. Завершыць яго праграму наведванне Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, дзе адбудзецца эксперт-сесія "Аб`екты сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны ў кантэксце дзяржаўнай палітыкі развіцця рэгіёнаў".

Арганізатарамі форуму выступаюць Міністэрства інфармацыі Беларусі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД, Беларускі саюз журналістаў. Падтрымку мерапрыемству аказваюць Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, Выканаўчы камітэт СНД.

24 мая 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:24.05.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1929
 
Ключевые слова:
Медиафорум Интернет СМИ Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме