Ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка адзначаюць, што "зніжэнне золатавалютных рэзерваў з`яўляецца характэрнай для студзеня з`явай і назіраецца на працягу ўсяго перыяду разліку гэтых паказчыкаў".
У якасці асноўных прычын у галоўным банку краіны выдзяляюць "сезонныя фактары" — выкананне разлікаў у замежнай валюце па абавязацельствах мінулага года, а таксама традыцыйнае падзенне аб`ёмаў валютнай выручкі, што паступае ў краіну, на фоне высокай патрэбы ў валюце для разлікаў за энерганосьбіты.
Акрамя таго, паводле звестак Нацбанка, у студзені 2011 года на аб`ём рэзерваў дадатковы негатыўны ўплыў аказалі падзенне цэн на каштоўныя металы на сусветных рынках, а таксама аднаўленне банкамі валютных пазіцый, якія скараціліся ў лістападзе—снежні 2010 года з-за высокага попыту насельніцтва на замежную валюту.
У сваю чаргу, чысты попыт насельніцтва на замежную валюту ў студзені, як і чакалі ў Нацбанку, прыкметна скараціўся і склаў каля 57 млн. долараў ЗША ў параўнанні з 649 млн. долараў ЗША ў снежні 2010 года.
"Наяўны ўзровень рэзерваў з`яўляецца дастатковым для вырашэння прыярытэтнай задачы грашова-крэдытнай палітыкі па падтрыманні стабільнага курсу беларускага рубля ў рамках устаноўленага калідора значэнняў. Тым не менш, у мэтах умацавання макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці Нацыянальным банкам сумесна з урадам Беларусі цяпер прымаецца цэлы комплекс дадатковых мер, накіраваных на павелічэнне ўзроўню золатавалютных рэзерваў", — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.
Нацбанк плануе, што рост міжнародных рэзервовых актываў у 2011 годзе складзе не менш чым 1,2 млрд. долараў ЗША. Асноўнымі фактарамі такога росту павінны стаць прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў памеры 6,4—6,5 млрд. долараў ЗША, а таксама выраўноўванне сітуацыі ў знешнім гандлі таварамі і паслугамі за кошт павышэння эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі.
За 2010 год золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся амаль на 622 млн. долараў, ці 11%, і на 1 студзеня 2011 года склалі 5 млрд. 30,7 млн. долараў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 7 лютага 2011