Праект устанаўлівае забарону на выкарыстанне гэтак званых пасрэдніцкіх схем пры закупках тавараў (работ, паслуг) за кошт уласных сродкаў дзяржарганізацый, а таксама акцыянерных таварыстваў з доляй дзяржавы больш як 50%. Такія закупкі павінны ажыццяўляцца толькі ў вытворцаў тавараў або ў іх афіцыйных прадстаўнікоў.
"Меры, вядома, жорсткія. Аднак пры азнаямленні з гэтым праектам узнікаюць некаторыя пытанні. Прыняцце гэтага дакумента не павінна паралізаваць эканоміку, але ён павінен быць дастатковым і ўсёабдымным", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Зазначыўшы, што пад дзеянне гэтага дакумента трапляе толькі частка акцыянерных таварыстваў, Лукашэнка пацікавіўся: "А што ж астатнія?" Ён звярнуў увагу на тое, што праект указа складаецца "з адсылачных норм". "Мы ж дамовіліся, што ўказ павінен быць адназначным, каб па ім можна было працаваць. Чаму гэта не зроблена?" — абурыўся Лукашэнка. Ён запатрабаваў ад урада "ясна вызначыцца па рэгуляванні пасрэдніцкай дзейнасці".
На думку Лукашэнкі, "дзяржава і эканоміка нясуць страты з-за таго, што ўтварыўся цэлы паразітычны слой тых, хто тлусцее на спекуляцыях". Ёсць выпадкі, зазначыў ён, калі праз пасрэднікаў закупляюць і беларускія тавары. "Гэта праблема стала крымінальнай найперш таму, што пасрэднікі — гэта ў асноўным сваякі, дзеці, прыбліжаныя, сябры асобных кіраўнікоў, якія закупляюць такі тавар, ці то беларускі, ці то імпартны", — мяркуе кіраўнік дзяржавы. І такіх выпадкаў шмат, падкрэсліў ён.
"Кажуць, што гэта натуральна для рыначнай эканомікі. Можа, і натуральна, але я не хачу, каб мы палову адпаведных людзей перасаджалі ў турму", — сказаў Лукашэнка.
Варта зазначыць, што дзяржава і раней рабіла спробы разабрацца з пасрэднікамі. 28 ліпеня 2009 года была прынятая пастанова ўрада № 991 "Аб некаторых пытаннях набыцця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь", якая выключала пасрэдніцкія структуры з працэсу рэалізацыі айчынных і імпартных тавараў. Дакумент выклікаў рэзкую крытыку з боку бізнес-супольнасці і праз некалькі дзён, 4 жніўня, быў адменены.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 12 студзеня 2012