https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі кожнае пятае дзіця нараджаецца па-за шлюбам


Кожнае трэцяе дзіця ў Эўразьвязе нараджаецца па-за шлюбам. У лідэрах —Эстонія, у 2008 годзе па-за шлюбам у гэтай балтыйскай краіне нарадзілася 59% дзяцей, на другім месцы — Швэцыя — 54,7%, далей ідуць Славенія і Францыя — больш за 52%. Менш за ўсё пазашлюбных дзяцей нарадзілася ў Грэцыі — каля 6%. А сярэдні паказьнік па Эўропе, паводле дадзеных Эўрастату, 35%.
Якая сытуацыя ў Беларусі, чаму жанчыны адважваюцца нараджаць па-за шлюбам, як ставіцца да гэтага сучаснае грамадзтва?

У старадаўнія часы нарадзіць дзіця па-за шлюбам лічылася амаральным учынкам. Этнограф Тацяна Валодзіна, што да Беларусі, распавяла:

«Канечне, такія выпадкі былі, інакш ня ўзьнікла б цэлага плясту фальклёру, зьвязанага вось з гэтымі байстручкамі, крапіўнічкамі, падплотнікамі. Найперш, жанчыну асуджалі. Прычым, формы асуджэньня часам былі даволі жорсткія. Але што цікава — вось гэта пазашлюбнае дзіцятка часта называлі Багдан, як дадзены Богам, І гэтаму маленькаму чалавечку прыпісваліся не зусім звычайныя ўласьцівасьці. Лічылася, што гэтае дзіця ў будучым будзе мець нейкія магічныя здольнасьці, як бы кампэнсуючы сваё непаўнавартаснае нараджэньне. Таму ўсё ж такі народ, выстаўляючы маральны імпэратыў „ня мець байструка“, пры яго наяўнасьці пэўнае спачуваньне і апраўданьне знаходзіў».

Цяпер грамадзтва больш цярпліва ставіцца да гэтага. Нараджаць у шлюбе ці не — асабісты, самастойны, сьвядомы выбар жанчыны, кажа сямейны псыхоляг Натальля Ўдавенка:

"Ўсё ж такі народ, выстаўляючы маральны імпэратыў „ня мець байструка“, пры яго наяўнасьці пэўнае спачуваньне і апраўданьне знаходзіў.



«Стаўленьне да дзяцей, народжаных па-за шлюбам, істотна зьмянілася. Гэта ўжо рэальнасьць нашых дзён. Гэта часьцяком выбар жанчыны, прычым выбар апраўданы і сьвядомы. Зразумела, бывае, што жанчына хоча замуж, але не атрымоўваецца. Але вельмі часта людзі выбіраюць ня штамп у пашпарце. Не афіцыёз, а нешта больш глыбокае».

Паводле статыстыкі, у Беларусі кожнае пятае дзіця нараджаецца па-за шлюбам, паведаміў супрацоўнік прэсавай службы Белстату:

«За 2009 год было 20% ад усіх народжаных. У 2005 годзе, для параўнаньня, было 24,2%. У нас гэты працэнт, атрымліваецца, не расьце. У эўрапейцаў, я так разумею, ёсьць нейкія прэфэрэнцыі, для мацярок-адзіночак там нейкія льготы ёсьць. Ёсьць у іх сэнс. У нас, відаць, аўчынка ня вартая вычынкі».

Сапраўды, калі ў савецкі час так званая маці-адзіночка мела шмат ільготаў — бясплатнае харчаваньне для дзіцяці, даплаты, яе ставілі ў ільготную чаргу на кватэру, то цяпер яна мае права толькі на надбаўку ў памеры 75% да дапамогі да дасягненьня дзіцем паўтара гадоў (атрымліваецца каля 100 тысяч рублёў), а потым надбаўка скарачаецца да 40%. Вось фактычна і ўсё. Тым больш, што цяпер ня ставіцца прочырк і ў пасьведчаньні аб нараджэньні ў графе «бацька» — маці можа запісаць дзіця на сваё прозьвішча зь любым імем і імем па бацьку.

Жанчын, што нарадзілі па-за шлюбам, умоўна можна падзяліць на дзьве часткі. Маладыя дзяўчаты ва ўзросьце да 20 гадоў, часьцяком непаўналетнія, якія выпадкова зацяжаралі, і сталыя жанчыны пасьля трыццаці, якія зрабілі сьвядомы выбар. Дарэчы, каля 40% маладых мацярок ва ўзросьце да 20 гадоў ня ў шлюбе. І калі раней былі выпадкі, калі малалетнія маці адмаўляліся ад дзетак яшчэ ў раддоме, што цяпер такой праблемы амаль няма, кажа дырэктар Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня Натальля Пасьпелава:

«Калі мы бачылі па даце нараджэньня маці, што яна непаўналетняя, мы накіроўвалі запыты ў органы апекі на месцы жыхарства з просьбай правесьці работу з бацькамі дзіцяці, маці-зязюлі. І ў нас 100% выпадкаў, калі ўсе бацькі праявілі грамадзянскую сьвядомасьць, чалавечую падтрымку і сказалі: «Што ж ты, дурніца, баялася сказаць, што зацяжарала. Ды мы возьмем тваё дзіця і выгадуем!»

Што да другой катэгорыі жанчын, якія сьвядома нарадзілі дзіця па-за шлюбам, сямейны псыхоляг Натальля Ўдавенка тлумачыць іх учынак так:

«Тыя, каму пасьля 30 — у іх звычайна нейкі вопыт ужо ёсьць. Шмат разьведзеных сярод такіх жанчын, ці яны бачаць ня вельмі добрае жыцьцё сваіх замужніх сябровак. То бок выбар больш усьвядомлены, чым гэта было раней. Вельмі часта выбірае жанчына, хоча яна замуж ці не, трэба ёй шлюб, ці не. Тым больш, калі пытаньне стаіць пра дзіця».

Цалкам пасьпяховая, забясьпечаная спадарыня Ірына, эканаміст па спэцыяльнасьці, адна выхоўвае сына, якога нарадзіла па-за шлюбам:

«Я пайшла на гэты крок, усё сур’ёзна абдумаўшы, і ніколькі не шкадую. Я нарадзіла сына, яму хутка будзе 10 гадоў, і вельмі задаволеная. Я вельмі добра эмацыйна і свабодна сябе пачуваю, я не залежу ад мужа. У наш век мужчыны здрабнелі: то ў іх няма настрою, то ў іх няма працы, то ў іх нейкая дэпрэсія. А жанчына адказвае за сябе і сваё дзіця, які б у яе ні быў настрой».

Пра большую адказнасьць жанчын і больш сур’ёзнае стаўленьне да дзіцяці разважае і спадарыня Сьвятлана, спэцыяліст у галіне рэклямы:

«Проста ў грамадзтве пераасэнсоўваецца статус і роля мужчыны і жанчыны. Мужчыны ўсё менш хочуць браць на сябе адказнасьць і ўсё менш гатовыя да гэтай адказнасьці. І спачатку жанчыны доўга чакаюць і доўга шукаюць усё ж такі, як я кажу, імя па бацьку. І проста калі надыходзіць нейкі час, жанчына вырашае, што лепш яна будзе выхоўваць дзіця сама і адна, чым яна проста пакладзе жыцьцё на пошук таго самага імя па бацьку».

Псыхолягі, пэдагогі выказваюць розныя, часам супярэчлівыя меркаваньні — з кім лепш дзіцяці: з абодвума бацькамі, калі ў сям’і паміж імі дрэнныя адносіны, ці з адной маці, якая гадуе дзіця. Сямейны псыхоляг Натальля Ўдавенка выказала такое меркаваньне:

«Ёсьць нюансы, калі жанчына зусім адзіночка, і няма мужчыны, і няма адносінаў. Тут, зразумела, дзіця можа пакутаваць, таму што ўвага толькі жаночая, але ўвагі яно атрымоўвае ня так шмат, таму што маці, якая адна гадуе дзіця, павінна напружана працаваць. Калі жанчына знаходзіцца ў адносінах з мужчынам, то можна разглядаць сытуацыю, як у звычайнай сям’і. Бо цяпер ужо мала зьвяртаюць увагу, гэта грамадзянскі шлюб ці афіцыйны. І тут будуць праблемы, як у звычайных сем’ях. Я думаю, што больш абдзеленыя дзеці, у якіх толькі адна маці».

Аднак жанчына цалкам мае маральнае права рабіць свой выбар, сьцьвярджае сямейны псыхоляг:

«Ведаеце, я зараз чакаю чацьвёртае дзіця і не хачу рэгістраваць шлюб. Я разьвялася з мужам з уласнае ініцыятывы, і цяпер афармляць адносіны я не хачу. Гэта мой асэнсаваны выбар. Жанчына, калі бачыць, што мужык клясны, і яна пачувае сябе зь ім камфортна, не заўсёды хоча гэты штамп у пашпарце атрымаць. Маўляў, мне зь ім добра, і дзякуй Богу. Калі жанчына хоча замуж, тут узьнікае шмат пытаньняў: навошта ёй гэта патрэбна, чаго яна баіцца, якія ў яе мэты».

Натуральна, асабістае жыцьцё — сфэра надзвычай далікатная, але ў публічных людзей і гэтая сфэра робіцца публічнай. Два гады таму на беларускай публічнай авансцэне зьявіўся Коля Лукашэнка, тады яшчэ чатырохгадовы пазашлюбны сын кіраўніка дзяржавы. У талерантным беларускім грамадзтве ніякага масавага абурэньня гэтым учынкам першай асобы дзяржавы не назіраецца…

Радыё Свабода
14 верасня 2010
Іна Студзінская
 
Дата публикации:15.09.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:5127
 
Ключевые слова:
демография рождаемость внебрачные дети
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме