https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Схіляем галовы перад вамі, хатынцы!


Штодзень у мемарыяльным комплексе "Хатынь" паміж мармуровымі плітамі ходзяць наведвальнікі. 22-га сакавіка, нягледзячы на марознае надвор`е, іх было надзвычай шмат.

Прадстаўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання і самакіравання, грамадскіх арганізацый, праваслаўнай і каталіцкай канфесій, школьнікі і сведкі тых страшэнных падзей сабраліся тут, у дзень 70-й гадавіны хатынскай трагедыі, падчас мітынгу-рэквіема.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў агучыў зварот Аляксандра Лукашэнкі з нагоды гэтай трагічнай даты. Ад Прэзідэнта краіны, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб`яднанняў, дыпламатычнага корпуса краіны, Беларускай праваслаўнай і Рымска-каталіцкай цэркваў каля Вечнага агню былі ўскладзены вянкі, а каля помніка Няскоранаму чалавеку — кветкі.

— Калі ў 1969 годзе тагачасны кіраўнік беларускай рэспублікі Пётр Машэраў адкрываў мемарыяльны комплекс "Хатынь", ён пакінуў тут памятны запіс: "З той пары, як нацысцкія карацелі ажыццявілі ў Хатыні сваю зверскую акцыю, гэтай вёскі больш няма на геаграфічных картах, але яе ведае ўвесь свет", — зазначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура. — Гэтыя словы справядлівыя і сёння. Ва ўсім свеце вядома, якому страшнага генацыду і спусташэнню падвергнуліся беларусы і іх зямля ў гады гітлераўскай акупацыі. Аднак ёсць пэўныя сілы, якія не грэбуюць ніякімі сродкамі дзеля таго, каб свет забыўся пра гэтыя злачынствы. З`явілася шмат літаратуры, дакументальных і мастацкіх фільмаў, дзе гістарычныя факты не толькі фальсіфікаваныя, а перавернутыя з ног на галаву. І вось ужо здраднікі, бандыты і каты паўстаюць у вобразе высакародных барцоў за ідэалы. Гэты вераломны прапагандысцкі меч накіраваны, у першую чаргу, супраць нас — нашчадкаў Вялікай Перамогі. Выкрасліць яе з нашай памяці — пазбавіць нас вялікасці нацыі, якая выратавала чалавецтва ад вынішчэння. Якой цаной дасягнута гэтае выратаванне, сведчыць агонь і попел Хатыні. Памятаючы аб цане Перамогі, мы не павінны забывацца і пра тое, што яна была здабыта, дзякуючы толькі адзінству брацкіх народаў.

Падчас мітынгу-рэквіема Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі, архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч і епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі Веніямін правялі памінальнае богаслужэнне.

(Сведка тых страшных падзей Соф`я Дарашэўская расказала, што яе родную вёску Угалец, што знаходзілася ў Пухавіцкім раёне, немцы палілі двойчы. "Пасля другога запалу аднавіць яе не ўдалося: з 130 дамоў не засталося ні хатачкі. Мяне, 5-гадовую дзяўчынку, разам з брацікамі і сястрычкамі маці хавала ў лесе. У той час, як гітлераўцы палілі вёску, мы, малыя, як звычайна, туліліся ў халоднай зямлянцы. Пашчасціла не загінуць і іншым некаторым жыхарам вёскі. Наша вёска пацярпела, як і многія іншыя. Толькі, на жаль, яе няма ні ў адным спісе спаленых у вайну населеных пунктаў".

— Ушанаваць памяць спаленых жыхароў Хатыні — ушанаваць памяць усіх, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, — перакананы старшыня Беларускага грамадскага аб`яднання ветэранаў Анатоль Новікаў. — Хатынь — толькі адна з тых трагічных мясцін беларускай зямлі. Хацелася б, каб у сучаснай моладзі было імкненне глыбей даведацца пра гісторыю сваёй Радзімы, трагедыю і гераізм беларускага народа. Хаця б для таго, каб ні адзін гісторык ці журналіст, які спрабуе прынізіць ролю савецкага народа ў вайне, не змог пераканаць іх перакручанымі фактамі. Гісторыю нельга перапісваць, яе трэба вывучаць.

Вераніка Канюта
Звязда, 23 сакавіка 2013

 
Дата публикации:23.03.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2009
 
Ключевые слова:
Хатынь Великая Отечественная война
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме