Як Захад спрабуе ўцягнуць Беларусь у вайну. Аляксандр Лукашэнка расклаў усё па палічках
"Вайна там недзе далёка: у Афганістане, Сірыі, Лівіі. Вайна ўжо ў нас: за нашым плотам востры канфлікт, унутры - вы бачыце, што адбываецца. Адбываецца тое, аб чым я вас папярэджваў у 2020 годзе: яны паспрабавалі ўсё тады і падышлі да адзінага варыянта - ваеннага, каб нас зламаць. Гэта і адбываецца. Падстава заўсёды знойдзецца. Беларусь спрабуюць уцягнуць у вайну. Асабліва стараюцца нашы суседзі. Гэтыя факты не схаваеш", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Факт першы
Прэзідэнт звярнуў увагу, што на ваенныя патрэбы толькі ў 2023 годзе Польшча плануе накіраваць амаль 21 млрд еўра, або прыкладна 3 працэнты ад ВУП. Гэта на 70 працэнтаў больш, чым у 2022-м. Да 2024 года гэта лічба можа вырасці да 28 млрд еўра - больш як 4 працэнты ад ВУП. "Гэта ў два разы больш, чым патрабавала НАТА. Навошта? Хто ёй, Польшчы, пагражае?" - задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.
Факт другі
Узмоцненымі тэмпамі ідзе і пераўзбраенне польскай арміі. Прычым зброяй наступальнага характару. Толькі ў адпаведнасці з апошнімі кантрактамі Польшча ў бліжэйшы час атрымае 366 танкаў "Абрамс" і 1000 паўднёвакарэйскіх "Чорных пантэр", а таксама 900 самаходных гаўбіц К9А1, 38 пускавых установак РCЗА "Хаймарс", 50 ПТРК "Джавелін", 1500 БМП "Барсук" уласнай вытворчасці.
Факт трэці
"Прынята рашэнне аб павелічэнні колькасці ўзброеных сіл да 300 тысяч чалавек да 2035 года. Гэта значыць практычна ў два разы больш, чым Польшча мае сёння. Рэалізацыя гэтых планаў выводзіць Варшаву на лідзіруючую пазіцыю сярод краін НАТА ў Еўропе. І гэта робіцца амерыканцамі свядома", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Факт чацвёрты
Адначасова паскоранымі тэмпамі ідзе перакідка войскаў НАТА на ўсход. Групоўка блока толькі ў Польшчы і краінах Балтыі сёння налічвае больш за 21 тыс. ваеннаслужачых, 250 танкаў, амаль 500 бронемашын, каля 150 самалётаў і верталётаў. "І ўся гэта армада дэманстратыўна трэніруецца ля граніц Беларусі і Расіі. Пытанне тое ж: навошта?" - сказаў Прэзідэнт.
Факт пяты
Акрамя таго, у Польшчы поўным ходам ідзе фармаванне нейкіх палкоў, харугваў, легіёнаў для далейшага перавароту ў Беларусі, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, з часам усе гэтыя факты будуць абнародаваны, пакуль жа "ідзе карпатлівая, закрытая работа".
"Але паверце на слова, я вас ніколі не падманваў: яны рыхтуюцца ўварвацца на тэрыторыю Беларусі для знішчэння нашай краіны, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Робяць з нашых збеглых баевікоў. А па-простаму - бандытаў, якіх не шкада. Першы досвед яны сёння атрымліваюць ва Украіне. Праўда, больш як гарматнае мяса".
Факт шосты
"Адначасова рыхтуюць і закідваюць тэрарыстаў у нашу краіну для правядзення дыверсій і актаў запалохвання. Спрабуюць стварыць падпольныя экстрэмісцкія ячэйкі для каардынацыі пратэснай дзейнасці. Перадаюць узбраенне і фінансавыя сродкі. Вы думаеце, усё гэта проста так? У іх ёсць канкрэтныя планы, і яны не саромеюцца пра гэта гаварыць адкрыта", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт прывёў некалькі цытат военачальнікаў краін НАТА. Так, генеральны інспектар Узброеных сіл Германіі генерал-палкоўнік Цорн 8 верасня 2022 года заявіў: "Беларусь можа ўступіць у вайну. У гэтым выпадку краінам - членам НАТА трэба пачаць тайныя аперацыі супраць цэлей на яе тэрыторыі. НАТА павінна падрыхтавацца падтрымаць ваеннымі сродкамі палітычныя змяненні ва Усходняй Еўропе. Такімі пераменамі могуць стаць дэмакратычная рэвалюцыя і народнае паўстанне ў Беларусі".
Міністр абароны Польшчы Блашчак у канцы мінулага года сказаў: "Калі Украіна не зможа дасягнуць вырашальнай перамогі на ўсходзе, то НАТА павінна сур`ёзна разгледзець пытанне адкрыцця другога фронту - супраць Беларусі". Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, на адной з закрытых нарад Блашчак агітаваў прысутных наконт гэтага.
Сваю заяву зрабіў і камандуючы 101-й паветрана-дэсантнай дывізіяй ЗША генерал-маёр Макгі: "Беларусь з`яўляецца адной з магчымых цэлей. 101-я дывізія падрыхтавана для заняцця стратэгічных пунктаў на тэрыторыі Беларусі".
"Гэта літаральна некалькі фактаў, здабытых нашай разведкай. У існуючых абставінах і ваенна-палітычнай абстаноўцы вакол нашай краіны мной былі актывізаваны - настойліва - перагаворы з Прэзідэнтам Расіі па вяртанні ў Беларусь ядзернай зброі. Менавіта па вяртанні ядзернай зброі, якая была выведзена ў 1990-я гады", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
31 сакавіка, Мінск
БЕЛТА
31 сакавіка, Мінск
БЕЛТА