Як паведаміў на калегіі свайго ведамства першы намеснік міністра адукацыі нашай краіны Аляксандр Жук, неабходна прымаць дадатковыя меры па павышэнні якасці падрыхтоўкі спецыялістаў у ВНУ, якая не заўсёды задавальняе працадаўцаў.
— Патрабуе ўдасканалення арганізацыя экзаменацыйнага ацэньвання ведаў і навыкаў студэнтаў. Асобнае пытанне — спісванне студэнтаў на экзаменах. З гэтым трэба рашучым чынам змагацца — так, як гэта робіцца ва ўсім свеце, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Спісванне падчас атэстацыйных экзаменацыйных мерапрыемстваў трэба разглядаць як грубае парушэнне правілаў унутранага распарадку ці як дысцыплінарны праступак, а парушальніка, у адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі, трэба прыцягваць да дысцыплінарнага пакарання — аж да адлічэння.
На думку Аляксандра Жука, у апошнія гады завочная форма навучання набыла гіпертрафіраваныя маштабы, асабліва ў прыватных ВНУ. Адсутнасць добра арганізаванага вучэбнага працэсу і кантролю, у тым ліку і бягучага, аўтаматычна робіць завочную форму атрымання адукацыі менш эфектыўнай, чым дзённая. Гэта пацвярджае і апошняя інфармацыя Дэпартамента кантролю якасці адукацыі, які займаўся вывучэннем узроўню падрыхтоўкі спецыялістаў на завочнай форме навучання. Былі, у прыватнасці, праведзеныя кантрольныя зрэзы рэшткавых ведаў у студэнтаў 5-6 курсаў найбольш папулярных сярод моладзі спецыяльнасцяў — "Эканоміка" і "Правазнаўства".
Комплексныя тэставыя заданні ўключалі 20 пытанняў і былі разлічаны на ацэньванне мінімальнага ўзроўню ведаў па асноўных прадметах. Крытэрый выканання тэста быў на ўзроўні 60 працэнтаў (12 і больш правільных адказаў). Па выніках тэстаў высветлілася, што станоўчыя адзнакі змаглі атрымаць толькі 43 працэнты тэстуемых (яны далі 12 і больш правільных адказаў), а на "Правазнаўстве" і ўвогуле толькі 20 працэнтаў. Лепшыя вынікі былі атрыманы ў тых выпадках, калі студэнты-завочнікі мелі профільную сярэднюю спецыяльную адукацыю. Напрыклад, па спецыяльнасці "Бухулік, аналіз і аўдыт" 75 працэнтаў тэстуемых студэнтаў мелі профільную сярэднюю спецыяльную адукацыю. Напэўна, таму і станоўчы вынік на тэсціраванні прадэманстравалі да 85 працэнтаў удзельнікаў (у сярэднім — 70 працэнтаў). А самыя горшыя вынікі былі ў студэнтаў-завочнікаў, якія на момант свайго паступлення былі выпускнікамі школ.
— Мяркую, што гэтыя вынікі гавораць самі за сябе, — дадаў Аляксандр Жук. — Лічу, што трэба вярнуць першапачатковы сэнс завочнай форме навучання, як навучанню без адрыву ад вытворчасці з мэтай павышэння кваліфікацыі ці атрымання новай спецыяльнасці. Як правіла, на завочную форму павінны паступаць асобы, занятыя працоўнай дзейнасцю. Па-другое, павінны захоўвацца разумныя прапорцыі — колькасць завочнікаў не павінна перавышаць 30-40 працэнтаў ад агульнай колькасці студэнтаў канкрэтнай ВНУ.
Мы будзем уважліва адсочваць і карэктаваць лічбы прыёму ў ВНУ, у тым ліку і ў разрэзе спецыяльнасцяў. Сёння нам неабходна даць грамадству, абітурыентам і іх бацькам дадатковыя сігналы аб найбольш запатрабаваных і перспектыўных спецыяльнасцях, звязаных з прыярытэтнымі напрамкамі развіцця эканомікі (інжынерна-тэхнічных, тэхналагічных, прыродазнаўча-навуковых спецыяльнасцях і спецыяльнасцях для ІТ-галіны). Трэба больш актыўна ўдзельнічаць у фарміраванні адукацыйных запытаў нашых грамадзян, акуратна змяншаючы платную падрыхтоўку па незапатрабаваных у цяперашніх аб`ёмах падрыхтоўкі спецыяльнасцях.
За пяцігодку колькасць выпускнікоў агульнаадукацыйных школ зменшыцца амаль удвая (са 100 тысяч у 2008 годзе да 54 тысяч у 2015 годзе). А,значыць, узрасце рэальная канкурэнцыя паміж ВНУ, ССНУ і прафесійна-тэхнічнымі навучальнымі ўстановамі.
За хабар выкладчыку — адлічэнне са студэнтаў
Яшчэ адна балючая праблема, на якой засяродзіў увагу Аляксандр Жук, гэта выкананне антыкарупцыйнага заканадаўства. Станоўчым момантам першы намеснік міністра адукацыі лічыць адсутнасць сур`ёзных правапарушэнняў падчас уступнай кампаніі, што звязана, безумоўна, з укараненнем сістэмы цэнтралізаванага тэсціравання. У той жа час летась у сістэме адукацыі былі выяўлены 399 злачынстваў, што на 200 фактаў больш, чым годам раней. Асноўную ўдзельную вагу ў структуры карупцыйных злачынстваў займаюць хабарніцтва (308 фактаў) і крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (49).
Непасрэдна ва ўстановах, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі, зарэгістравана 289 злачынстваў, здзейсненых 61 работнікам (у 2009 годзе — на 48 работнікаў 120 злачынстваў). Ва ўстановах, падпарадкаваных мясцовым органам кіравання адукацыяй, зарэгістравана 46 карупцыйных злачынстваў — на 13 больш.
— На жаль, па-ранейшаму маюць месца факты пабораў з боку кіраўнікоў дашкольных устаноў пад рознымі надуманымі прычынамі, — паведаміў Аляксандр Жук. — Так, было заведзена 5 крымінальных спраў у дачыненні да загадчыцы ясляў-сада № 7 Мінска, якая атрымлівала незаконныя грашовыя ўзнагароджанні ад бацькоў за залічэнне іх дзяцей у дашкольную ўстанову. З 289 злачынстваў, здзейсненых у падпарадкаваных нам установах, 276 выпадкаў — гэта выпадкі хабару.
Аляксандр Жук расказаў, як на працягу некалькіх гадоў у Гомельскім дзяржаўным дарожна-будаўнічым каледжы дзейнічала наладжаная адным з выкладчыкаў сістэма збору грашовых сродкаў з навучэнцаў за станоўчае рашэнне пытанняў здачы экзаменаў (устаноўлена 230 (!) выпадкаў). У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны было заведзена 20 крымінальных спраў у адносінах да асістэнта кафедры эканамічнай кібернетыкі, які атрымліваў ад студэнтаў хабар за здачу залікаў. Аналагічныя выпадкі мелі месца і ў БНТУ. Фактычна галоўнай "зонай рызыкі" сталі экзаменацыйныя сесіі...
— Я хацеў бы нагадаць, што кожны кіраўнік нясе персанальную адказнасць за выкананне антыкарупцыйнага заканадаўства, — дадаў Аляксандр Жук. — Лічым неабходным ужо падчас будучай летняй сесіі перагледзець арганізацыю і правядзенне экзаменаў, больш актыўна звяртацца да стварэння камісій для прыняцця ў студэнтаў экзаменаў, а таксама праводзіць экзамены пераважна ў пісьмовай форме. Трэба ўнесці таксама ва ўстаноўленым парадку прапановы для перагляду заканадаўства ў плане ўзмацнення адказнасці тых, хто дае хабар. Справа ў тым, што ў шэрагу выпадкаў у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам мы не можам прымяніць меры дысцыплінарнай адказнасці да навучэнцаў, якія даюць выкладчыкам хабар, і выключыць іх з кола студэнтаў.
Лепш работа ў школе, чым служба ў арміі
Асобна першы намеснік міністра адукацыі спыніўся ў сваім выступленні на сацыяльным статусе педагагічных работнікаў. Прынятыя апошнім часам меры па ўдасканаленні аплаты працы работнікаў галіны з`яўляюцца, на думку Аляксандра Жука, недастатковымі. Гэта тычыцца катэгорый педагагічных работнікаў, якія не маюць вучонай ступені і вучонага звання: старшых выкладчыкаў, асістэнтаў, выкладчыкаў, выкладчыкаў-стажораў. Між іншым, колькасць такіх работнікаў складае 53 працэнты ад прафесарска-выкладчыцкага саставу — больш як 12 тысяч чалавек. Нізкімі застаюцца таксама заробкі ў педагагічных работнікаў дашкольных і пазашкольных устаноў адукацыі.
— Мы лічым, што трэба распрацаваць і ўнесці на разгляд ва ўрад комплекс мер па павышэнні сацыяльнага статусу педагогаў і прэстыжу педагагічнай прафесіі. У якасці заахвочвальнай меры можа выступаць, напрыклад, вызваленне ад службы ў арміі маладых педагогаў пры ўмове адпрацоўкі імі па прафесіі да заканчэння тэрміну прызыўнога ўзросту, — дадаў Аляксандр Жук. — Сёння 85 працэнтаў педагогаў у школах складаюць жанчыны. Гэта можа быць ільготная чарга на атрыманне жылля, ільготнае крэдытаванне яго будаўніцтва і іншыя меры сацыяльнай падтрымкі педагогаў. Для педагогаў, якія працуюць у дашкольных установах, гэта таксама зніжэнне працягласці рабочага часу выхавальніка да 25 гадзін у тыдзень і павелічэнне працягласці іх адпачынкаў.
Надзея Нікалаева
Звязда, 5 лютага 2011