https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гродна і Калінінград аднаўляюць партнёрства


Шматлікая дэлегацыя з Расійскай Федэрацыі на працягу некалькіх дзён будзе знаёміцца з вытворчым, сацыяльным, культурным патэнцыялам Гродзенскага рэгіёна. Візіт калінінградцаў праходзіць у межах праекта «Расія — Беларусь: моцнае партнёрства».
Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж абласцямі было падпісана 27 год таму. За гэты перыяд адбылося падпісанне васьмі дакументаў і паміж раёнамі. Падчас стартавай канферэнцыі ў Гродне традыцыя была працягнута. Прайшло падпісанне Пратакола аб рэгіянальным супрацоўніцтве паміж Зеленаградскай муніцыпальнай акругай і Зэльвенскім райвыканкамам, а таксама такі ж дакумент падпісалі кіраўнікі Светлагорскай гарадской акругі і Навагрудскага райвыканкама. 

Як адзначыў старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Чаркоўскі, некаторыя моманты будучага супрацоўніцтва ўжо вызначаны. Спецыялісты ў рэжыме відэаканферэнцыі прадставілі прэзентацыю раёна, расказалі пра яго патэнцыял, што дазволіла скласці дарожную карту на перспектыву. 

— Гэта будуць «мяккія» праекты ў сферы адукацыі, культуры, турызму, — зазначыў Сяргей Чаркоўскі. — Мы прадстаўляем турыстычны сегмент даволі шырока, у нас распрацавана 17 маршрутаў. Мы гатовы прыняць нашых калег на гэтым этапе. У сваю чаргу, жыхары Навагрудчыны хацелі б мець магчымасць бываць на моры, прычым на сістэмнай аснове. Акрамя гэтага, расійскія калегі выказваюць зацікаўленасць у сферы адукацыі. Мы прадаставім магчымасць пабываць у нашых установах. Праз некаторы час мы маем намер наведаць Светлагорскі раён з канкрэтнымі прапановамі.

Ёсць у беларускіх партнёраў і план звязаць эканоміку двух рэгіёнаў. Перспектыва ў гэтым даволі значная. Беларускі бок бачыць патэнцыял Калінінградскай вобласці і можа прапанаваць свае магчымасці ўжо на пачатковай стадыі партнёрскіх сувязяў. Так, у Навагрудку шырока прадстаўлена машынабудаванне, харчовая вытворчасць, у тым ліку малочнай прадукцыі, а таксама такі важны сектар, як сельская гаспадарка. 

На думку першага намесніка старшыні Урада Калінінградскай вобласці Сяргея Елісеева, праект «Расія — Беларусь; моцнае партнёрства» — лагічны працяг даўняга супрацоўніцтва, якое бярэ пачатак з 1996 года. Мэта праекта — актывізацыя інтэграцыйных працэсаў супрацоўніцтва, накіраваных на развіццё сувязяў паміж грамадзянскай супольнасцю, органамі мясцовага самакіравання, бізнесам Калінінградскай і Гродзенскай абласцей. Рэалізацыя праекта дазволіць трансліраваць гэты вопыт на развіццё трансгранічнага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю. 

— Работа будзе працягвацца, плануецца адпаведны візіт дэлегацыі Гродзенскай вобласці ў Калінінградскую ў чэрвені гэтага года. Упэўнены, што наша сумеснае супрацоўніцтва будзе мець добры вынік і мы рэалізуем праект, які будзе мець працяг у шэрагу іншых рэгіёнаў, — выказаў упэўненасць Сяргей Елісееў. 

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта падкрэсліла важную ролю дэпутатскага корпуса ўсіх узроўняў абодвух краін і мясцовага самакіравання ў двухбаковым праекце. 

— У нас ёсць вельмі добры вопыт праектнай дзейнасці, які фарміраваўся не толькі на знешнім контуры, але і ўнутры вобласці. Наш сумесны праект дадасць паскарэнне развіццю дзелавых, гуманітарных і эканамічных сувязяў ва ўсіх сферах магчымага ўзаемадзеяння. Заключная канферэнцыя пройдзе на тэрыторыі Калінінградскай вобласці, дзе таксама, я упэўнена, будзе прапанавана нямала ініцыятыў для рэалізацыі ў будучым.

Пілотны праект, на думку ўдзельнікаў стартавай канферэнцыі, дазволіць у далейшым уключыцца ў рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў прадстаўнікам розных грамадзянскіх суполак Калінінградскай і Гродзенскай абласцей. 

Вынікі візіту будуць падведзены праз некалькі дзён, пасля таго як калінінградцы пабываюць на шэрагу прадпрыемстваў і ўстаноў рэгіёна.

Праграма візіту разлічана на тры дні.

Аўтар: Маргарыта Ушкевіч
Звязда, 17 лютага 2023
 
Дата публикации:17.02.2023
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:515
 
Ключевые слова:
Каралевец Гродна Сотрудничество Товарооборот
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме