https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


ЗБС “Бацькаўшчына” сьвяткуе 20-годзьдзе


26 лістапада ў Менску адбудзецца ўрачыстая вечарына з нагоды 20-годзьдзя Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.
Яшчэ ў 1990 годзе заснавальнікі “Бацькаўшчыны” заявілі амбітную мэту – аб`яднаць у адзіную супольнасьць усіх беларусаў, у якой бы краіне яны ні знаходзіліся. Сёньня арганізацыя аб`ядноўвае 135 беларускіх асяродкаў у 20 краінах сьвету.

У розныя гады “Бацькаўшчыну” ўзначальвалі знакавыя постаці беларускай незалежнасьці – пісьменьнік Васіль Быкаў, навуковец Радзім Гарэцкі, гісторык Анатоль Грыцкевіч, мастак Аляксей Марачкін.

Гаворыць кіраўніца Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская:

“Бацькаўшчына” працуе над узмацненьнем грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Вельмі шмат беларусаў, якія сёньня выяжджаюць, губляюцца для нашай краіны, таму што яны не належаць да беларускай культуры, яны ня маюць беларускай ідэнтычнасьці. Таму яны вельмі хутка асымілююцца і далучаюцца да іншых асяродкаў. Зь цягам часам мы прыйшлі да высновы, што неабходна працаваць тут, унутры Беларусі. У сувязі з гэтым у 2008 годзе мы пачалі працу з шэрагам грамадзкіх арганізацыяў, ініцыятываў Беларусі, над кампаніяй “Будзьма беларусамі”. Сёньня нас ужо нашмат больш”.


Ува ўсе гады сваёй дзейнасьці “Бацькаўшчына” патрапляла выконваць сапраўды гуманітарную ролю – яднаць людзей.

Лілія Плыгаўка, дырэктарка Цэнтру беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту:

“Калі чалавек апынаецца за межамі сваёй радзімы, ён заўсёды шукае сваіх, родных людзей. Калі ёсьць такі цэнтар, што дапамагае аб`ядноўвацца, дапамагае знаходзіць кантакты, гэта вельмі важна. Тое, што гэтая арганізацыя ўжо 20 гадоў выконвае такую місію, – гэта знак даверу, знак павагі”.

Старшыня Фэдэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расеі” Валеры Казакоў выкарыстаў магчымасьць прынесьці карысьць арганізацыі:

“Каб зразумець, што гэта такое, мы з Адамам Мальдзісам працуем над вельмі сур`ёзным энцыкляпэдычным даведнікам “Беларусы памежжа”. І мы б хацелі слухачоў вашай папулярнай радыёстанцыі прасіць: у каго ёсьць якія зьвесткі, дасылайце нам. Нас цікавяць ня толькі самі постаці, але і гісторыі суполак, пра якія мы, можа, ня ведаем, выдавецтваў, якія існавалі ў гэтых памежных тэрыторыях”.

Найвялікшы сакрэт згуртаваньня – як захаваць нацыянальную ідэнтычнасьць у глябалізаваным сьвеце. Тлумачыць Надзея Сычугова, прадстаўніца маладой генэрацыі руху:

“Вельмі важна быць адрозным. Мець магчымасьць размаўляць на некалькіх мовах – у тым ліку на ангельскай, на беларускай. І тым самым дэманстраваць сваю беларускасьць або беларускую ідэнтычнасьць. І “Бацькаўшчына” ў гэтым вельмі дапамагае”.

Узяць удзел ва ўрачыстасьці запрошаны сябры арганізацыі з розных краінаў сьвету.

“Мы чакаем беларусаў зь Беласточчыны, беларусаў зь Літвы і Эстоніі – нашых суседзяў. Вядома, беларусы з далёкага замежжа бадай што ня здолеюць”, – кажа Алена Макоўская.

26 лістапада ва ўрачыстай вечарыне прыме ўдзел міністар культуры Беларусі Павел Латушка. Віншаваць “Бацькаўшчыну” будуць гурты “Стары Ольса” і “Унія”, а таксама музыкі Алесь Камоцкі і Лявон Вольскі.

26 лістапада 2010
Радыё Свабода
 
Дата публикации:26.11.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:5399
 
Ключевые слова:
Белорусы в мире Белорусские центры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме