Нагадаем, што ў Еўропе чыгуначная каляіна мае іншую шырыню, таму першы швейцарскі электрацягнік дабіраецца ў Беларусь на шасці велізарных грузавіках. Даўжыня кожнага з іх складае 34 метры, а вышыня — амаль 5 метраў. Чатыры аўтамабілі вязуць вагоны, яшчэ два — цялежкі.
У лакаматыўным дэпо Баранавічаў састаў пройдзе перадэксплуатацыйную перападрыхтоўку, пасля якой ён будзе адпраўлены ў сталіцу. Для швейцарскіх цягнікоў тут ужо рэканструяваны і аснашчаны сучасным абсталяваннем спецыяльны цэх на тэрыторыі маторавагоннага дэпо. Як паведамілі ў прэс-службе Беларускай чыгункі, некалькі нашых спецыялістаў ужо прайшлі двухмесячную стажыроўку на заводзе-вытворцы ў Швейцарыі. На наступным тыдні на навучанне ў Венгрыю паедуць машыністы і спецыялісты цэха рамонту маторавагоннага дэпо.
У сакавіку чакаецца прыбыццё ў Беларусь другога і трэцяга электрацягнікоў. Усяго заключаны кантракт на пастаўку дзесяці такіх саставаў. Кошт кожнага складае амаль 6 мільёнаў еўра.
Сяргей Расолька
Звязда 5 лютага 2011