https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Алег Трусаў: “Па-беларуску ў нас адмаўляюцца размаўляць толькі вайскоўцы”


Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны запэўніў карэспандэнта Беларускай службы Польскага радыё: сфэра ўжываньня беларускай мовы ў Беларусі відавочна пашыраецца.
Пацяпленьне да “моўнага пытаньня” здарылася ў апошнія гады. І такія тэндэнцыі абумоўлены гістарычна, лічыць Алег Трусаў.    

Алег Трусаў: У гэтыя апошнія пяць год, па-першае, мяняецца сытуацыя. Да ўлады прыходзяць дзеці Адраджэньня. Ім было дваццаць, зараз ім сорак. Таму стаўленьне да носьбітаў мовы ў простым грамадзтве й сярод чынавенства рэзка палепшылася. Ужо ніхто ня скажа: “Гаварыце са мной на нармальным языке”.

Таварыства беларускай мовы, паводле словаў спадара Алега, пераўтварылася ў сур’ёзны грамадзкі рух. У ТБМ запісана ўжо пад 30 тысяч чалавек. Актыўных жа сябраў - ня менш за тры тысячы. Ці маюць столькі беларускія палітычныя партыі?

Алег Трусаў:
Мы ж прынялі стратэгію разьвіцьця. І над намі ўсе сьмяяліся: як гэта мы на сто гадоў стратэгію прымаем? Прымалі мы яе ў 2001 годзе і ўжо шмат чаго выканалі. Хто мог падумаць, што мы “Белсат” створым, што ТБМ дапаможа стварыць цэлы канал? А мы яго стварылі, ён набірае моц. У гэтым годзе пачаў вяшчаць ужо цэлы дзень. Ну, хто мог падумаць, што мы створым немагчымае? Колькі я хадзіў па гэтых эўрадэпутатах, па амбасадарах?  І адзіны, хто гэта нам зрабіў – гэта Браніслаў Герэмэк, мой добры сябра, які, на жаль, ужо не жыве. Ён прабіў, бо ён быў вельмі ўплывовым чалавекам у Польшчы.

Спадар Алег аналізуе, што самае антыбеларускае ведамства ў краіне – вайсковае. Тут афіцыйныя асобы наадрэз адмаўляюцца хоць як-небудзь прыхіляцца да беларушчыны. Кіраўнік ТБМ узгадвае скандальную гісторыю, якая здарылася з актывістам арганізацыі Яўгенам Якавенкам.

Алег Трусаў: Ёсьць у нас сябар ТБМ у Гомлі, які патрабаваў у ваенкамата даць яму позву па-беларуску. Яму не далі. І колькі я іх не прымушаў, адмовілі. Я ўсіх на ногі падняў, а яны стаяць рогам. Больш за тое, прынялі нейкі хітры дакумэнт, антызаконны, што ў ваенкаматах усё толькі па-расейску вядзецца. І на яго спасылаюцца. Потым я напісаў вайсковаму пракурору – і той стаў на іх абарону. Вось каго трэба браць за штаны.

Разам з тым іншыя чыноўнік усё часьцей паказваюць сябе сьвядомымі грамадзянамі. Алег Трусаў канстатуе, што на беларушчыну пачалася своеасаблівая мода. Вось і нядаўні прыклад: старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра паабяцаў перавесьці справаводзтва сваёй установы на беларускую мову.

Алег Трусаў: А гэта ня першы, першы быў Руднік – кіраўнік Магілёўшчыны. Вось нядаўна й кіраўнік Гродзенскай вобласьці абвесьціў, што ўсё справаводзтва будзе па-беларуску весьці. Калі чалавек нядаўна гэта заявіў, то, мабыць, зробіць. Як толькі ён заявіў – ужо ў Лідзе зашавяліліся, мне сёньня даклалі.

Нават кіраўнік самай прарасейскай Віцебскай вобласьці Аляксандар Косінец, на думку Алега Трусава, актыўна праводзіць беларусізацыю.

Алег Трусаў: Дзякуючы Косінцу ў Віцебску зрабілі гербам “Пагоню”. Я нядаўна прыехаў у Віцебск – я ашалеў. На кожным будынку вісіць велізарная “Пагоня”. Гэта – Косінец. “Пагоня” стала дзяржаўным гербам вобласьці, а ты кажаш “расейскія сьцягі”. Якія сьцягі!

Як вядома, Алег Трусаў уваходзіць у Грамадзка-кансультатыўную раду пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Аказваецца, і Ўладзімер Макей, кіраўнік Адміністрацыі, выдатна размаўляе па-беларуску.

Алег Трусаў: Ну, а з такіх знакамітых Макей той жа самы. На гэтым савеце па-беларуску гавораць толькі я ды Макей, астатнія не. Калі я да яго зьвяртаюся, ён адказвае па-беларуску й па інэрцыі гаворыць. Потым на яго ўсе варожа глядзяць, ён чырванее й пераходзіць на расейскую мову. Прытым большасьць са мной у кулюарах па-беларуску гаворыць. А як сядаюць за стол, усё: улада, трэба толькі па-расейску.

Як прафэсіянал у “моўным  пытаньні” Алег Трусаў падкрэсьлівае, што тэндэнцыі беларусізацыі нашай вэртыкалі яскрава прасочваюцца. І празь дзесяць-пятнаццаць гадоў на нацыянальную мову пяройдзе ўся беларуская інтэлігенцыя й кіруючая эліта. Якая б улада на Беларусі ня дзейнічала, лічыць Трусаў.

Анатоль Іваноў, Менская вобласьць
Polskie Radio dla zagranicy
22 лістапада 2010
 
Дата публикации:28.11.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4210
 
Ключевые слова:
ТБМ Белорусизация Белорусский язык
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме