https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка звернецца са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і парламента


Аб гэтым паведаміў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка.
"Я хацеў бы адзначыць, што пытанні развіцця дзяржавы і грамадства знаходзяцца ў пастаянным полі зроку кіраўніка дзяржавы. Паглядзіце, які насычаны графік у Прэзідэнта. Літаральна нядаўна прайшоў шэраг мерапрыемстваў з удзелам Прэзідэнта. Гэта пасяджэнне Савета Міністраў, пасяджэнне Савета бяспекі, нарада з сілавым блокам краіны, наведванне прамысловых прадпрыемстваў, паездкі ў замежжа, дзе адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі і прадстаўнікамі дружалюбных нам краін. У ходзе гэтых мерапрыемстваў, вядома ж, вырашаліся сур`ёзныя дзяржаўныя задачы, па розных напрамках: і бягучай дзейнасці, і на перспектыву. Літаральна ўчора пры назначэнні кіруючых кадраў мясцовых выканаўчых органаў улады Прэзідэнт абазначыў цэлы спектр і праблем, і адначасова задач, якія датычацца не толькі тых кіраўнікоў, якія былі назначаны, але і ўсіх дзеючых сёння кіраўнікоў вертыкалі ўлады", - расказаў Ігар Сергяенка.

Прэзідэнт адзначыў, што год будзе асаблівым. "Асаблівым ён будзе ў тым ліку ў плане падрыхтоўкі да важнейшых палітычных падзей - электаральнай кампаніі. У 2024 годзе ў нас пройдуць адначасова выбары ў парламент і мясцовыя Саветы дэпутатаў. І ўпершыню фактычна ў новым фармаце выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Усе гэтыя працэсы будуць праходзіць практычна адначасова. Гэта вялікі, вядома ж, аб`ём арганізацыйнай работы, падрыхтоўчай. Гэта даволі сур`ёзныя і маштабныя мерапрыемствы. Але наперадзе нас чакае яшчэ адно знакавае, фундаментальнае мерапрыемства - гэта штогадовае Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту. Яно адбудзецца літаральна на гэтым тыдні - 31 сакавіка, у гэту пятніцу, - адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Я хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць, што гэта мерапрыемства знакавае, фундаментальнае, дзе Прэзідэнт у сваім выступленні вызначае бліжэйшую стратэгію развіцця нашай краіны ва ўмовах геапалітычнай абстаноўкі, якая дынамічна мяняецца. Але гэта ж у першую чаргу і адказ на тыя пытанні, якія хвалююць нашых грамадзян. Гэта аналіз той абстаноўкі, якое складваецца тут і цяпер, а таксама на перспектыву. Для якаснай падрыхтоўкі пакета дакументаў па даручэнні Прэзідэнта Адміністрацыяй былі задзейнічаны розныя дзяржаўныя, грамадскія структуры, навуковая супольнасць. Арганізавана вывучэнне тэндэнцый развіцця абстаноўкі ў рэгіёнах і грамадскай думкі. Гэтыя матэрыялы даюць магчымасць кіраўніку дзяржавы дадаткова прааналізаваць тую сітуацыю, якая складваецца ў краіне, і вызначыць комплексна тое Пасланне, тыя думкі, якія будзе Прэзідэнт закладваць у тэкст. Хацеў бы адзначыць, што Прэзідэнт працягвае работу над Пасланнем. Сітуацыя дынамічна мяняецца, практычна штодзённа, і гэты дакумент патрабуе актуалізацыі".

Плануецца, што мерапрыемства пройдзе ў традыцыйным для апошніх гадоў фармаце - ва ўрачыстай абстаноўцы ў Палацы Рэспублікі. "У ім прымуць удзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў, мясцовых органаў улады, прадстаўнікі працоўных калектываў, прамысловых прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі, навукі, адукацыі, аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Мінску, дэлегацыі ўсіх рэгіёнаў і горада Мінска. Плануецца, што ў мерапрыемстве прымуць удзел больш за 2,5 тыс. чалавек", - падкрэсліў Ігар Сергяенка.

"Мы разумеем, што Пасланне - гэта перш за ўсё зварот да беларускага народа, але, зразумела, аўдыторыя будзе значна шырэйшая. Гэта яшчэ адна магчымасць для кіраўніка дзяржавы данесці дзяржаўную пазіцыю нашай краіны да народаў тых краін, камунікацыі з якімі з-за пэўных акалічнасцей і абвастрэння міжнароднай абстаноўкі, пэўнага геапалітычнага процістаяння крыху страчаны. Упэўнены, што выступленне кіраўніка дзяржавы будзе яркім, цікавым, вострым і актуальным", - сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

28 сакавіка 2023, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:28.03.2023
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:200
 
Ключевые слова:
Послание Президента
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме