https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Генпракуратура заклікала грамадзян "устрымацца ад удзелу ў незаконных акцыях"


Генеральная пракуратура Беларусі папярэджвае грамадзян краіны пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным 14 чэрвеня на афіцыйным сайце Генпракуратуры.
У паведамленні зазначаецца, што "на розных сайтах у сетцы інтэрнэт распаўсюджана інфармацыя, якая ўтрымлівае заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах".

"Генеральная пракуратура неаднаразова звяртала ўвагу грамадзян на неабходнасць няўхільнага выканання норм нацыянальнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, характэрных для любой прававой дзяржавы", — гаворыцца ў паведамленні.

Генпракуратура заклікала грамадзян "не паддавацца на правакацыйныя заклікі і ўстрымацца ад удзелу ў незаконных акцыях". "Асобы, вінаватыя ў арганізацыі або ўдзеле ў незаконных масавых мерапрыемствах, могуць быць прыцягнутыя да ўстаноўленай законам адказнасці", — папярэджвае Генеральная пракуратура.

Таксама паведамляецца, што Генпракуратурай абвешчана афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства "актывістам аднаго з грамадскіх аб`яднанняў". Пра якое аб`яднанне ідзе размова, у Генпракуратуры БелаПАН не ўдакладнілі.

Як паведамлялася раней, 14 чэрвеня, наведваючы сельгаспрадпрыемства "Азярыцкі-Агра" Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў не дапусціць у Беларусі забастовак і несанкцыянаваных акцый.

"У нас "свядомыя" ў Мінску ў сацыяльных сетках, інтэрнэце заклікаюць да забастовак. Я так буду глядзець, назіраць, а потым як шарахну — не паспеюць за мяжу перабегчы", — заявіў Лукашэнка.

"Ладзяць там забастоўкі, што мы ім не дазваляем за бясцэнак вывозіць за мяжу паліва, цыгарэты, іншыя тавары. Раней такіх спекулянтамі называлі — яны ж і ёсць спекулянты. Я што, на гэта глядзець буду?" — абурыўся афіцыйны лідар.

За апошні тыдзень у розных гарадах Беларусі прайшлі масавыя хваляванні ў сувязі з ростам цэн і эканамічнымі рашэннямі ўрада.

Так, 7 чэрвеня ў Мінску прайшла масавая акцыя аўтамабілістаў, якія пратэставалі супраць чарговага павышэння цэн на паліва. Сотні аўтамабілістаў на дзве гадзіны паралізавалі рух на праспекце Незалежнасці. Чатыры чалавекі былі затрыманыя і пакараныя штрафамі.

Вечарам 12 чэрвеня інцыдэнт адбыўся на пагранпераходзе "Брузгі" (Гродзенская вобласць). Каля 200 чалавек перакрылі дарогу, абураючыся тым, што мытнікі не выпускалі на тэрыторыю Польшчы вадзіцеляў, якія выязджалі туды другі дзень запар. Мытнікі матывавалі свае дзеянні рашэннем урада аб абмежаванні і забароне вывазу за мяжу аўтамабільнага паліва і шэрагу спажывецкіх тавараў. Інцыдэнт у "Брузгах" доўжыўся тры гадзіны, разагнаў стыхійную акцыю спецназ. 22 чалавекі былі затрыманыя і аштрафаваныя.

Вечарам 13 чэрвеня аналагічная акцыя пратэсту прайшла на пагранпераходзе "Варшаўскі мост" (пад Брэстам).

Тым часам у інтэрнэце працягваюць з`яўляцца заклікі да грамадзян удзельнічаць у розных мірных акцыях пратэсту. Бліжэйшая з іх намечана на 15 чэрвеня.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 14 чэрвеня 2011
 
Дата публикации:14.06.2011
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:3383
 
Ключевые слова:
Забастовки Кризис в Беларуси Интернет Челноки Финансы Валюта
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме