— Мяне часта пытаюць: у вас украінскае прозвішча? Мой дзядуля нарадзіўся ў Магілёве. Потым ён пераехаў у Маскву і паступіў у архітэктурны інстытут. Затым працаваў пад кіраўніцтвам Шчусева — таго самага архітэктара, які маўзалей Леніна будаваў. Дзед зрабіў галавакружную кар`еру, стварыўшы праект дамоў "К-7" — вядомых "хрушчовак".
— А вам самому ў дзедаўскіх "хрушчах" даводзілася жыць?
— Безумоўна! Я лічу, што гэта было дзіўнае рацыянальнае архітэктурнае рашэнне для таго часу, для той краіны, якой быў Савецкі Саюз. Дзеду было дадзена дакладнае тэхнічнае заданне: краіне трэба было рассяліць людзей з "камуналак" з разлікам на 20 гадоў жыцця, зрабіць эканамічнае жыллё. Я лічу, што мой дзед справіўся з пастаўленай задачай на ўсе сто.
— Ваш новы альбом называецца "Рэдкія землі" — так, як і раман Васіля Аксёнава. Гэта выпадковае супадзенне?
— Не. Мой тата добра ведаў Аксёнава. Гэта была адна кампанія творчых людзей. Па супадзенні абставін мая мама хадзіла з Аксёнавым у адну і тую ж школу ў Магадане, праўда, у іншы час. Я пачаў сваю творчасць з сімвалаў і працягваю гэтую лінію. Я лічу, што нічога не адбываецца ў свеце проста так, няма выпадковых супадзенняў. Ёсць сувязі. Мне заўсёды падабаўся гэты раман Аксёнава, адзін з яго апошніх. Калі я яго прачытаў, то зразумеў, што ён апелюе тымі ж фантазіямі і гумарам, што і я. Напрыклад, назва альбома "Дакладна Ртуць Алоэ" — мая зашыфраваная назва аксёнаўскай "Чырвонай ртуці", вельмі рэдкага міфалагічнага металу...
Настасся Касцюковіч
Звязда
27 лістапада 2010