28 чэрвеня ў 18.00 адбудзецца ўрачыстае шэсце працоўных калектываў па маршруце: вул.Пралетарская — вул. Камсамольская — вул. Кірава — вул. Маскоўская. Удзельнікі шэсця збяруцца на мітынг ля брацкіх магіл савецкім воінам і партызанам, прысвечаны 80-й гадавіне вызвалення Старадарожскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Затым адрасам урачыстасцяў стане цэнтральная плошча, дзе адбудзецца ўрачыстае адкрыццё святочных мерапрыемстваў з нагоды 500-гадовага юбілею горада.
29 чэрвеня свята пачне «Парад ручнікоў», у якім пройдуць удзельнікі абласнога свята-конкурсу па ткацтве"Матчыны кросны". Да гэтай падзеі прымеркаваны вялікі канцэрт з удзелам артыстаў, якія прадстаўляюць рэгіёны Мінскай вобласці.
У 15.30 юбілей Старых Дарог запросіць паглядзець урачыстае шэсце «Мая любімая Старадарожчына» з парадам тэхнікі ваеннага, сельскагаспадарчага і вытворчага прызначэння. Гасцей свята чакаюць паказальныя выступленні ваеннаслужачых спецыяльных падраздзяленняў.
У 17.00 пройдзе ўрачыстае мерапрыемства, на якім горад і яго жыхары будуць прымаць віншаванні. Падарункам для тых, хто славіць працай свой край і ўносіць уклад у яго развіццё, стануць яркія выступленні артыстаў, лазернае шоу і святочны феерверк.
Звязда, 27 чэрвеня 2024