https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь для многіх краін свету служыць своеасаблівым эталонам у палітыцы сацыяльнай справядлівасці


Аб гэтым заявіла пастаянная прадстаўніца Беларусі пры Аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская.
Дыпламатка лічыць тое, што цяпер адбываецца ў міжнародных арганізацыях у адносінах да Беларусі, у прыватнасці ў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), часткай аднаго вялікага палітычнага працэсу — гібрыднай вайны супраць Беларусі, якая была ініцыявана краінамі Захаду па выніках падзей 2020 года. На думку Бельскай, група краін прадаўжае спробы дыскрэдытацыі Беларусі яшчэ з таго перыяду, проста за 2020-2021 гады з-за пандэміі і яе наступстваў міжнародныя мерапрыемствы не праводзіліся ў вочным фармаце, і толькі ў 2022 годзе адбылося некаторае ажыўленне ў іх рабоце, што дало магчымасць краінам Захаду каардынаваць сваю дзейнасць больш актыўна.

«І мы атрымалі гэту сітуацыю ў МАП (прыняцце ў чэрвені 2023 года рэзалюцыі адносна Беларусі.)», — сказала Ларыса Бельская.

Паводле яе слоў, гэту рэзалюцыю няправільна трактуюць як увядзенне нейкіх санкцый з боку МАП супраць Беларусі, паколькі МАП наогул не мае права ўводзіць санкцыі. Рэзалюцыя МАП фактычна санкцыянавала прымяненне ў адносінах да нашай краіны артыкула 33 Статута МАП, у якім гаворыцца, што канферэнцыя, г.зн. усе дзяржавы, якія сабраліся на канферэнцыю МАП, могуць рэкамендаваць самі сабе і іншым перагледзець адносіны з Беларуссю, каб прымусіць выканаць нейкія рэкамендацыі камісіі па расследаванні сітуацый з прафсаюзамі. Дарэчы, гэта камісія была заснавана яшчэ ў 2004 годзе, потым МАП не раз канстатавала прагрэс у выкананні рэкамендацый гэтай камісіі, прадстаўнікі МАП неаднаразова прыязджалі ў Беларусь. Але пасля 2020 года аб якім-небудзь прагрэсе вырашылі забыць, паклалі на паліцу ўсе дасягнутыя дамоўленасці і запусцілі іншы сцэнарый падзей.

«Прычым, як прызнаюць самі эксперты МАП, сцэнарый быў запушчаны з падачы групы заходніх дзяржаў, значыць гэта зрабілі не наглядныя органы МАП, як гэта звычайна адбываецца», — заўважыла Ларыса Бельская.

Яна звярнула ўвагу: МАП не ўвяла санкцыі супраць Беларусі, а рэкамендавала дзяржавам перагледзець адносіны з нашай краінай, каб прымусіць нешта выканаць. «Ініцыятары (рэзалюцыі.) чакаюць, што многія дзяржавы далучацца да заходніх санкцый у адносінах да Беларусі», — сказала дыпламатка.

Паводле яе слоў, у адным з праектаў рэзалюцыі, які не стаў публічным, але хадзіў па сакратарыяце МАП і трапіў у распараджэнне беларускага боку ў лютым 2023 года, была вельмі шырокая фармулёўка: перагледзець адносіны з Беларуссю ў эканамічнай, культурнай, спартыўнай, гуманітарнай сферах. На сустрэчы са старшынёй адміністрацыйнага савета МАП Ларыса Бельская пацікавілася, што ўсё гэта значыць, пасля чаго, паводле яе слоў, гэта адыёзная фармулёўка была выключана.

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН у Жэневе пераканана, што ініцыятарам рэзалюцыі МАП не трэба мець ілюзій наконт свайго поспеху. Дакумент падтрымалі ўрады 66 краін, з якіх 46 — гэта заходнія краіны і 20 краін — заходнія сатэліты, якія ў выніку тых ці іншых прычын прытрымліваюцца даведзеных установак. Пры гэтым супраць прагаласавалі 15 краін, амаль 40 устрымаліся і яшчэ некалькі дзясяткаў проста не прыйшлі на галасаванне.

«Гэты вынік адзначаюць нават эксперты МАП. Таму што такой высокай непадтрымкі рашэння канферэнцыі за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў у гісторыі МАП яны не ўзгадваюць, — расказала Ларыса Бельская. — У нас ёсць сур’ёзная надзея, што тыя дзяржавы, якія не падтрымалі рэзалюцыю, не будуць прытрымлівацца той палітыкі, што спрабуюць навязаць праз механізмы МАП заходнія краіны».

У ліку наступстваў прыняцця рэзалюцыі МАП — спыненне тэхнічнага супрацоўніцтва з Беларуссю, адсутнасць дапамогі па лініі МАП. Але з 2020 года такая дапамога і так не аказвалася, значных праектаў не было. «Таму яны спыняць тое, што ўжо фактычна спынілі», — адзначыла дыпламатка.

На яе думку, гэта рэзалюцыя ставіць сакратарыят МАП ва ўмовы, калі ён можа дыстанцыявацца ад работы трохбаковага савета па пытаннях удасканалення заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сферы, які быў створаны ў Беларусі пры садзейнічанні МАП.

«На мой погляд, гэта сведчыць аб ангажаванасці самога сакратарыята, які вымушаны прытрымлівацца ўстановак заходніх краін, донараў і не працаваць з краінай і яе буйнейшай прафсаюзнай арганізацыяй», — сказала пастаянная прадстаўніца.

Акрамя таго, рэзалюцыя прадугледжвае, што МАП не будзе запрашаць афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі на міжнародныя сустрэчы, мерапрыемствы, сімпозіумы. Але ва ўмовах існуючых заходніх санкцый ажыццяўляць гэта і так было складана.

«Калі гаварыць аб тым, як мы будзем адстойваць правы беларускіх працоўных і абарону добрага імя Беларусі на міжнароднай арэне, то задача і перад МЗС, і перад загранустановамі, і перад Мінпрацы і сацабароны, нашымі прафсаюзамі, наймальнікамі вельмі простая — даносіць праўду аб становішчы працоўных у Беларусі. У нас ёсць пляцоўкі, дзе мы гэта прадаўжаем рабіць», — падкрэсліла Ларыса Бельская.

«У Беларусі ёсць прагрэсіўны і недасягальны не толькі для краін, якія сталі на шлях развіцця, але і для развітых краін вопыт па гарантыі занятасці, дапамогі слабаабароненым людзям, якія страцілі работу, маюць патрэбу ў бясплатным перанавучанні, па дапамозе жанчынам, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці-інваліда да 3 гадоў, — дадала яна. — Нас падтрымала большасць краін на канферэнцыі МАП, не прагаласаваўшы за рэзалюцыю. Беларусь для многіх краін свету служыць своеасаблівым эталонам у палітыцы сацыяльнай справядлівасці. Гэта праўда. Мы будзем выкарыстоўваць любую магчымасць даносіць праўду пра Беларусь, будзем раскрываць тую хлусню, якой нас заліваюць».

Звязда, 5 ліпеня 2023
 
Дата публикации:05.07.2023
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:184
 
Ключевые слова:
Соцзащита Фейки Профсоюзы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме