Сёння адзначаецца Сусветны дзень барацьбы супраць дзіцячай працы. Якія яшчэ падзеі адбыліся 12 чэрвеня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 12 чэрвеня
У 1812 годзе пачалася вайна Францыі з Расіяй (Айчынная вайна 1812 года).
Хто нарадзіўся 12 чэрвеня
1895 год: Леапольд Родзевіч, беларускі драматург, тэатральны дзеяч.
1937 год: Леў Лях, дырыжор і педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
Таксама сёння нарадзіліся амерыканская актрыса Ута Хаген і Ганна Франк, яўрэйская дзяўчынка, вядомая дзённікам, у якім апісала жыццё пры нацызме.
12 чэрвеня ў народным календары
Сёння праваслаўныя вернікі шануюць памяць вялебнага Ісаакія.
У народзе святога называлі Ісак Змеявік, таму што верылі: у гэты дзень змеі ў лесе і ў полі вяселлі гуляюць. 12 чэрвеня, па паданні, можна сустрэць вужынага караля. Калі пакланіцца яму і пакласці на зямлю рушнік, змяіны кароль запаўзе на яго і скіне з сябе карону, якая, нібыта – чыстае золата. Іншыя легенды сцвярджаюць, што калі ў гэты дзень убачылі клубок змей, трэба ўдарыць па ім ясеневай палкай – змеі знікнуць і з`явіцца скарб.
У гэты дзень не збіралі лекавыя зёлкі, каб не трывожыць лясных жыхароў.
Калі пчолы лятаюць недалёка ад вулля, будзе дождж.
Sputnik, 12 чэрвеня 2024