https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лукашэнка: Ад каталіцкай царквы і асабіста Бенедыкта XVI мы чакаем большага ў абароне нашых інтарэсаў на Захадзе


"Ад каталіцкай царквы і асабіста ад папы рымскага Бенедыкта XVI мы чакаем большага ў абароне нашых інтарэсаў, асабліва на Захадзе", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада ў Мінску на сустрэчы са старшынёй Папскага савета па садзеянні хрысціянскаму адзінству Куртам Кохам. На сустрэчы таксама прысутнічаў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
"Мы не прымаем тую палітыку, якая зараз праводзіцца еўрапейцамі ў дачыненні да Беларусі. Гэта ненармальна, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Таму мы чакаем больш актыўнай пазіцыі ў гэтым кірунку каталіцкай царквы".

"У гэтым бязмежным, несправядлівым свеце самым справядлівым, напэўна, сусветным органам з`яўляецца царква. Хацелася б, каб царква сказала сваё слова ў абарону справядлівасці", — дадаў ён.

Лукашэнка выказаў удзячнасць Рымска-каталіцкай царкве за тую падтрымку, якую яна аказвае Беларусі, у тым ліку на міжнароднай арэне. Прэзідэнт зазначыў, што дагэтуль памятае ўсе моманты сустрэчы з папам рымскім Бенедыктам XVI, якая "зрабіла на яго моцнае ўражанне". Беларускі кіраўнік папрасіў перадаць пантыфіку пажаданні здароўя, доўгіх гадоў жыцця і актыўнасці.

Прэзідэнт мяркуе, што "Беларусь з`яўляецца тым месцам, якое можа быць узорам узаемаадносінаў розных рэлігій. У нас няма ніякіх праблем ні на рэлігійнай глебе, ні на нацыянальнай. Тут мірнае і спакойнае жыццё". "Я нават не памятаю выпадку, не тое што былі б нейкія сутычкі на рэлігійнай глебе, але нават спрэчкі па нейкіх пытаннях. Мы заўсёды з гонарам вырашалі ўзніклыя пытанні", — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

Мірнае суіснаванне дзвюх канфесій Лукашэнка бачыць галоўнай заслугай мітрапаліта Філарэта і кіраўнікоў каталіцкай царквы. "Я гэта вельмі цаню, — падкрэсліў прэзідэнт. — Рады, што ў апошнія гады паміж канфесіямі ўсталяваліся вельмі дружалюбныя, можна сказаць, братэрскія адносіны".

Кажучы пра міжнародную канферэнцыю, якая праходзіць гэтымі днямі ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што не прыпомніць, каб на такім узроўні праваслаўная і каталіцкая цэрквы ўзнімалі праблемы хрысціянскіх каштоўнасцяў. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі "з першых дзён яе незалежнасці ў аснову маральных каштоўнасцяў былі пакладзеныя хрысціянскія". Лукашэнка нагадаў, што даўно існуе пагадненне, падпісанае ўрадам і Беларускай праваслаўнай царквой. Такі ж дагавор распрацоўваецца і са Святым прастолам. Паводле слоў прэзідэнта, дакумент гатовы, яго можна разглядаць, а ў перспектыве і падпісваць.

У сваю чаргу кардынал Курт Кох адзначыў важнасць таго, што абедзве царквы ў Беларусі мірна суіснуюць. "Я хацеў бы выказаць удзячнасць за тую атмасферу, якая пануе ў вас паміж канфесіямі. Гэта вельмі прыкметна, — сказаў ён. — Гэта мой першы візіт у Беларусь, і для мяне было вялікай радасцю бачыць поўныя цэрквы, што сведчыць пра тое, што не толькі рэлігія жывая, але жывая вера ў народзе". Кардынал выказаў асаблівую ўдзячнасць беларускаму кіраўніцтву за дыялог, устаноўлены паміж дзяржавай і канфесіямі. "Я абавязкова данясу ўсё, што ўбачыў, да Ватыкана", — сказаў ён.

Мітрапаліт Філарэт заявіў, што лічыць міжнародную канферэнцыю "Праваслаўна-каталіцкі дыялог: хрысціянскія этычныя каштоўнасці як унёсак у сацыяльнае жыццё Еўропы", якая праходзіць у Мінску, падзеяй у рэлігійным агульнакультурным жыцці не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе. "Мы бачым сваю задачу ва ўмацаванні кантактаў царквы і грамадства і ў падтрымцы дыялогу паміж прадстаўнікамі розных рэлігійных традыцый", — сказаў ён.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 14 лістапада 2011
 
Дата публикации:14.11.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3601
 
Ключевые слова:
Церковь Христианство Православие-католицизм Беларусь-Еврозоюз Межконфессионное согласие
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме