Дарагія браты і сёстры!
Віншуем вас
з цудоўным святам Уваскрасення нашага Госпада Ісуса Хрыста.
Хрыстос уваскрэс!
Сапраўды ўваскрэс!
Душа моя, ликуй и пой,
Наследница небес:
Христос воскрес,
Спаситель твой
Воистину воскрес!
У гэтыя светлыя велікодныя дні мы ўспамінаем пра самы важны і дакладны факт гісторыі, які надае жыццю сэнс і мэту. Мы абвяшчаем аб Ісусе Хрысце, Які Сваёй смерцю і Уваскрасеннем вызваляе ад граху і яго наступстваў, ад шкодных звычак і дэпрэсіі, ад страху і адчаю, ад адзіноты і тугі. Зло ў самых розных формах наступае і губіць целы і душы, але Уваскрасенне пераконвае нас у тым, што ісціна мацнейшая за хлусню, каханне мацнейшае за нянавісць і жыццё мацнейшае за смерць.
Уваскрасенне Хрыста кліча нас да абнаўлення, якое даступнае не толькі прыродзе, але і кожнаму чалавеку. Жыццё ў святле Уваскрэсення можа і павінна стаць іншым.
"Няхай сілаю Уваскрасення Хрыста абнаўляецца наша жыццё. Біблія гаворыць:
Дык вось, мы і пахаваныя з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстос уваскрэс з мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці.
Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, дык павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення" (Пасланне да Рымлянаў, 6:4-5).
Няхай сілай уваскрасення абнаўляюцца нашы сем`і, у якіх аборты і гвалт, нявернасць і разводы, крыўды і знявагі павінны саступіць каханню і ахвярнасці, пасвячэнню і чысціні, дараванню і ўзаемаразуменню.
Няхай у святле ўваскрасення абнаўляецца наша грамадства. Там, дзе панавалі абыякавасць, жорсткасць, разбэшчанасць, гвалт, падман, п`янства, несправядлівасць, няхай гаспадараць міласэрнасць, клопат, праведнасць, мір, цярпенне (Пасланне да Галат, 5:22).
Няхай вера, надзея і любоў напаўняюць нашы сэрцы, а Уваскрэслы Ісус вылечыць зламаных сэрцам, вызваліць паланёных грахом, суцішыць пакутных (Евангелле ад Лукі, 4:18).
Хвалите Господа с небес
И славьте, человеки!
Воскрес Христос! Христос воскрес!
И смерть попрал навеки!
Хрыстос уваскрэс!
Сапраўды ўваскрэс!
Віктар Круцько
Епіскап цэркваў Саюза евангельскіх хрысціян баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь.
Звязда
23 красавіка 2011