Стагоддзе таму назад вяселлі на Беларусі спраўлялі з такой колькасцю абрадаў і традыцый, што дзіву даешся, колькі ж мы за гэты час ужо страцілі! І маладых саджалі на дзяжу, каб у сям’і былі дзеці. І вясельны каравай — сімвал роду і плоднасці — чалавек атрымліваў толькі раз у жыцці, калі ўпершыню ішоў пад вянец. І куфар з вясельным пасагам — гэта сімвал працавітасці і таленавітасці нявесты.
А ўбачыць і сапраўдны куфар, і ўборы жаніха і нявесты, іншыя аўтэнтычныя рэчы, шлюбныя фотаздымкі мінулых гадоў прапануе цікавая выстава «Вяселле: традыцыі і сучаснасць» у магілёўскім Музеі этнаграфіі.
Гэта праект абласнога краязнаўчага музея імя Раманава і рэспубліканскага студэнцкага этнаграфічнага таварыства. «Такі ланцужок абрадаў даваў права маладым на сумеснае жыццё», — распавядае навуковы супрацоўнік музея Жана Клімуць.
Выстава праілюстравана і здымкамі аднаго з сучасных вяселляў у традыцыйным беларускім стылі, што ладзілі ўдзельнікі студэнцкага этнаграфічнага таварыства.
18 лістапада 2011
Ларыса Зінькевіч, Магілёўская праўда