https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


З Рога свята многа


У нядзелю, у калядны шчодры вечар, песнямі, танцамі і прыгаворкамі будзе вітаць жыхароў Салігоршчыны унікальны абрад.

Вёска Рог знаходзіцца ў раёне Чырвонага возера — тэрыторыі, якую даследчыкі традыцыйнай культуры вызначаюць як адметную, столькі захавана тут старажытных і своеасаблівых з’яў каляндарна-песеннай культуры. Яна славіцца тым, што ў ёй дагэтуль захоўваецца самабытны старадаўні абрад шчадравання. Паўтараючыся з года ў год, ён нібыта вяртае яго ўдзельнікаў і гледачоў у ірэальную сітуацыю першастварэння ўсяго жывога на зямлі. А унікальнасць пацверджана тым, што ў 2009 годзе каляднаму абраду «Шчадрэц» з вёскі Рог у выкананні народнага фальклорнага калектыву «Палескія крыніцы» быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, ён унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Цікавасць да старадаўняй дзеі надзвычай вялікая, таму артысты кожны раз рыхтуюцца вельмі грунтоўна, а ўдзельнічаць і паглядзець збіраюцца шматлікія госці. Абрад набыў сапраўдную папулярнасць.

Адбываецца «Шчадрэц» з удзелам традыцыйных персанажаў-масак. Галоўны сімвал — гэта, канешне, зорка, якая ўвасабляе сонца, зімовае сонцастаянне, Віфлеемскую зорку. У шматкаляровым і гучным калядным шэсці прымаюць удзел Каза як сімвал ураджаю, Конь, Журавель, жанчыны-шчадрухі і іншыя. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў — гэта Дзед, які прыносіць багацце, і яго берасцяная маска, аналагаў якой больш на Беларусі няма. Тэхналогію стварэння захавалі ад прадзедаў, і зараз, як і даўней, маску вырабляюць з суцэльнага кавалка бяросты, выразаюць дзіркі для вачэй, носа і рота. Яна атрымліваецца ў выглядзе шапкі, берагі якой злучаюцца адмысловым спосабам «у зубчыкі», а зверху мацуюцца крыж-накрыж дзвюма палоскамі бяросты.

Па вёсцы калядны гурт ідзе гучна, з песнямі, музыкай і прыпеўкамі.

З усходу на захад — «па сонцу». Ён спыняецца каля хат, і шчадроўнікі пачынаюць спяваць абрадавую песню, якую спявалі іх продкі стагоддзі таму. У хатах адбываюцца адмысловыя дыялогі-гульні з прыгаворкамі і пачастункамі. Так калядоўшчыкі завітваюць да кожнага.

Абрад захапляе сваёй прыгажосцю, багаццем народнай музыкі, песень, танцаў, гульняў, дасціпным гумарам, шчырасцю пажаданняў.

Той, хто аднойчы яго ўбачыў на свае вочы, наўрад ці зможа потым уседзець дома шчодрым калядным вечарам, які, дарэчы, надыдзе ўжо заўтра.

Марына Барадаўка
Рэспубліка, 12 студзеня 2013

 
Дата публикации:12.01.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2484
 
Ключевые слова:
Новый год Шчадрэц Обряды Обычаи белорусов Традиции Салігоршчына
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме