https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Балтыйскае бізнэс-нашэсьце на Беларусь


Краіны Балтыі, якія аспрэчваюць паміж сабой права стаць пасярэднікам Беларусі ў яе геапалітычных нафтагазавых плянах, узмацняюць і пранікненьне ў рэальны сэктар беларускай эканомікі. За буйным балтыйскім бізнэсам у краіну пачаў актыўна падцягвацца сярэдні. А калі прыплюсаваць да праектаў літоўцаў, латышоў і эстонцаў яшчэ і фінскія інвэстыцыі, можна сказаць, што Беларусь перажывае цяпер балтыйскае нашэсьце.
Першая хваля актыўнасьці балтыйскага бізнэсу ў Беларусі назіралася ў другой палове 2000-х гадоў. Зьвязаная яна была ў асноўным зь цікавасьцю да беларускага рынку з боку буйных кампаній. Яны расьлі ў гэты час дзякуючы даступнасьці грашовых рэсурсаў на сусьветных фондавых рынках. І ў іх зьявіліся лішнія і досыць лёгкія грошы, якія нядрэнна было б інвэставаць у новыя рынкі. Адным зь іх стала Беларусь.

Менавіта ў гэты час аб буйных праектах у беларускай нерухомасьці заявілі літоўскія мільянэры Уладзімер Раманаў (праект забудовы тэрыторыі стадыёна «Трактар») і Арвідас Авуліс (праект будаўніцтва жылога комплексу на тэрыторыі «Беларусьфільму»). Літоўцы Аўгусцінас і Артурас Ракаўскас разам са стратэгічным партнэрам, фінскай кампаніяй Kesko, набылі найбуйнейшую беларускую сетку будаўнічых крам «ОМА». Мэр Вэнтспілсу Айварс Лэмбэргс, самы багаты латыш, прапанаваў шэраг супольных праектаў па эксплюатацыі тэрміналаў на балтыйскім узьбярэжжы.

Перамовы аб набыцьці кантрольнага пакету Барысаўскага заводу мэдпрэпаратаў пачаў ўладальнік латвійскай фармацэўтычнай фабрыкі Grindex Кіраў Ліпман. Эстонскі інвэстар Індрэк Рахумаа купіў для свайго холдынгу SFG два швейныя прадпрыемствы - «Мілавіцу» і «Юнону». Іншы мільянэр Армін Кару, які некаторы час узначальваў сьпіс самых багатых людзей Эстоніі, пашырыў у гэты час свой гульнявы бізнэс на Беларусь і адкрыў у беларускай сталіцы некалькі казыно Olympic.

Да крызісу заводы ў Беларусі купілі і два буйныя фінскія канцэрны: Olvi - «Лідскае піва», Ingmann - Гомельскую фабрыку марозіва.

Сусьветны фінансава-эканамічны крызыс у 2008-2009 гады крыху зьмяніў структуру балтыйскага інвэставання.

Крызіс «падкасіў» стан некаторых балтыйскіх мільянэраў. Іх праблемы не маглі не адбіцца на беларускіх праектах – па часе рэалізацыі, а таксама на неабходнасьці іх працягу. Гэта тычыцца, напрыклад, праектаў у беларускай нерухомасьці, якія спрабуюць рэалізаваць уладальнік групы UBIG Уладзімер Раманаў і галоўны акцыянэр кампаніі Hanner Арвідас Авуліс. Вымушаны быў за даўгі разьвітацца са сваім пакетам у SFG і, адпаведна, з кантролем над «Мілавіцей» і іншымі беларускімі актывамі Індрэк Рахумаа.

Зь іншага боку, беларуская эканоміка, якая адносна спакойна перажыла складаны пэрыяд сусьветнага крызысу, прыцягнула цікавасьць ня толькі буйнога, але і сярэдняга бізнэсу, які таксама ўлічвае магчымыя пэрспэктывы ад пранікненьня празь Беларусь на рынак адразу трох краін Мытнага саюзу. Частковая эканамічная лібэралізацыя, якую спрабуе правесьці беларускі ўрад, толькі падагравае гэты інтарэс. Невыпадковы і факт адкрыцьця ў 2008 годзе беларускага офісу вядомай балтыйскай юрыдычнай фірмы Sorainen, якая займаецца юрыдычным суправаджэньнем шматлікіх зьдзелак на беларускім рынку.

Нельга сказаць, што буйны бізнэс цалкам саступіў ініцыятыву сярэдняму і малому. Гэта ня так. Няўдалыя спробы Айварса Лэмбэргса і Кірава Ліпмана пачаць сваю справу зь беларусамі не паўплывалі на рост актыўнасьці іх калегаў.

Цяпер праекты ў Беларусі прапрацоўваюць ці пачынаюць рэалізоўваць некалькі буйных фігур балтыйскага бізнэсу. Гэта, напрыклад, літовец Відмантас Кучынскас з Arvi i Ko. Ён зьбіраецца пабудаваць супольна зь «Беларуськаліем» завод па вытворчасьці складаных угнаеньняў. Каля 80 млн. эўра інвэстуе ў стварэньне дрэваперапрацоўчага комплексу пад Магілёвам суўладальнік літоўскай кампаніі VMG Сігітас Паўлаўскас. Пры гэтым частка вытворчасьці зь Літвы будзе перанесеная на новую пляцоўку ў Беларусь.

Уладальнік кампаніі Liepajas рapiers Яніс Вілнітыс ў 2011 годзе пачне вытворчасьць паперы ў Гомелі. Галоўная прычына, якая падштурхнула яго на гэты крок – больш нізкія вытворчыя выдаткі.

Рэгіянальны бізнэсмэн з латвійскага гораду Бауска Ўладзімер Барскоў (кампанія Ruta-M) у пачатку 2011 году зьбіраецца дэмантаваць і перавезьці ў Беларусь свой завод па перапрацоўцы яблыкаў. Яго прывабліваюць больш нізкія цэны на газ і электрычнасьць, а таксама добрая сыравінная база.

Балтыйскія бізнэсоўцы ўсё больш актыўна інвэстуюць у беларускі гандаль, у сэктар паслуг. Сёлета літоўская кампанія Ipsun купіла ў Беларусі фірму «Белфін» і пачала займацца продажам садавіны і гародніны. У бліжэйшым часе можа быць абвешчана аб яшчэ некалькіх буйных і сярэдніх праектах з удзелам прадстаўнікоў балтыйскіх краін – у харчовым гандлі ўраздроб і ў аптэчным бізнэсе.

Радыё Свабода
14 сьнежня 2010
 
Дата публикации:14.12.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:4745
 
Ключевые слова:
Инвестици Экономика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме