"Сёння Беларусь перажывае самы сур`ёзны крызіс за 20 гадоў сваёй незалежнасці, —зазначае Саннікаў у лісце, тэкст якога размешчаны на сайце charter97.org. — Цяжкая сітуацыя ў эканоміцы, валютна-фінансавай, сацыяльнай і палітычнай сферах з`яўляецца прамым вынікам беззаконня ўладаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года".
"На жаль, апраўдваюцца самыя горшыя прагнозы развіцця сітуацыі ў Беларусі пасля выбараў. Утрыманне ўлады Лукашэнкам прывядзе нашу краіну да катастрофы. Няздольнасць цяперашняга рэжыму кіраваць Беларуссю была відавочная даўно і сёння праяўляецца ва ўсіх сваіх згубных наступствах. Далейшага росквіту "стабільнасці" Беларусь не вытрымае", — упэўнены палітык.
"Як кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года я не прызнаю іх вынікаў і лічу іх сфальсіфікаванымі. Мяркую, што далейшае захаванне ў Беларусі цяперашняй улады і цяперашняй палітычнай сістэмы пагражае найцяжэйшымі наступствамі для краіны, і перш за ўсё — для дабрабыту грамадзян. Разам з тым я ўпэўнены, што сёння захоўваецца магчымасць выхаду з крызісу. <…> Лукашэнку неабходна прызнаць, што 19 снежня 2010 года ён не набраў неабходных для перамогі 50 працэнтаў галасоў. <…> Калі Лукашэнка ў стане адэкватна ўспрымаць рэальнасць і сапраўды лічыць, што ў яго ёсць падтрымка ў народзе, то прэзідэнцкія выбары неабходна завяршыць. Гэта верне ў Беларусь законнасць і спыніць катастрофу, якая набліжаецца", — піша Саннікаў.
Палітык заяўляе, што не складвае з сябе паўнамоцтваў кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і патрабуе правядзення другога тура прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным кантролем.
Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі, 14 мая асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 года. Да разгляду касацыйнай скаргі Саннікаў знаходзіцца ў следчым ізалятары МУС № 1.
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 30 мая 2011