https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: "Галоўнай мэтай любога кіраўніка павінен быць клопат пра людзей і іх дабрабыт"


Аб гэтым заявіў учора кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кіраўнікі любога ўзроўню "павінны быць бліжэй да людзей". "Таму што самае вялікае багацце, як бы гэта банальна ні гучала, — гэта нашы людзі. І калі нам удасца павысіць узровень дабрабыту нашых людзей, значыць на два парадкі, на два ўзроўні павысіцца дабрабыт дзяржавы", — сказаў Прэзідэнт.

"Падбор і падрыхтоўка менавіта такіх людзей, якія будуць клапаціцца аб нашым народзе, нашай дзяржаве павінны быць асновай дзяржаўнай кадравай палітыкі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў асаблівую ролю Акадэміі кіравання ў павышэнні кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў сферы кіравання. На думку Прэзідэнта, важна не проста колькасць, а якасць выпускнікоў. Перад Акадэміяй кіравання стаяць вельмі адказныя задачы, паколькі менавіта тут фарміруецца той кіраўніцкі корпус, які павінен займаць кіраўніцкае становішча на прадпрыемствах, у рэгіёнах, у органах улады.

На думку Прэзідэнта, да навучання кіраўніцкіх кадраў неабходна ўкараняць практыка-арыентаваны падыход. Акрамя таго, кіраўнік павінен умець не толькі адказваць на выклікі часу, але, што больш важна і складана, прагназаваць развіццё. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на неабходнасць больш шырокага выкарыстання ў адукацыйным працэсе практычнага вопыту, а таксама бесперапыннасць падрыхтоўкі кіраўніка. Гаворачы аб выкладчыках, кіраўнік дзяржавы выказаў думку, што іх неабходна падбіраць на конкурснай аснове. Адным з асноўных правілаў любога кіраўніка павінен быць глыбокі аналіз перадавога замежнага вопыту і ўкараненне яго ў сябе.

Прэзідэнт у сваім выступленні закрануў таксама і маральны аспект кіраўніка. На яго думку, абсалютна недапушчальнымі для кіраўніцкіх кадраў з`яўляюцца карупцыя і бюракратызм. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў барацьбе з бюракратызмам у краіне ёсць зрухі.

Гаворачы аб ролі дзяржавы ў сучасным свеце, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта зусім не простае пытанне. "Здаецца, мы ўсе разумеем, што такое дзяржава, для чаго яна існуе і чым займаецца. Але варта толькі паглыбіцца ў гэту праблему, як перад намі паўстаюць самыя разнастайныя пытанні: што павінна браць на сябе дзяржава і ад чаго адмаўляцца, — сказаў ён. — Дзяржава — гэта "начны вартаўнік" або гэта штосьці іншае? У розны час у розных краінах падыходы былі неаднолькавыя. Ад гэтага залежалі лёсы народаў, а таксама кадравая палітыка". Адна справа — дзяржава, якая не ўзвальвае на сябе вялікі груз адказнасці і, абмяжоўваючыся мінімумам функцый, проста наглядае за ходам падзей. Іншая — калі яна бярэ на сябе поўную адказнасць за лёс грамадства, за сучаснае і будучае краіны. "Глыбока перакананы, што роля дзяржавы ў сучасным свеце вялікая і вельмі актыўная ва ўсіх сферах, уключаючы эканоміку і палітыку", — сказаў Прэзідэнт.

У пацвярджэнне сваіх слоў ён прывёў прыклад сітуацыі, якую выклікаў сусветны фінансавы крызіс. "Прычына гэтага крызісу якраз у тым, што дзяржава аддала на водкуп прыватнікам, а часам і выпадковым людзям фінансавую сістэму. У выніку абваліліся банкі, абвалілася эканоміка. І калі краіны паспрабавалі выйсці з крызісу, яны перш за ўсё ўзмацнілі ролю дзяржавы. Тады пачалі рабіць і ў Еўропе, і ў Амерыцы тое, што Беларусь рабіла заўсёды, за што нас, і перш за ўсё мяне, пастаянна крытыкавалі", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"У гэты крызіс час паказаў, хто меў рацыю і хто вінаваты. Вывад адзін: дзяржаве быць, і дзяржава, наколькі магчыма, павінна ўмешвацца ва ўсе працэсы жыцця грамадства. Але ні ў якім выпадку не ўмешвацца ў тыя працэсы, дзе яна сёння не можа і не павінна кіраваць", — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларуская дзяржава пры любой сітуацыі можа прымаць эфектыўныя меры і забяспечваць парадак, сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае развіццё і стабільнасць у краіне.

Паводле слоў Прэзідэнта, у памяці людзей засталіся сур`ёзныя наступствы дэструктыўных працэсаў, якія адбыліся ў самым пачатку 1990-х гадоў у выніку распаду Савецкага Саюза. "Як толькі палі прывычныя інстытуты, іх месца імгненна запоўнілі крымінальныя групоўкі. Яны захоплівалі не толькі цэлыя прадпрыемствы, але і рэгіёны. Станавіліся не ценявой, а самай сапраўднай уладай, прымушаючы грамадства жыць па сваіх паняццях, — сказаў ён. — У сярэдзіне 1990-х гадоў нам давялося ўладу аднаўляць літаральна з попелу. І зусім не з-за таго, што так ужо хацелася над кімсьці паўладарыць. Іншага шляху проста не было. Надзеі на прыватную ініцыятыву грамадзян, самаарганізацыю грамадства і самаразвіццё эканомікі тады не было. Бедныя людзі, закрытыя або на мяжы банкруцтва прадпрыемствы, збітае з толку грамадства, разгубленая інтэлігенцыя, выгнаныя з лабараторый на рэчавыя рынкі навуковыя работнікі — хіба можна было патрабаваць ад каго-небудзь з іх стаць лакаматывам, які вывеў бы грамадства з крызісу?"

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ва ўмовах з`яўлення дзеячаў, якія змагаліся за тое, каб канчаткова разбіць дзяржаву, разагнаць кіраўнікоў і распрадаць усю ўласнасць, ім быў абсалютна свядома пачаты працэс умацавання дзяржавы. "Адначасова мы вучыліся эфектыўна кіраваць уласнасцю, гаспадарыць ва ўмовах рынку, развівалі грамадства, набывалі навыкі самакіравання. Гэта значыць, укаранялі ў сябе тыя ж эканамічныя і сацыяльныя інстытуты, што і развітыя краіны, але з розумам", — адзначыў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі быў выбраны шлях удумлівага, пакрокавага ўвасаблення агульнапрынятых стандартаў з улікам спецыфікі пераходных працэсаў у краіне і нацыянальных інтарэсаў.

"Жыццё даказала правільнасць такога падыходу. Прайшлі гады — і мы атрымалі пацвярджэнне сваёй праваты, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. — Таму для Беларусі не падыходзіць трактоўка ролі дзяржавы як "начнога вартаўніка" і пасіўнага наглядальніка, які жывё толькі за кошт падаткаў. Мы зрабілі стаўку на моцную дзяржаву, якая ўзяла на сябе адказнасць за вельмі многія сферы, і пакуль ні разу аб гэтым не пашкадавалі".

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў якасць падрыхтоўкі кадраў у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

"У мяне пакуль не склалася перакананасці ў тым, што наша акадэмія рыхтуе кіраўнікоў, па-першае, і, па-другое, — добрых кіраўнікоў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Рэктар акадэміі Анатоль Маразевіч далажыў кіраўніку дзяржавы аб бягучым стане і планах па развіцці навучальнай установы. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на тое, што нядрэнна было б пабудаваць асобны акадэмгарадок. Кіраўнік дзяржавы задаў пытанне: "У нас што, у гэтых двух будынках не хапае месца для падрыхтоўкі кіраўнікоў, якія нам патрэбны? Калі размова ідзе аб будаўніцтве гэтага новага цэнтра, адразу ўзнікае пытанне: для падрыхтоўкі каго і чаго? У нас і так стаіць пытанне аб лішку падрыхтоўкі кадраў з вышэйшай адукацыяй".

Прэзідэнт падкрэсліў, што, калі б ён бачыў, што навучальная ўстанова рыхтуе свяцілаў і з яе сцен выходзяць сапраўдныя "брыльянты", то акадэмгарадок быў бы даўно пабудаваны. "Мне здаецца, што акадэмія працуе сёння так, як і іншыя ВНУ", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Перад вамі была пастаўлена задача адабраць унікальных хлопцаў і дзяўчат — супердзяцей — і тут іх навучаць. Гэта заўтрашнія прэзідэнты краіны, міністры. Іх відаць ужо ў школе. Яна павінны быць усебакова развітымі людзьмі, гатовымі заўтра павесці за сабой масы", — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да рэктара акадэміі.

Аднак, прадоўжыў Прэзідэнт, для такіх студэнтаў і слухачоў патрэбны і высокапрафесійны прафесарска-выкладчыцкі склад. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць 23 верасня ён сустракаўся з кіраўнікамі гаспадарак і прадпрыемстваў, раёна і вобласці, якія, на яго думку, з`яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы. "Хто ім павысіць іх кваліфікацыю?" — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі пры падборы і расстаноўцы кадраў дзейнічаюць прынцыпы выкаранення кумаўства, кланавасці і зямляцтва.

"Скажу шчыра, я сам сутыкнуўся з гэтай праблемай з першых дзён прэзідэнцтва, калі частка людзей, якія падтрымлівалі мяне ў перадвыбарную кампанію ў 1994 годзе, на наступны дзень пасля майго выбрання прыйшлі да мяне за партфелямі. Яны ўжо размеркавалі паміж сабой кіраўніцкія крэслы", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Але тады Прэзідэнт сказаў, што пасады будуць толькі па здольнасцях.

Звяртаючыся да студэнтаў, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што выказванне "падбор і расстаноўка кадраў, можа, і аддае кансерватызмам, але на самай справе размова ідзе аб важнейшай, калі не ключавой, функцыі кіравання".

"Для мяне яна асабліва важная і адказная, паколькі ў Беларусі Прэзідэнт надзелены вялікімі паўнамоцтвамі. На маім узроўні назначаецца вельмі шмат службовых асобаў. Хтосьці можа падумаць, што ўсё гэта лішні раз падкрэслівае ўладалюбства Лукашэнкі. Але якраз з пункту гледжання публічнай палітыкі гэта не вельмі выгадна Прэзідэнту, і я гэта разумею як ніхто іншы. Таму што за кожнага чалавека, якога назначае асабіста Прэзідэнт, менавіта ён і нясе адказнасць", — падкрэсліў ён.

"Не думаю, што трэба мяняць напрамак знешняй палітыкі, — сказаў Прэзідэнт. — Мы намацалі правільны напрамак знешняй палітыкі — шматвектарнасць". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь пры выбудоўванні знешняй палітыкі зыходзіць з таго, што яе інтарэсы не павінны быць на шкоду суседнім дзяржавам і ўсяму свету. "Мы ні з кім ваяваць не будзем", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў: "Мы вельмі акуратныя ў адносінах да сваіх суседзяў і праводзім такую палітыку, каб яна не была на шкоду ім".

Разам з тым Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што "мы неяк нахіліліся на адно крыло", маючы на ўвазе расійскі напрамак. Ён растлумачыў гэта блізкасцю двух народаў. "Мы выбудоўвалі свае адносіны, перш за ўсё, на ўсходнім напрамку, але да чаго гэта прывяло з-за той палітыкі, якая праводзіцца расійскім кіраўніцтвам, вы бачыце", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі б Венесуэла нам у гэтым годзе не дапамагла, нам было б цяжка, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Яны нас проста выратавалі". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, "мы займаемся многімі праектамі, і Венесуэла прадае нам нафту на нармальных умовах".

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні студэнтаў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, паведаміў, што не збіраецца ствараць асабісты блог, а для інфармавання людзей аб яго дзейнасці існуе афіцыйны сайт кіраўніка дзяржавы.

"Пра асабісты блог я не думаю і не збіраюся яго ствараць, таму што мне гэта проста не патрэбна, — сказаў Прэзідэнт. — А паказаць, які я дасведчаны... Не хочацца мне паказухай займацца". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў аснове яго палітыкі шчырасць і справядлівасць.

На думку Прэзідэнта, наша краіна прайшла перыяд станаўлення і стаіць на парозе якасна новага этапу развіцця. "Размова не аб змене курсу, не аб павароце або развароце, а аб фарсіраваным руху наперад, імклівым рыўку", — сказаў ён.

"Але цяпер ужо мала проста мадэрнізацыі асобных прадпрыемстваў або галін. Беларусь мае патрэбу ў з`яўленні новых галін эканомікі, заснаваных на ведах, інфармацыйных тэхналогіях і завязаных на свае рэсурсы", — лічыць кіраўнік дзяржавы. На яго думку, такімі рэсурсамі з`яўляюцца лес, дрэваапрацоўка, пітная вада. Акрамя таго, Беларусь можа больш эфектыўна выкарыстоўваць другасную сыравіну.

"Нам трэба мадэрнізавацца і мяняць твар эканомікі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Вырашым некалькі стратэгічных задач, адыдзем ад залежнасці па вуглевадародах і гэтак далей — значыць, мы застанёмся як дзяржава. Не — будзем на другарадных ролях, плесціся ў хвасце і думаць: "Ну возьмуць нас у Еўрасаюз, якую-небудзь падачку кінуць — добра. Ну, можа, як нам нейкі лідар прапаноўваў, унутр Расіі ўвайсці, можа, таксама будзе добра". А не хацелася б, каб перад нашай дзяржавай стаяў толькі такі выбар і такая альтэрнатыва", — адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што "шчасце трэба шукаць у сябе". "Нават калі будзе цяжка, складана, я заўсёды папярэджваў, вы хочаце незалежнасці, а за яе трэба дорага плаціць. І ўсе дзяржавы вельмі дорага за яе плацілі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Мінск 27 верасня 2010
БЕЛТА
 
Дата публикации:27.09.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:5338
 
Ключевые слова:
Кадровая политика Выборы в Беларуси Качество образования Образование в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме