На вечарыну ў канфэрэнц-залю ратушы прыйшлі больш за пяцьдзесят чалавек — палітыкі, грамадзкія дзеячы, навукоўцы, шмат моладзі. Чаму вырашылі адзначыць дзьве даўнія падзеі магілёўскай гісторыі і чаму ў ратушы, пытаюся ў Алега Дзячкова, старшыні суполкі ТБМ:
«Паўстаньне пачыналася прыкладна на гэтым месцы. На гандлёвай плошчы, каля ратушы. Ратуша ж сымбаль самакіраваньня гораду. Паводле легенды пачалося паўстаньне з бурмістра Левановіча. Пасьля гэтага паўстаньня горад атрымаў свой новы герб. І гэтаму гербу таксама 350 гадоў».
Рэй на вечарыне вёў гісторык Ігар Пушкін. Пра пакручасты лёс магілёўскага самакіраваньня ён кажа гэтак:
«Магілёў атрымаў Магдэбурскае права падчас Лівонскай вайны. Гэты былі цяжкія часы для дзяржавы. 1577 год. У той час валадар шукаў падтрымку гарадзкога насельніцтва. Паўстаньне 1661 году. Новыя прывілеі. Новы герб. Вялікі патоп. Яшчэ адна вайна».
Паўстаньне магілёўцы ўзьнялі 1 лютага 1661 году. За адну ноч цалкам вынішчылі маскоўскую залогу. Паводле гісторыкаў, да сямі тысячаў ваяроў. Сямю гадамі раней, у 1654 годзе, магілёўцы добраахвотна адчынілі гарадзкую браму маскоўцам. За здраду дзяржаве кароль Ян Казімір Ваза пазбавіў горад прывілею на самакіраваньне. Пасьля паўстаньня гэтае права гораду вярнулі.
«Гэтае паўстаньне найбольш фіксуецца ў нашым гербе. Па сутнасьці гэты вось узброены чалавек зь мячом і ёсьць удзельнікам гэтага паўстаньня. Такім чынам горад мае пячатку гэтай падзеі, якая яго ўслаўляе», — адзначае ўдзельнік сустрэчы, дырэктар музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.
Магілёўскі грамадзкі актывіст Аляксандар Сілкоў зь цікавасьцю слухае Ігара Пушкіна. Нешта занатоўвае. Кажа, што ня мог прамінуць вечарыну, бо ганарыцца паўстанцамі:
«Магдэбурскае права для іх было больш важкім за жыцьцё. Мы павінны быць падобнымі да тых магілёўцаў».
Быў на вечарыне й палітык Віталь Васількоў. На пачатку дзевяностых мінулага стагодзьдзя ён быў адным з ініцыятараў адбудовы ратушы. 28 студзеня ён штогод адзначае гадавіну наданьня гораду Магдэбурскага права. Паўстаньне ж магілёўцаў супраць маскоўцаў лічыць паказальнай падзеяй:
«Паказальнае яна тым, што ўсё, чаму патрэбна адбыцца, адбудзецца. Пытаньне часу і настрою людзей, гатоўнасьці да пераменаў. Яны абавязкова адбудуцца ў хуткім часе».
На афіцыйным узроўні ні гадавіны наданьня Магілёву Магдэбурскага права, ні гадавіны антымаскоўскага паўстаньня не адзначаюцца.
Радыё Свабода
25 лютага 2011