https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


11 ліпеня ўступае ў сілу новы Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь»


Удасканаленне заканадаўства з улікам практыкі яго прымянення, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі і вырашэнне дзяржзадач у сферы міграцыйнай палітыкі.
Гэтымі задачамі матываваны навелы ў Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», якія ўступілі ў сілу з 11 ліпеня. Хто можа атрымаць грамадзянства Беларусі, за што можна яго пазбавіцца, колькі беларусаў выехалі за мяжу на пастаяннае месца жыхарства, а колькі — вярнуліся, расказаў Аляксей Бягун, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС.

Адмовішся — не станеш беларусам

Заканадаўства ў сферы міграцыі мяняецца дынамічна згодна з рэаліямі, аспектамі, якія звязаны з міграцыяй насельніцтва, а таксама пагрозамі, з якімі сутыкаецца дзяржава, абазначыў эксперт і расказаў пра найбольш важныя навелы закона.

Найперш гэта абавязковае прыняцце прысягі асобамі, якія набываюць грамадзянства Беларусі. Адмова чалавека ад прысягі становіцца дадатковай падставай для адмены рашэння па пытаннях грамадзянства.

Рэгламентавана вызначэнне парадку ацэнкі ўзроўню ведаў адной з дзяржаўных моў Беларусі пры прыёме грамадзянства нашай краіны.

— Раней у заканадаўстве была размытая фармулёўка, якая азначала, што ўзровень ведаў мовы грамадзянінам у межах нормы, неабходнай для стасункаў, вызначаў супрацоўнік МУС ці прадстаўнік консульскай установы падчас прыёму адпаведных дакументаў, — патлумачыў Аляксей Бягун. — Мова — адзін з асноўных аспектаў інтэграцыі асобы, таму цяпер, згодна з пастановамі МУС, МЗС і Мінадукацыі, асобы, якія прэтэндуюць на атрыманне беларускага грамадзянства, будуць праходзіць пісьмовыя тэсты. Гэта зроблена для таго, каб выключыць карупцыйны складнік, а асоба, якая хадайнічае аб грамадзянстве, магла паказаць сваю кваліфікацыю і ўзровень ведаў мовы, неабходны для стасункаў.

Хадайнічаюць аб набыцці беларускага грамадзянства, як правіла, грамадзяне былога СССР, якія ўжо гавораць на рускай мове, досыць паспяхова інтэграваны ў грамадства, не першы год пражываюць у Беларусі. Найперш гэта ўкраінцы (у тым ліку тыя, якія раней пражывалі ў Беларусі і цяпер вяртаюцца назад), на другім месцы — расіяне (у тым ліку тыя, хто падае хадайніцтва на падставе міжнароднага дагавора, які дае ім права на спрошчаны парадак атрымання грамадзянства па факце блізкага сваяцтва ці пастаяннага пражывання ў Беларусі), распавёў прадстаўнік МУС.

Атрымаў іншае грамадзянства? Паведамі!

Унесена і навацыя адносна абавязковага замацавання і паведамлення грамадзянамі Беларусі аб набыцці імі замежнага грамадзянства, віду на жыхарства ці любога іншага замежнага дакумента, які дае ім права на льготы ці іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю.

Закон аб грамадзянстве сведчыць, што за грамадзянінам Беларусі не прызнаецца грамадзянства іншай дзяржавы. Асобы, якія набылі від на жыхарства ў замежнай дзяржаве, для краіны застаюцца грамадзянамі Беларусі з усім комплексам правоў і абавязкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй. Гэтая інфармацыя збіраецца і будзе збірацца ў дачыненні да грамадзян РБ па некалькіх прычынах, адзначыў эксперт:

— Найперш пры вырашэнні пытання аб назначэнні на дзяржаўную службу ці пасаду, работа на якой звязана выключна з грамадзянствам Беларусі і не дапускае наяўнасці ў асобы якога-небудзь права на льготы і перавагі. Гэтыя звесткі выкарыстоўваюцца і для статыстыкі, каб ацэньваць мабільнасць нашых грамадзян, а таксама фармаваць адпаведную міграцыйную палітыку. Грамадзянін абавязаны цягам трох месяцаў добраахвотна паведаміць органам унутраных спраў ці органы дыпламатычнай службы, што ён мае такія дакументы. А калі пасля ён ад іх адмовіцца, то мае права накіраваць інфармацыю пра гэта і не будзе прыцягнуты да нейкай адміністрацыйнай адказнасці.

МУС і МЗС краіны будуць назіраць, наколькі беларусы будуць законапаслухмянымі і стануць паведамляць у адпаведныя службы пра тое, што яны маюць дакументы ад замежнай дзяржавы. Калі актыўнасць грамадзян будзе невысокая, то для стымулявання ўвядуць адпаведную адказнасць або вызначаць пэўныя кантрольныя мерапрыемствы.

Пазбаўленне грамадзянства за экстрэмізм

У змененым законе ўведзена новая падстава для пазбаўлення грамадзянства Беларусі ў сувязі з наяўнасцю законнага прыгавора суда.

— Каб страціць грамадзянства, па-першае, павінен быць прыгавор, які ўступіў у сілу, у дачыненні да асобы, якая абвінавачваецца ў экстрэмісцкай дзейнасці ці прычыненні цяжкай шкоды інтарэсам краіны як у Беларусі, так і за яе межамі. А па-другое, асоба павінна ўхіляцца ад выканання прысуду, які ёй вынесены, і пражываць за межамі Беларусі, — падкрэсліў Аляксей Бягун. — У такіх асоб заўжды ёсць выбар: вярнуцца ў нашу краіну і панесці вызначанае судом за злачынствы пакаранне, або, як і раней, знаходзіцца за межамі Беларусі з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць.

Павялічаны да года тэрмін разгляду матэрыялаў па пытаннях выхаду з грамадзянства РБ. З грамадзянства Беларусі выйшлі 165 грамадзян. Факт страты грамадзянства зарэгістраваны адносна 146 асоб.

Да года рэгламентаваны і тэрмін разгляду матэрыялаў па пытанні набыцця грамадзянства РБ. Калі ж грамадзянства РБ набываецца ў выніку міжнародных дагавораў, даецца тэрмін да трох месяцаў. У спрошчаным парадку набыць грамадзянства можна за два месяцы.

— Каб аблегчыць працэдуру натуралізацыі для іншаземных грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, унесены папраўкі. Дзейнічае норма, што асоба не можа адсутнічаць за межамі краіны цягам пяцігадовага тэрміну больш за 90 сутак. Цяпер гэтая норма не распаўсюджваецца на асоб, якія адсутнічаюць у Беларусі звыш 90 сутак, і гэта абумоўлена абставінамі, якія не залежаць ад асобы. Напрыклад, службовая камандзіроўка ці абмежаванні праз пандэмічную сітуацыю, — патлумачыў эксперт.

Інстытут па аднаўленні грамадзянства

Скарэктаваны таксама падставы ў дачыненні да асоб, якія набылі грамадзянства Беларусі па праве нараджэння.

Беларусы, якія нарадзіліся ці пастаянна пражывалі ў Беларусі на 11 лістапада 1991 года, а пасля набылі іншаземнае грамадзянства да 17 жніўня 2002 года, аўтаматычна страчвалі грамадзянства РБ і часам нават не ведалі пра гэта. І такім людзям па вяртанні ў Беларусь даводзілася праходзіць працэдуру натуралізацыі цалкам, з набыццём віду на жыхарства, выхадам з грамадзянства замежнай краіны і г. д. Цяпер такія асобы, калі вяртаюцца ў краіну, праходзяць спрошчаную працэдуру па аднаўленні беларускага грамадзянства. За год работы ў нашай краіне Інстытута аднаўлення грамадзянства больш як 100 такіх асоб ужо аднавілі грамадзянства Беларусі.

Аўтар: Ірына Сідарок
Звязда, 11 ліпеня 2023
 
Дата публикации:11.07.2023
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:174
 
Ключевые слова:
Гражданство Беларуси Миграция
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме