https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Даўгадзюбы вялікі кулён стаў Беларускай птушкай года-2011


Ужо традыцыйна штогод спецыялісты грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" выбіраюць птушку года. Птушкай 2011 года ў Беларусі стаў вялікі кулён.
Даведка
Маецца 8 відаў кулёнаў. У Беларусі гняздуецца толькі два віды -
вялікі і сярэдні. Абодва занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
У асобных сваякоў нашых кулёнаў праблемы значна большыя.
Зусім мала засталося далёкаўсходніх кулёнаў, занесеных у Чырвоную кнігу Расіі. Практычна адсутнічае інфармацыя аб еўрапейскай папуляцыі танкадзюбага кулёна ўжо на працягу апошніх 80 гадоў. Звычайнай птушкай гэты "танкадзюбік" лічыўся ў Тунісе, Марока і Алжыры.

Цяпер па крытэрыях Міжнароднага Саюза аховы прыроды статус танкадзюбага кулёна лічыцца крытычным на глабальным узроўні.

___________

Вялікая група кулікоў Беларусі аб`ядноўвае больш як 35 відаў птушак. У большасці яны жывуць на шырокіх прасторах балот, на вільготных лугах, часцей за ўсё заліўных, - як натуральных, так і штучных сельскагаспадарчых, - у поймах рэк і на былых тарфяніках. А вось самым буйным куліком Беларусі лічыцца вялікі кулён, паведаміў рэдакцыі спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін.

Вага даўгадзюбага куліка часам дасягае кілаграма, прытым, што самкі крыху большыя за сваіх крылатых "мужыкоў".

Знешнасць у кулёна вельмі асаблівая. Размах яго крылаў дасягае 110 сантыметраў. Гэта нават больш, чым у добра вядомай усім шэрай вароны. Першае, што адразу кідаецца ў вочы, - гэта доўгая выгнутая данізу дзюба, якая нагадвае маленькую школьную ўказку. Менавіта гэта выгнутая "ўказка" адрознівае кулёна ад усіх іншых беларускіх кулікоў. Як і ў іншых жыхароў балот і заліўных лугоў, у кулёна доўгія ногі з шырока расстаўленымі пальцамі, што дазваляе птушцы спакойна вандраваць па розных вільготных мясцінах.

У перакладзе з нямецкай наш кулён (кроншнеп - рус.) азначае "каралеўскі кулік". І сапраўды, памеры птушкі і яго высокая постаць адпавядаюць гэтаму шляхетнаму тытулу. Блізкім сваяком вялікага кулёна з`яўляецца сярэдні кулён. Яны вельмі падобныя, толькі сярэдні крыху меншы і мае на галаве светлыя палоскі.

Вызначыць у прыродзе каралеўскага куліка па яго ўнікальнай дзюбе можа любы школьнік, аднак заўважыць гэтую птушку не заўсёды проста. Кулён вельмі пужлівы і асцярожны, таму людзей блізка да сябе не падпускае. Справа ў тым, што і сёння ў Беларусі дазваляецца веснавое паляванне. Нягледзячы на тое, што страляць "чырванакніжных" кулікоў катэгарычна забаронена, аднак часам паляўнічаму цяжка стрымацца, калі пад руку трапляе буйны кулён. Кажуць, што на мушку могуць трапіць нават кнігаўкі.

Гняздуюць кулікі на адкрытых балотах і вільготных лугах. Гнёзды будуюць на зямлі, на купіне травы або асакі, якая выступае з вады (спарадычна на астраўках сярод балот). Часам на сухіх месцах лугу недалёка ад балацін. У невялікай ямцы робіць высцілку з сухой мінулагодняй травы або асакі і некалькіх пёраў. У кладцы заўсёды 4 яйкі. Гэта грушападобныя, шэра-аліўкавыя або папяліста-жоўтыя "жывыя каменьчыкі" з нерэальна цёплым адценнем. Менавіта такімі яйкі кулікоў убачыла мая старэйшая дачка летась на журавінавым балоце. Тады Палінка своечасова заўважыла гняздо з яйкамі, аднак магла і наступіць. Так, гэта галоўная праблема, бо месцаў, дзе можа рабіць свае гнёзды кулён, становіцца ўсё менш. Калі каралеўскія кулікі пачынаюць гнездавацца недалёка ад населеных пунктаў, тады іх "хатку" з яйкамі могуць разбурыць бадзяжныя сабакі. У лесе на кладку кулёна паспяхова палююць лісіцы і янотападобныя сабакі. Даволі добра навучылася шукаць гнёзды кулікоў наша шэрая варона. У гэтым паляванні варонам дапамагаюць людзі. Пабачыўшы чалавека, кулён адразу пакідае гняздо, пачынае вакол лётаць і плаксівым голасам кліча на дапамогу. Для разумнага шэрага драпежніка плаксівая песня з`яўляецца добрым сігналам для таго, што недзе побач варона можа падхарчавацца яйкамі куліка.

Першыя кладкі ў вялікага кулёна з`яўляюцца ў апошняй дэкадзе красавіка. Потым, на працягу амаль чатырох тыдняў бацькі па чарзе грэюць кладку. Напрыканцы мая на свет вылупліваюцца птушаняты, якія адразу пачынаюць "бегаць" за дарослымі птушкамі і шукаць насякомых і чарвякоў. Спачатку дзюба ў кулёнаў адносна невялікая, аднак ужо праз пару тыдняў гэтая "ўказка" вырастае ў даўжыню і моцна загібаецца ўніз. Менавіта гэтым уласным прыстасаваннем кулёны, як пінцэтам, могуць вельмі спрытна здабываць розных беспазваночных на балотах, лугах, пад каменьчыкамі і ў вадзе ўздоўж рэк і вадаёмаў. Часам могуць харчавацца нават спелымі ягадамі і насеннем.

У вырай кулёны адлятаюць ужо ў ліпені-жніўні. Мігрыруюць індывідуальна, часам сем`ямі ці невялікімі чародкамі. Зімуюць нашы кулёны ў больш цёплых мясцінах Заходняй Еўропы, у басейне Міжземнага і на паўднёвым узбярэжжы Каспійскага мора. Некаторыя кулёны зімуюць на ўсходзе Японіі, Малайскім архіпелагу і Барнэа, на Аравійскім паўвостраве і ўзбярэжжы Афрыкі.

Колькасць вялікага каралеўскага кулёна ў апошнія дзесяцігоддзі ў Еўропе істотна скарацілася. Гэты кулік мае еўрапейскі ахоўны статус SРЕС-2. Устойліва памяншаецца колькасць каралеўскіх кулікоў у многіх еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Украіне, Літве, Эстоніі, а магчыма, і ў іншых. У Беларусі колькасць кулёна складае каля 950-1200 пар на гнездаванні. Колькасць гэтая адносна стабільная, што, аднак, не выклікае вялікага аптымізму, бо сустрэць вялікага кулёна яшчэ паўстагоддзя таму магчыма было амаль каля кожнай рэчкі і на ўсіх больш-менш вільготных тэрыторыях нашай краіны.

Увогуле сумны лёс мае эскімоскі кулён. Вядома, што ў 18 стагоддзі велізарныя чароды эскімоскіх кулёнаў з боку арктычнай тундры і адкрытых лугоў Канады і Аляскі рэгулярна мігрыравалі на зімоўку ў пампасы Аргенціны. У той час эскімоскі кулён быў самым шматлікім куліком Паўночнай Амерыкі. Колькасць іх дасягала некалькіх мільёнаў. У 70-х гадах 19 стагоддзя гэтыя кулікі актыўна здабываліся паляўнічымі. Напрыканцы 19 стагоддзя эскімоскі кулён быў цалкам знішчаны.

Нацыянальная кампанія "Птушка года" праводзіцца з 2000 года грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ), якая з`яўляецца нацыянальным партнёрам сусветнай прыродаахоўнай асацыяцыі BіrdLіfе Іntеrnаtіоnаl у Беларусі. Асноўная мэта кампаніі - фарміраванне грамадскага меркавання аб каштоўнасці і неабходнасці захавання птушак. Штогод выбіраецца від птушак, які мае пэўныя праблемы і патрабуе нашай увагі і дапамогі. У розныя гады "птушкамі года" станавіліся белы бусел, белая пліска, авяльга, дамовы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга. У рамках гэтай кампаніі праводзяцца разнастайныя конкурсы, акцыі і прыродаахоўныя мерапрыемствы. Птушкай 2011 года абвешчаны вялікі кулён.

Спецыялісты АПБ невыпадкова расказваюць нам пра тое, што эскімоскі кулён знік па віне людзей, якія не мелі меры і не ведалі спачування. Ад сябе асабіста я параіў бы паляўнічым наступнае: больш уважліва прыглядайцеся да птушак, калі вы ў чарговы раз ускідваеце стрэльбу. Доўгую дзюбу "чырванакніжнага" кулёна лёгка заўважыць. А арнітолагі і сябры АПБ просяць усіх жыхароў Беларусі адмовіцца ад веснавога палявання. Людзі і птушкі павінны жыць разам.

Сяргей Куркач
Звязда
11 студзеня 2011
 
Дата публикации:12.01.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:6024
 
Ключевые слова:
Красная Книга Редкие птицы Кулик Охрана природы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме