Паводле слоў Лукашэнкі, санкцыі ў дачыненні да Мінска бесперспектыўныя, паколькі яму "трэба абараняць сваю краіну".
Паводле меркавання прэзідэнта, пасля выбараў краіна "ні ў які тупік не зайшла". "Мы пераадолелі чарговы бар`ер, выбудоўваючы сваю незалежнасць і суверэнітэт… У кожнай дзяржавы былі цяжкасці, але я не хачу дапусціць разні ў краіне", — сказаў Лукашэнка.
"Гэта не значыць, што мы тупа і ашалела ўперліся ў сценку", — падкрэсліў прэзідэнт. "Ёсць разумныя ідэі — Захаду, Амерыкі, Еўрасаюза — гаварыце, падказвайце. Але давайце шчыра: калі вам не падабаецца, скажыце, што ў сілу таго, што перамог Лукашэнка, а не іх стаўленік, які падтрымліваецца спецслужбамі. Націснуць нас, нахіліць, павесіць на нас віну — мы з гэтым не згодныя", — сказаў Лукашэнка.
"На кампраміс пайсці, каб ваша аблічча больш-менш — добра, давайце шукаць кампраміс, але шчыра прызнаючы тое, што адбылося", — дадаў Лукашэнка.
Нагадаем, Еўрапарламент заклікаў Савет Еўрасаюза неадкладна ўвесці санкцыі ў дачыненні да кіраўніцтва Беларусі. 20 студзеня на сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу была прынята рэзалюцыя з заклікам да Савета ЕС увесці забарону на выдачу віз вышэйшым беларускім чыноўнікам, прадстаўнікам судовых і праваахоўных органаў, якія маюць дачыненне да фальсіфікацый вынікаў выбараў і рэпрэсій у дачыненні да апазіцыі, актывістаў грамадзянскай супольнасці і журналістаў, і замарозіць іх рахункі ў краінах Еўрасаюза.
Еўрапарламент таксама запатрабаваў правесці новыя выбары прэзідэнта Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
Еўрапарламентарыі "рашуча асудзілі жорсткія рэпрэсіі з боку паліцыі і КДБ у дзень выбараў" і заклікалі "правесці незалежнае і бесстаронняе расследаванне падзей" пад эгідай Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ).
Рэзалюцыю Еўрапарламента падтрымалі ЗША.
Тэрміновыя дэбаты па Беларусі пойдуць 27 студзеня ў Страсбургу на сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Паводле вынікаў дыскусіі таксама будзе прынята рэзалюцыя.
Як раней паведамляў БелаПАН, група дэпутатаў ПАСЕ запатрабавала ад беларускіх улад правядзення новых выбараў і перагляду двухбаковых адносін з афіцыйным Мінскам. Яны прапаноўваюць вызначыць спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за правядзенне выбараў і парушэнні правоў чалавека, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю краін — членаў Савета Еўропы.
Парламентарыі заклікаюць устанавіць "суровыя" эканамічныя санкцыі супраць беларускіх улад, якія павінны дзейнічаць, пакуль у краіне не пачнуць выконвацца правы чалавека.
Пры гэтым прапаноўваецца выкарыстоўваць спіс з 12 умоў, прыняты ЕС у лістападзе 2006 года, на базе якіх Еўракамісія будуе свае адносіны з Беларуссю.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 27 студзеня 2011