"Мяне апошнім часам усё больш і больш насцярожвае праца нашага ўрада, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Я не хачу даваць ніякіх ацэнак, скажу толькі адно, што вы значна саступаеце ранейшаму ўраду".
"Цяганіна нейкая лішняя, узгадненні, боязь прыняцця рашэнняў — гэта яшчэ паўбяды. Але апошнія прапановы (не ведаю, хто з`яўляецца іх ідэолагам) ідуць уразрэз з тымі рашэннямі, якія вызначыў Усебеларускі народны сход. А гэта ўжо недапушчальна", — канкрэтызаваў Лукашэнка свае прэтэнзіі.
"Трэба пачынаць працаваць не ў кабінетах, а непасрэдна на зямлі, прадпрыемствах — з рабочымі і сялянамі, тады вы зразумееце, што такое рынак, як жыве сёння селянін, рабочы, дый ужо большая частка інтэлігенцыі. Хутка мы будзем сапраўды хадзіць у магазіны, як у музеі. Мы вось не будзем, але большая частка насельніцтва будзе туды прыходзіць, каб паглядзець на рыначную эканоміку Мясніковіча — Румаса", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Калі ва ўрадзе ёсць жаданне ўсё і ўся перавесці на рынак, аддаць у прыватныя рукі, то "нам такая палітыка непрымальная", падкрэсліў ён.
"Калі вы не згодныя з тым, што я кажу, давайце ўсіх вас перавядзем на жыццёвыя ўстоі, тыя рэйкі, па якіх рухаецца сёння небагатая частка насельніцтва — а ў нас гэта большасць насельніцтва. Паспрабуйце вы пажыць у гэтых умовах. Вось тады вы, відаць, зразумееце, што такое чысты рынак і як мы ў гэтай сітуацыі павінны дзейнічаць. У мяне ўсё больш і больш з`яўляецца ў галаве такая шалёная думка", — дадаў Лукашэнка.
Ён звярнуўся з папрокам да прэм`ер-міністра Міхаіла Мясніковіча: "Вы вось чалавек спрактыкаваны. Добра, пара маладых, жвавых хлопцаў у вас ва ўрадзе… Але ж вы цудоўна разумееце, што асабліва ў нашай сітуацыі вельмі часта нам даводзілася раней і давядзецца ў будучыні ўручную рэгуляваць нейкія працэсы".
Паводле слоў Лукашэнкі, яму многія паведамлялі пра апошняе пасяджэнне ўрада. "Мяне ўжо пяты чалавек праінфармаваў, як вы яго правялі. Я думаю, мы зараз прааналізуем у адміністрацыі ўсю вашу працу, публічную, не публічную, і потым дадзім вам ацэнку", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка запатрабаваў прытрымлівацца палітыкі, выпрацаванай Усебеларускім народным сходам і прэзідэнтам. "Вы сфарміраваны прэзідэнтам пад канкрэтную задачу", — заявіў ён ураду.
Нагадаем, 8 лістапада Савет міністраў абмяркоўваў макраэканамічны прагноз на 2012 год. Памочнік прэзідэнта Сяргей Ткачоў паспрабаваў крытыкаваць урад за высокую інфляцыю, якая, нягледзячы на прынятыя меры, не зніжаецца. Пасля гэтага намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка растлумачыў, што інфляцыя носіць інерцыйны характар і звязана з эмісійнай палітыкай, якая праводзілася раней.
У выпадку працягу такой палітыкі, падкрэсліў ён, далейшая дэвальвацыя нацыянальнай валюты і рост цэн прадоўжацца, абменны курс можа дасягнуць 22.000 беларускіх рублёў за долар. Мінэканомікі прапанавала скараціць у разы эмісійнае фінансаванне дзяржпраграм.
Намесніка міністра эканомікі падтрымаў Міхаіл Мясніковіч. "Вы павінны добра разумець, што ў нас сышліся чатыры праблемы, — заявіў прэм`ер, звяртаючыся да памочніка прэзідэнта. — Гэта дэфіцыт бюджэту, дэфіцыт плацежнага балансу, нерэальны абменны курс і адсутнасць рэальных крыніцаў фінансавання жылля і іншых дзяржпраграм".
"На 2011 год у планах у якасці крыніцаў фінансавання будаўніцтва 7,5 млн. квадратных метраў жылля, малочна-таварных ферм, свінагадоўчых комплексаў і цэлага шэрагу іншых праграм закладзена было… нуль рублёў. Нуль", — падкрэсліў Мясніковіч. У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, былі задзейнічаны эмісійныя рэсурсы для фінансавання запланаваных дзяржпраграм. Гэта і спарадзіла тыя праблемы, якія эканоміка мае сёння, растлумачыў прэм`ер-міністр.
БелаПАН
Мінск, 10 лістапада 2011