Як паведамлялася раней, у прэзідэнцкай адміністрацыі Тур зойме месца Андрэя Кабякова, які 8 лістапада быў прызначаны ўказам кіраўніка дзяржавы на пасаду пасла Беларусі ў Расіі, пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Еўразійскай эканамічнай супольнасці па сумяшчальніцтве. Пасаду намесніка міністра эканомікі Тур займаў на працягу 15 гадоў.
Звяртаючыся сёння да новага намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыі, Лукашэнка падкрэсліў: "Адміністрацыя прэзідэнта — гэта палітычны орган, і эканоміка тут павінна праламляцца праз палітыку, гэта вельмі важна. Вы, шчыра кажучы, гэта можаце зрабіць. Тое, што вы можаце весці палеміку, тое, што вы чалавек адукаваны, разумны, і тое, што вы валодаеце велізарным тэарэтычным матэрыялам, — гэта вельмі важна, таму што ў нас шмат эканамічных практыкаў у Адміністрацыі прэзідэнта, і гэта часам апускае іх на ўзровень дзейнасці прадпрыемстваў. Гэта таксама добра і трэба, пэўна, але ўсё ж яшчэ раз падкрэсліваю, што эканамічны блок Адміністрацыі — гэта блок асаблівы, гэта блок палітыкі, калі хочаце, тэорыі, гэта стратэгія, гэта погляд у будучыню. Хачу падкрэсліць, што для нас вельмі важна, каб у эканамічным блоку Адміністрацыі прэзідэнта адбыліся сур`ёзныя перастаноўкі".
Лукашэнка заклікаў Тура перайсці "ад дробязнай апекі, ад пошуку кручкоў, косак у дакументах", якія накіроўваюцца ўрадам у адміністрацыю, "да выканання кантрольных функцый і арыентацыі прэзідэнта на істотныя фактары".
Варта адзначыць, што напярэдадні, 10 лістапада, кіраўнік дзяржавы рэзка раскрытыкаваў працу ўрада на чале з Міхаілам Мясніковічам, бо, паводле яго меркавання, урад залішне захапіўся рынкавымі рэформамі. Лукашэнка запатрабаваў ад Савета міністраў прытрымлівацца палітыкі, выпрацаванай Усебеларускім народным сходам і прэзідэнтам. "Вы сфарміраваны прэзідэнтам пад пэўную задачу", — нагадаў ён.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 11 лістапада 2011