https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аб`яўлены пераможцы міжнароднага кінафестывалю "Лістапад"


Гран-пры XVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" атрымала расійская карціна "Паляўнічы" Бакура Бакурадзэ. Пра гэта было аб`яўлена на цырымоніі закрыцця кінафестывалю вечарам 12 лістапада ў сталічным Палацы Рэспублікі.
"Серабро "Лістапада" ў намінацыі "Фільм як з`ява мастацтва" атрымаў рэжысёр Мілча Манчэўскі і яго фільм "Маці" (Македонія). Фільм "Дзённікі з Пола" Крыса Крауса (Эстонія, Германія) ўдастоены прыза сімпатый гледачоў "Бронза "Лістапада" за найлепшы гульнявы фільм, а таксама спецыяльнага прыза старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі.

У межах асноўнага конкурсу гульнявага кіно "Найлепшай аператарскай работай імя Ю.Марухіна" была прызнана работа Івана Гудкова ў фільме "І не было лепшага брата" Мурада Ібрагімбекава (Азербайджан, Балгарыя, Расія). Прыз "За найлепшую рэжысуру" прысудзілі фільму "Белае-белае святло" Алега Наўковіча (Сербія). Спецпрыз журы дастаўся карціне "Чорны чацвер" Антоні Краўзэ (Польшча).

Найлепшым фільмам конкурсу гульнявага кіно "Маладосць на маршы" імя Віктара Турава" прызнана мексіканская карціна "На поўнач дарогі няма" Рыгаберта Пераскана.

Польская кінакарціна "Урок аргецінскага" рэжысёра Войчаха Староня прызнана найлепшым дакументальным фільмам фестывалю. Дакументальная кінастужка "Стойбішча" Аліжана Насірава (Кыргызстан) заваявала прыз "За найлепшы фільм конкурсу маладога дакументальнага кіно". Спецпрыз журы дакументальнага конкурсу прысуджаны фільму "Шахта № 8" Мар`яны Каат (Эстонія, Украіна).

Прыз за "Найлепшую мужчынскую ролю другога плана" дастаўся акцёрскаму ансамблю фільма "Шапіто шоу" Сяргея Лобача (Расія), узнагарода за "найлепшую жаночую ролю другога плана" — акцёрскаму дуэту Хане Селімовіч і Ясне Джурычыч у фільме "Белае-белае святло".

Кахі Каўсадзэ атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю ў фільме "А ці ёсць там тэатр" Нана Джанеліджзэ (Грузія). Мартэ Ханзайка стала ўладальніцай узнагароды "Найлепшая жаночая роля" за ігру ў фільме "Чорны чацвер" Антоні Краўзэ (Польшча).

Прыз прэзідэнта Беларусі "За гуманізм і духоўнасць у кіно" атрымала дакументальная карціна беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч "Інакіня". Уручаючы гэты прыз, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька адзначыў, што ў прафесію рэжысёра "ніхто не ідзе, каб зарабляць грошы". "Усе ідуць, каб трохі змяніць свет ці хоць бы падтрымаць яго маральны ўзровень", — сказаў ён.

Нагадаем, у межах тыдня паказаў кінафоруму таксама прайшлі розныя праекты: канцэртная праграма "Дванаццаць месяцаў танга" Веніяміна і Алікі Смехавых, вялікі спектакль-перформанс "Планета Лем" рэжысёра Паўла Шкотака паводле твораў польскага пісьменніка-фантаста Станіслава Лема, унікальны кінаканцэрт "Феерыя Жоржа Мельеса".

Напярэдадні адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця XIII конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лiстападзік", які праходзіў 4—11 лістапада ў межах асноўнага фестывалю. Па рашэнні журы чэшская карціна "Нявеста чорта" Здэнека Трошкі стала фаварытам у намінацыі "Найлепшы фільм для дзяцей", а спецпрыз "За развіццё традыцый кінаказкі з выкарыстаннем сучасных тэхналогій" дастаўся беларускай стужцы "Рыжык у Зазяркаллі" Алены Туравай.

Кінакарціна "Паляванне за скарбамі Ганібала" Петэра Ціма (Германія) заваявала прыз сімпатый гледачоў "Залаты "Лістападзік". Уручаны былі таксама іншыя ўзнагароды.

Тым жа вечарам некаторыя карціны ўдастоены спецыяльных прызаў ад спонсараў, партнёраў і сяброў фестывалю. Так, армянскі рэжысёр Аруцюн Шацян за фільм "Загружаючы маё жыццё" атрымаў прыз "Мова кіно — мова паразумення" тэлекампаніі "Мір". Прыз ТРА "Саюз" быў уручаны акцёрскаму складу фільма "Паляўнічы" (Расія).

Рэжысёр дакументальнага фільма "Інакіня" Галіна Адамовіч (Беларусь) удастоена ўзнагароды Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Прыз Выканкама СНД атрымаў рэжысёр Мурад Ібрагімбекаў з фільмам "І не было лепшага брата" (Азербайджан, Балгарыя, Расія).

Валянціна Гуркаленка з фільмам "Спас-камень" (Расія) і Алена Турава з кінастужкай "Рыжык у Зазяркаллі" (Беларусь) атрымалі спецпрыз Парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расіі "За адданасць маральным ідэалам у кінамастацтве".

На цяперашні "Лiстапад", які прайшоў 5—12 лістапада, было прадстаўлена каля 70 карцін, разбітых секцыямі гульнявага, дакументальнага і дзіцячага кіно. Кінапаказы адбыліся ў кінатэатрах "Цэнтральны", "Перамога", "Дом кіно", "Піянер", а таксама ў малой зале Палаца Рэспублікі і відэакомплексе "Цэнтр-відэа".

Свае работы на "Лiстападзе-2011" прадставілі кінематаграфісты больш чым з 30 краін свету.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 12 лістапада 2011
 
Дата публикации:13.11.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4211
 
Ключевые слова:
Фэст культуры "Лістапад-2011" Кинематография
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме