https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Дзяды глядзяць на нас з нябёсаў


Дзяды — свята сакральнае. Такім яго ўспрымаюць і сучасныя беларусы. Праваслаўныя адзначаюць Змітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8 лістапада. А ў католікаў 2 лістапада Задушны дзень.

Але Дзядоў у беларусаў шмат. У залежнасці ад мясцовасці, мы можам адзначаць Дзяды некалькі разоў на год вясной і ўвосень. Самымі галоўнымі лічацца восеньскія Дзяды — Асяніны. Тут мы ўпрыгожваем стол рытуальнымі стравамі. Прычым патрэбна, каб на стале іх абавязкова была няцотная колькасць: куцця, клёцкі, бліны, мяса, яечня. З Дзядамі звязана і шмат народных прыкмет. Кажуць, якое надвор`е на Дзяды, такімі будуць Каляды і нават Вялікдзень.

Да Дзядоў трэба дарасці. Бо гэта няпростае свята. Старадаўняе. Глыбокае. Спачатку язычніцкае, пазней хрысціянскае, са сваімі адрозненнямі ў праваслаўных і католікаў. У Беларусі яно з цягам часу набыло і шмат іншых канатацый, чым толькі ўшанаванне памяці святых і спачылых продкаў урачыстай вячэрай і паходам на могілкі. Дзяды — гэта нешта такое пракаветнае беларускае, што здаецца кожны ведае пра гэтыя дні, ведае, што трэба ў іх рабіць, але не кожны можа сказаць пра Дзядоў штосьці ўцямнае. Таму што гэта глыбіннае свята, нават падсвядомае — яго можна больш адчуць, чым апісаць словамі. А між тым, менавіта ў беларусаў захаваўся абрад Дзядоў у найбольш архаічнай форме. У гэтым сэнсе Беларусь, наогул, унікальная краіна. У нас і народныя песні, паданні і легенды таксама захаваліся больш, чым дзе-небудзь у свеце. А ўсё таму, што занадта шмат у гісторыі нашай краіны было часоў, калі культурная спадчына перадавалася выключна з вуснаў у вусны. Таму што беларуская мова была забаронена для пісьмовага ўжытку і наогул лічылася мужыцкай і ганебнай, а беларуская культура не прызнавалася. Таму так важна было нашым продкам захаваць тое, што яны мелі. Пры ўсіх мінусах, у нейкім сэнсе гэта і загартавала наш народ. Прынамсі, дапамагло захаваць, напрыклад, абрад Дзядоў. Бо тое, што забараняюць і не прызнаюць, насуперак усяму набывае звышсэнс, звышкаштоўнасць. Асабліва, калі гэта нешта роднае.

Калі я была зусім малая, часта бавіла час у бабулі ў вёсцы, што ў Віцебскай вобласці. Тады я мала што разумела ва ўшанаванні памяці памерлых або загінулых продкаў. Дзяды асацыяваліся ў мяне з паходам на дзедаву магілу, якую мы старанна прыбіралі і абкладалі дзірваном, з куццёй, сціплым сямейным застоллем. З часам Дзяды, як сімвал ушанавання памяці продкаў і наогул культурнай і гістарычнай спадчыны, сталі жыццёвай пазіцыяй. І пра гэта зусім не абавязкова крычаць. Калі кожны будзе шчыра шанаваць Дзядоў унутры сябе, з часам гэта можа даць нашмат больш важкі вынік.

Вольга Чайкоўская
Звязда, 2 лістапада 2012

 
Дата публикации:02.11.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2852
 
Ключевые слова:
Дзяды Праздники Беларуси Асяніны Традиции Обряды
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме