https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусам лічаць за лепшае не нагадваць, па кім гучыць звон


Беларускія ўлады практычна дапамаглі сваякам ахвяраў, але сцягі прыспускаць не сталі.
Сёння па ўсім перыметры межаў Беларусі — афіцыйная жалоба. У сувязі з гібеллю польскай эліты ў авіякатастрофе пад Смаленскам дзень 12 красавіка аб`яўлены жалобным у Расіі, ва Украіне, у Літве, Латвіі, іншых краінах ЕС. І нават у далёкай Бразіліі. У Польшчы жалоба будзе доўжыцца сем дзён. Беларускія ўлады практычна дапамаглі сваякам ахвяраў, але сцягі прыспускаць не сталі.

Ва ўсякім выпадку, на той момант, калі пішуцца гэтыя радкі, такі намер не анансуецца. Прэс-сакратар прэзідэнта не ў курсе. Дэпутат Сяргей Маскевіч тлумачыць сітуацыю "працяглымі выхаднымі". Сам Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў турнэ па сельскай глыбінцы. Аб`яўлена, што будзе знаёміцца з ходам пасяўной, наведае сыраробны завод…

І ўжо зразумела, што момант для сімвалічнага кроку ў многім страчаны.

А вось украінскі прэзідэнт Віктар Януковіч сёння асабіста прынёс кветкі да польскага пасольства, зрабіў запіс у кнізе спачуванняў.

Дзеля справядлівасці трэба зазначыць: гэтымі днямі беларускія ўлады дапамаглі палякам справай. Без цяганіны, дакладна прынялі чартэры з Варшавы ў аэрапорце Віцебска. Беларускі бок спрасціў візавыя фармальнасці для сваякоў загінулых, узяў на сябе расходы. Палякаў на спецыяльна выдзеленым транспарце пераправілі ў Смаленск.

Многія беларусы прыйшлі са свечкамі і кветкамі да пасольства Польшчы ў Мінску. За душы загінулых маліліся ў нашых храмах. Але на вышэйшым дзяржаўным узроўні справа абмежавалася выказваннем спачування.

Але ж трагедыя здарылася блізу самай мяжы Беларусі. Дый наогул — ці трэба разжоўваць, наколькі цесна пераплецены гістарычныя лёсы нашых народаў? Дарэчы, этнічных палякаў у нас — пад 400 тысяч. Абласны горад!

Так, у гісторыі суседства двух народаў было ўсялякае. Уласна, і зараз, калі браць афіцыйны ўзровень, ідыліяй не пахне. Скандал вакол апальнага Саюза палякаў на Беларусі крыху сапсаваў адносіны Мінска не толькі з Варшавай, але і з ЕС у цэлым.

Беларускае кіраўніцтва апошнімі тыднямі якраз і адкручвала сітуацыю назад. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў стварыць сумесную камісію для вырашэння канфлікту. Праўда, яе працу пакуль не назавеш тытанічнай, але польскі бок ацаніў сам жэст.

Здавалася б, вось зараз і зрабіць яшчэ адзін важны, высакародны жэст. Афіцыйны Мінск несумненна выйграў бы і маральна, і, калі ўжо на тое пайшло, палітычна, аб`явіўшы жалобу ў сувязі з гібеллю прэзідэнта і дзесяткаў прадстаўнікоў эліты суседняй краіны.

Але 12 красавіка ў Беларусі — звычайны выхадны. А напярэдадні, калі тэлеканал "Россия" паказваў пранізлівы фільм Анджэя Вайды "Катынь", па беларускім гібрыдным варыянце канала пусцілі "Танцы з зоркамі".

Чаму ж тутэйшае высокае начальства не палічыла патрэбным аб`явіць жалобу?

"Чарговым разам праявілася філасофія маральнай ізаляцыі ад глабальных працэсаў, — мяркуе палітолаг Валерый Карбалевіч. — А прасцей кажучы — местачковасць мыслення".

На яго думку, правячым вярхам востра не хапае адчування дачынення да сучаснага ўзаемазвязанага свету. "Беларускія ўлады проста не гатовы прыняць гуманную філасофію новага глабальнага свету ХХI стагоддзя, заснаванага на агульнасці гістарычных лёсаў, на тым, што чужога гора не бывае", — кажа аналітык.

Ён нагадвае: у 2001 годзе пасля страшнай атакі тэрарыстаў на Нью-Йорк беларускі афіцыйны лідэр так і не прыехаў у амерыканскае пасольства выказаць спачуванне. А ў 2004 годзе, калі ўвагу ўсяго свету прыкавала трагедыя ў расійскім Беслане, у нас быў аб`яўлены рэферэндум па пытанні "пажыццёвага прэзідэнцтва", як адразу назвалі гэтую справу злыя языкі. Сумнеўны плебісцыт не без разліку быў пракручаны пад шумок Беслана, казалі тады апаненты.

Дарэчы, і пасля тэрактаў у Расіі Мінск жалобу не аб`яўляў, хаця фармальна ў нас саюзная дзяржава.

Апрача ўсяго іншага, у такіх выпадках беларускія вярхі "не хочуць парушаць сакральную стабільнасць", мяркуе Карбалевіч. У нас жа па савецкай схеме ўзмоцнена культывуецца сацыяльны аптымізм, насаджаецца стэрэатып ідылічнага астраўка ў бушуючым свеце. Вядома, усё гэта — дзякуючы мудраму кіраўніцтву.

А тут, уявіце сабе, сцягі з чорнай паласой, сумная музыка… Або сірэны, як у Варшаве і іншых гарадах. Навошта палохаць народ, уносіць смуту ў дрымотную свядомасць электарату?

Жаданнем "не ўносіць смуту" ў масавую свядомасць тлумачыцца, на думку эксперта, і староннасць беларускіх уладаў ад тэмы Катыні. Такое ўражанне, што яна тычыцца толькі польска-расійскіх адносінаў. Між іншым дагэтуль не абнародаваны гэтак званы беларускі спіс расстраляных афіцэраў.

Прычым нам, беларусам, праблему трэба ўспрымаць шырэй. Размова ж не толькі пра тое, што частку палонных афіцэраў польскай арміі энкавэдысты расстралялі ў 1940 годзе на тэрыторыі БССР. Гаворка ідзе пра тое, што сярод ахвяраў жудаснай спецаперацыі былі тысячы нашых землякоў, якія мелі польскае грамадзянства (да верасня 1939-га Беларусь была разрэзана мяжой папалам).

Але вышэйшыя чыноўнікі сённяшняй Беларусі ва ўпор не бачаць тут праблемы. Маўляў, наша хата з краю. Ад трагедыі пад зборным грыфам "Катынь" (хаця эліту тагачаснай Польшчы, уключаючы этнічных беларусаў, забівалі і ў Харкаве, і ў нас) Мінск імкнецца адмежавацца.

На думку Валерыя Карбалевіча, тут усё ўпіраецца ў ідэалагічны фактар. "Улады ў прынцыпе не хочуць акцэнтаваць увагу на сталінскіх рэпрэсіях, на бесчалавечнасці сталінізму як з`явы", — мяркуе аналітык.

Сапраўды, што там Катынь, калі высокае начальства не любіць і Курапаты — месца масавых расстрэлаў сталінскіх часоў з цяперашняй мінскай кальцавой! Затое спраўна возяць ідэйна блізкіх гасцей кшталту Уга Чавеса на абсталяваную з размахам мемарыяльную "Лінію Сталіна".

"Лінія Сталіна" ў шырокім, сімвалічным сэнсе перакрывае Беларусі шлях у дэмакратычную супольнасць нацый.

Сёння афіцыйна смуткуюць усе нашы суседзі. І толькі Беларусь зноў выпала з кантэксту.

Тутэйшае начальства часта наракае на дыскрымінацыю, двайныя стандарты. Але аб`явіць жалобу — гэта ж не ў Савет Еўропы ўступіць, калі ўсялякіх умоў процьма. Тут дастаткова пераступіць цераз уласныя комплексы.

На жаль, на такі крок пакуль не хапіла духу. Хаця рабіць такія крокі ў прынцыпе ніколі не позна.

Аляксандр Класкоўскі,      БелаПАН.
 
Дата публикации:12.04.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:9906
 
Ключевые слова:
жалоба касастрофа Смоленск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме