https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Мінскія ўлады вызначылі месцы ў сталіцы, дзе можна і нельга праводзіць акцыі


Мінгарвыканкам вызначыў месцы ў сталіцы, дзе можна і нельга праводзіць масавыя мерапрыемствы. Адпаведнае рашэнне № 1554 ад 2 чэрвеня 2011 года апублікавана 16 чэрвеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У якасці пастаянных для правядзення масавых мерапрыемстваў (за выключэннем вулічных шэсцяў і дэманстрацый) вызначаныя: цэнтральная сцэнічная пляцоўка парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор; летні тэатр парку Культуры і адпачынку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка; а таксама пляцоўка каля фантана ў Кіеўскім скверы.

Правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца на Кастрычніцкай плошчы; плошчы Незалежнасці і плошчы Перамогі; праспекце Пераможцаў; праспекце Незалежнасці (на ўчастку ад плошчы Незалежнасці да плошчы Калініна); на тэрыторыі, сумежнай з будынкам дзяржаўнай установы "Нацыянальная бібліятэка Беларусі", абмежаванай праспектам Незалежнасці, вуліцамі Філімонава, Францыска Скарыны, праездам паміж вуліцай Францыска Скарыны і праспектам Незалежнасці; у парку Перамогі, а таксама менш чым за 50 метраў ад названых вышэй месцаў. Гэтая забарона, адзначаецца ў рашэнні сталічных уладаў, не тычыцца мерапрыемстваў, названых у частцы 3 артыкула 3 закона ад 30 снежня 1997 года "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь".

Таксама ў дакуменце, прынятым Мінгарвыканкамам, гаворыцца, што "пры правядзенні масавага мерапрыемства павінны забяспечвацца бяспека грамадзян, захаванасць будынкаў, збудаванняў, транспартных сродкаў і іншай маёмасці, функцыянаванне арганізацый, бесперабойны рух транспарту і пешаходаў, а таксама выкананне іншых патрабаванняў у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі".

Рашэнне Мінгарвыканкама № 1554 набывае моц пасля яго афіцыйнага апублікавання ў газеце "Минский курьер".

Нагадаем, згодна з артыкулам 9 закона аб масавых мерапрыемствах, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы маюць права вызначаць пастаянныя месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама месцы, дзе іх правядзенне не дапускаецца. Так, згодна з законам, "правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца: у месцах, выкарыстанне якіх для гэтых мэтаў забаронена рашэннямі адпаведных мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў; на аб`ектах метрапалітэна, чыгуначнага, воднага і паветранага транспарту; на адлегласці менш чым 200 метраў ад будынкаў рэзідэнцыі прэзідэнта Беларусі, Нацыянальнага сходу, Савета міністраў, тэлерадыёцэнтра, падземных пешаходных пераходаў, станцый метрапалітэна; на адлегласці менш чым 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, агульнаадукацыйныя ўстановы)".

За апошні тыдзень у розных гарадах Беларусі прайшлі масавыя хваляванні ў сувязі з ростам цэн і эканамічнымі рашэннямі ўрада.

Так, 7 чэрвеня ў Мінску прайшла масавая акцыя аўтамабілістаў, якія пратэставалі супраць чарговага павышэння цэн на паліва. Сотні аўтамабілістаў на дзве гадзіны паралізавалі рух на праспекце Незалежнасці. Чатыры чалавекі былі затрыманыя і пакараныя штрафамі.

Вечарам 12 чэрвеня інцыдэнт адбыўся на пагранпераходзе "Брузгі" (Гродзенская вобласць). Каля 200 чалавек перакрылі дарогу, абураючыся тым, што мытнікі не выпускалі на тэрыторыю Польшчы вадзіцеляў, якія выязджалі туды другі дзень запар. Мытнікі матывавалі свае дзеянні рашэннем урада аб абмежаванні і забароне вывазу за мяжу аўтамабільнага паліва і шэрагу спажывецкіх тавараў. Інцыдэнт у "Брузгах" доўжыўся тры гадзіны, разагнаў стыхійную акцыю спецназ. 22 чалавекі былі затрыманыя і аштрафаваныя.

Вечарам 13 чэрвеня аналагічная акцыя пратэсту прайшла на пагранпераходзе "Варшаўскі мост" (пад Брэстам).

15 чэрвеня ў Беларусі прайшла акцыя маўклівай салідарнасці "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі", удзельнікамі якой сталі тысячы людзей. Самая шматлікая акцыя прайшла ў цэнтры Мінска. Па ацэнках назіральнікаў, у ёй узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек, аднак ГУУС Мінгарвыканкама паведамляе пра 500 удзельнікаў.

Гэта ўжо другая акцыя, ініцыяваная групай актывістаў сацыяльных сетак "ВКонтакте" і Facebook. Першая прайшла 8 чэрвеня. Акцыя 15 чэрвеня была значна больш шматлікай, нягледзячы на папярэджанні Генпракуратуры і МУС.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 16 чэрвеня 2011
 
Дата публикации:16.06.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3841
 
Ключевые слова:
Беспорядки в Минске Флешмоб Интернет Акции протеста Кризис в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме