https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Адміністрацыйным арыштам пакараны ўжо трэці ўдзельнік акцый салідарнасці з палітзняволенымі


Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Максім Вінярскі, затрыманы вечарам 24 кастрычніка на плошчы Незалежнасці ў Мінску пры спробе правесці акцыю салідарнасці з палітзняволенымі, асуджаны на 10 сутак арышту.
Як паведаміла праваабаронца Анастасія Лойка, працэс над Вінярскім у судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся са спазненнем, паколькі яго адвакат папрасіў час для азнаямлення з матэрыяламі адміністрацыйнай справы. З памяшкання, дзе праходзіў суд, былі выдалены ўсе прысутныя, і толькі пасля настойлівых патрабаванняў праваабаронцаў і сяброў затрыманага ім дазволілі вярнуцца.

Суддзя Валерый Есьман прызнаў Вінярскага вінаватым у парушэнні артыкула 23.34. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пікетаванні), пакараўшы яго дзесяццю суткамі арышту.

Як паведамляў БелаПАН, Максім Вінярскі і яшчэ адзін удзельнік акцыі, Васіль Парфянкоў, асуджаны па справе 19 снежня і памілаваны прэзідэнтам, былі затрыманы ў панядзелак вечарам. Іх даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна Мінска, адкуль Парфянкова выпусцілі праз тры гадзіны без складання пратакола.

У першай палове дня 24 кастрычніка Генеральная пракуратура вынесла Вінярскаму афіцыйнае папярэджанне "аб недапушчальнасці працягу супрацьпраўных дзеянняў, спалучаных з распаўсюджваннем заклікаў да ўдзелу і арганізацыяй несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў". Паводле інфармацыі Генпракуратуры, Вінярскі меў непасрэднае дачыненне да распаўсюджвання ў інтэрнэце матэрыялаў з заклікамі да правядзення 24 кастрычніка несанкцыянаваных акцый пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску і цэнтральных плошчах у іншых гарадах краіны.

У той жа дзень ГУУС Мінгарвыканкама размясціла на сваім сайце відэазварот намесніка начальніка ГУУС — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Ігара Яўсеева. "Тыя, хто заклікае да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях, і іх удзельнікі будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, а ў выключных выпадках, дзе ёсць дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, — крымінальнай адказнасці", — папярэдзіў Яўсееў.

Першая спроба правесці акцыю салідарнасці з палітзняволенымі была зроблена вечарам 21 кастрычніка. Каля дзесяці чалавек прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу Мінска, але практычна адразу ж былі разагнаны супрацоўнікамі міліцыі. Два ўдзельнікі акцыі — Аляксандр Валанцэвіч і Сяргей Чаравяк — асуджаны на сем і пяць сутак адміністрацыйнага арышту адпаведна па абвінавачанні ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

Як заявіў прэс-сакратар кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Аляксандр Атрошчанкаў, акцыі салідарнасці будуць доўжыцца да вызвалення палітзняволеных. Пакуль, паводле яго слоў, прынята рашэнне штодзённа выходзіць на цэнтральныя плошчы беларускіх гарадоў з патрабаваннямі вызваліць палітзняволеных. У далейшым фармат акцый можа быць зменены.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 25 кастрычніка 2011
 
Дата публикации:25.10.2011
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2928
 
Ключевые слова:
Несанкционированные митинги Массовые мероприятия Беспорядки в Минске
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме