Міністр культуры Богдан Здраеўскі даў эксклюзіўнае інтэрв’ю Еўрарадыё ў часе візіту ў Мінск.
Упершыню за час незалежнай Беларусі да нас прыехаў польскі міністр. Богдан Здраеўскі яшчэ пасля прэс-канферэнцыі прызнаўся, што перажыў шок: ён цудоўна без перакладчыка разумее беларускую мову!
Пра канкрэтныя вынікі і дамовы з міністрам культуры Беларусі Паўлам Латушкам мы паведамлялі раней. Цяпер – гутарка з Богданам Здраеўскім па выніках візіту.
Еўрарадыё: Пане міністру, ужо было агучана, што ваш візіт – культурніцкі, які мае на мэце наладжванне кантактаў. Адначасова вядома, што за час незалежнай Беларусі гэта – першы візіт польскага міністра да нас. Я хачу спытаць у вас: які ў гэтым палітычны складнік?
Богдан Здраеўскі: Палітычнага складніку тут няшмат. Ёсць складнік маёй сімпатыі і жадання паправіць нашыя стасункі, зменшыць адлегласць. Гэты складнік агромністы, гіганцкі. У мяне ўражанне, што мы вельмі блізкія народы, аб’яднаныя гістарычнымі кантактамі і супольнымі інтарэсамі. Шкада таго часу, змарнаванага на непаразуменні, калі не было ніякіх кантактаў, хаця мы суседзі. Гэты час я лічу страчаным, але тое, што нешта страцілі, – не значыць, што гэта мусіць быць назаўжды. Гэта трэба вяртаць – працай, кантактамі, супрацай. Мой візіт у Мінск павінен збудаваць некалькі мостаў. Найперш – супраца па Годзе Шапэна, які нас аб’ядноўвае. Будова супрацы па святкаванні 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, якая нас аб’ядноўвае. Каб збудаваць супрацу ў справе захавання памяці пра Станіслава Манюшку, які нас аб’ядноўвае. Усё гэта дазваляе сказаць, што мы маем шмат рэчаў, якія нас аб’ядноўваюць, але над якімі мы не працуем. А працуем мы чамусьці над рэчамі, якія нас падзяляюць. Мае размовы сёння з міністрам Латушкам вельмі добрыя. Мы распачынаем супрацоўніцтва мастацкіх школаў, такіх інстытуцыяў, як Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны музей, Нацыянальная опера. Мы мусім дапамагаць моладзі, якая спрабуе сябе ў кінематаграфіі, пластычных мастацтвах, візуальных мастацтвах, музыцы. Для мяне вельмі важна, што ў Год Шапэна мы паспрабуем наладзіць сувязі ў галінах, дзе раней гэтых сувязяў не было зусім. У абшарах, якія пераходзяць даслоўнае разуменне культуры. Гэта могуць быць дакументальныя, мастацкія фільмы, выдавецкія праекты, фестывалі песні, мастацтва. Але гэты дзень, дзень сённяшні, для мяне значыць разбурэнне пэўнага бар’еру, пасля якога нашая супраца ёсць клопатам, а не козырам.
Еўрарадыё: А ці задумваліся вы раней, перад візітам, колькі ў нас агульнага?
Богдан Здраеўскі: Я ведаю Беларусь, ведаю Крэсы, ведаю гісторыю. Да гэтага візіту рыхтаваўся пільна, бо частка маёй сям’і паходзіць з усходу. І іх вялікі сантымент да культуры, традыцый, кулінарных страваў культываваўся ў доме. Ведаю, што значыць народная культура Беларусі. Гэта – скарб! Гэта нешта, што будавала самабытнасць, адчуванне годнасці, што несла мастацтва праз стагоддзі. Аднак поруч з народнай культурай беларуская дзяржава мусіць не забывацца пра фенаменальныя імёны ў сваёй культуры: Міцкевіч, Манюшка, Нэман… На жаль, гэтыя імёны не працуюць у Еўропе, не атаесамляюцца з Беларуссю. А павінны! Як і спадчына Радзівілаў. Усё гэта мусіць будаваць масты, тэрыторыю супрацоўніцтва, а не бар’еры. Я сёння быў у Нясвіжы і мушу сказаць, што мы павінны тут актыўна супрацоўнічаць. Ёсць вялікі шанец, што Беларусь будзе бліжэйшая да Польшчы, чым была дагэтуль.
Еўрарадыё: Пане міністру, я ведаю, што ў Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах існуюць пэўныя стэрэатыпы пра Беларусь. Якія з гэтых стэрэатыпаў былі разбураныя сёння для вас?
Богдан Здраеўскі: Я грэбую стэрэатыпамі. Гэта мая жыццёвая пазіцыя – ненавіджу стэрэатыпы, а жадаю размаўляць і разбураць бар’еры. Сёння ўдалося пераадолець шмат бар’ераў. Не адмаўляю, што палітычная розніца між Польшчай і Беларуссю даволі істотная. Але абшар культуры і абшар такіх беспасярэдніх кантактаў між людзьмі ёсць шмат цікавейшы, вольны ад стэрэатыпаў, поўны ўзаемнага цяпла і цікаўнасці. Тое, што нас яднае і не дзеліць. Калі б я ацэньваў у такіх простых прапорцыях, якія ёсць жаданні кантактаў між Польшчай і Беларуссю чалавека да чалавека, а не палітыка да палітыка, то гэта будзе 80 на 20. 80% — каб гэтыя кантакты былі як мага больш цёплыя і прыязныя.
Еўрарадыё: Я ведаю, што рэстаўрацыя Нясвіжскага замка спазнала многа негатыву ў Польшчы праз знішчэнне аўтэнтычных частак замка. З таго, што вы пабачылі, што можаце сказаць?
Богдан Здраеўскі: Не выключаю, што былі памылкі і недасканаласці альбо рэчы, якія вынікаюць з браку ведаў. Але гэта не было злой воляй – і тое вельмі істотна і важна. Тое, што зроблена ў Нясвіжы, заслугоўвае павагі, бо пры сціплых сродках было зроблена сапраўды вельмі шмат. Я думаю, што ў Нясвіжы мы перакрочылі мяжу ўзаемных непаразуменняў. У абодвух бакоў з’явілася зычлівасць і талеранцыя.
Еўрарадыё: Які наступны рэальны крок у стасунках між краінамі?
Богдан Здраеўскі: Я лічу, што 2010 будзе пераломны, але ў найлепшым значэнні гэтага слова. Мы паставілі за мэту актывізаваць стасункі па многіх пунктах, наладзіць супрацу нашых бібліятэк, музеяў, оперы. Гэта можа быць пералом.