https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Адчыняецца «Свет сімвалаў»


Цяпер не трэба бегаць па розных крамах сталіцы ў пошуку тавараў з дзяржаўнай сімволікай: сцягі і рознага тыпу дрэўкі і падстаўкі пад іх, папкі з гербам краіны, сцяжкі з гербамі гарадоў і нават галаграмы — усё гэта цяпер прадаецца ў адным месцы. Па праспекце Незалежнасці, 77 адчыняецца новая крама "Свет сімвалаў".
 І яшчэ — гэта першая крама ў краіне, у якой выдавецтва "Беларускі дом друку", выстаўляе сваю новую прадукцыю. Сёння буйнейшае ў рэспубліцы паліграфічнае прадпрыемства займаецца не толькі тыражаваннем газет, часопісаў, кніг, выпускам упакоўкі і друкаванай рэкламнай прадукцыі, але і друкам... па тканіне.

— Мы купілі абсталяванне, аналагаў якому у Мінску няма. Яно дазваляе друкаваць на тканіне шырынёй у 3 метры і 20 сантыметраў (на гэты момант у прадпрыемстваў Беларусі, якія займаюцца друкам па тканіне, максімальная шырыня — 1,5 метра), што дазволіць нам выпускаць сцягі вялікіх памераў, — распавядае генеральны дырэктар выдавецтва Раман Алейнік. — Сёння многія фірмы выпускаюць сцягі. Але для такой прадукцыі ёсць пэўныя стандарты, што не заўсёды вытрымліваецца. Нашаму прадпрыемству даручылі тыражаванне дзяржаўнай сімволікі, таму што "Дом друку" характарызуе тое, што любая праца ў яго пачынаецца з вывучэння нарматыўнай дакументацыі. Дзяржаўны сцяг мае пэўныя прапорцыі, пэўныя колеры, прычым гэта не проста чырвоны і зялёны, а колер, агавораны ДАСТам, адценні не дапускаюцца, колернасць кантралюецца пэўнымі прыборамі. Акрамя таго, некаторыя фірмы эканомяць на фарбах, у выніку праз некаторы час зялёны колер ператвараецца, скажам, у блакітны, чырвоны — у малінавы, і так скажаецца дзяржаўная сімволіка, што недапушчальна. Зараз напрацоўваем вопыт па друку на розных тканінах, спрабуем працаваць у тым ліку і з айчыннымі (так, магілёўскі "Магатэкс" выпускае палімерныя тканіны, прыдатныя для друку). Робім рэпрадукцыі на імітацыі палатна, днямі раздрукавалі малюнкі Шагала...

Дарэчы, у краме "Свет сімвалаў", акрамя прадметаў і сувеніраў з дзяржаўнай сімволікай, можна будзе набываць і іншую друкаваную па тканіне прадукцыю. Так, аўтааматарам прапануюцца сцяжкі, якія мацуюцца на машыне, з надпісам "За Беларусь!" альбо "Я люблю Беларусь!". Замежная моладзь не саромецца такім чынам выказваць патрыятызм, а што — наша горшая?

— На сённяшні дзень наша прадпрыемства гатовае друкаваць дзяржаўную сімволіку ў любой колькасці, але гэта той від прадукцыі, які не трэба друкаваць штодзень з ранку да вечара, таму мы дадаём і камерцыйную прадукцыю, каб мець эфектыўнасць гэтай вытворчасці. Мы разглядаем дастаткова шырокі асартымент. Мы гатовыя задаволіць любога заўзятара БАТЭ ці "Дынама-Мінск" шалікамі, сцягамі і гэтак далей. Нашы дызайнеры напрацоўваюць ідэі па стварэнні прадукцыі для модніц, зараз распрацавалі прыгожыя шалікі для жанчын, зможам ствараць эксклюзіўныя тканіны. Мы прапрацоўваем ідэю аб супрацоўніцтве з дамамі моды, каб па іх распрацоўках друкаваць тканіны. Мы можам рабіць тканіну для спартыўнай вопраткі, дарэчы, набылі спецыяльную тканіну для вырабу хакейнай формы. Яшчэ адзін накірунак — афармленне выстаў, сцэн і стварэнне сувенірнай прадукцыі для фестываляў, святаў. Ёсць задума выйсці і на Міністэрства культуры з прапановамі па афармленні сцэн для розных спектакляў, таму што з полак шырынёй 3 метры 20 сантыметраў не складана рабіць дэкарацыі. Набылі і вышывальную тэхніку — і сёння можам не толькі друкаваць па тканіне, але і вышываць. Можам быць карыснымі розным арганізацыям пры выпуску сувенірнай ці прэзентацыйнай прадукцыі. Скажам, зможам на бейсболках вышыць назву газеты "Звязда".

— А якая колеравая гама?

— Абсалютна любыя адценні, выключэнне толькі ў тым, што струменны друк не можа зрабіць імітацыю пазалоты і серабрэння. Дакладнасць друку дастаткова высокая. У нас вельмі вялікі асартымент матэрыялаў: так, для вулічных сцягоў патрабуецца адзін матэрыял (каб іх на ветры моцна "не паласкала"), для кабінетных другі, больш шчыльны, каб сцяг добра глядзеўся. У асноўным працуем з нямецкімі тканінамі, якія дазваляюць атрымліваць вельмі добрую прадукцыю пры друку на струменных прынтарах.

— А ці плануеце выпускаць і новыя віды ўпакоўкі?

— Мы ўвайшлі ў нішу ўпакоўкі. Ужо супрацоўнічаем з цэлым шэрагам прадпрыемстваў: напрыклад, для барысаўскіх медпрэпаратаў робім упакоўку, для аршанскага ільнокамбіната выпускаем празрыстыя стыльныя тубы. Стараемся ўвайсці ва ўпакоўку топ-узроўня (гэта парфумерыя, касметыка, тытунёвыя вырабы, дзе патрабаванні да якасці самыя высокія). Ужо заключылі кантракт, і ў снежні павінны атрымаць новую італьянскую тэхніку. У нас ужо ідуць перамовы з некаторымі кніжнымі выдаўцамі. Мы можам рабіць пераплёты з тканіны для дарагіх, падарункавых кніг. Мала таго, для падарункавага выдання мы можам зрабіць футляр. Атрымліваецца шматварыянтнасць прапаноў на рынку. Раней мы выпускалі кнігі, часопісы, газеты, пасля выйшлі на спецвытворчасць беларускіх пашпартоў, заняліся ўпакоўкай, і вось сёння купілі цудоўную японскую тэхніку і прапануем найноўшы друк на тканіне. Пашырылі групу дызайнераў.

Дарэчы, у салоне-магазіне "Свет сімвалаў" таксама будзе працаваць дызайнер, і тут можна будзе заказваць тканіны і рэчы з пэўнымі малюнкамі на свой густ. Прычым аформіць заказ на пэўную прадукцыю і праплаціць яго можна будзе прама ў краме.

Алена Дзядзюля
30 верасня 2010
Звязда
 
Дата публикации:01.10.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:5845
 
Ключевые слова:
Символика магазин символики
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме