https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Подзвіг партызан не забыты. Да 80-годдзя з дня правядзення ўнікальнага партызанскага парада ў Мінску


Сёння спаўняецца 80 гадоў з дня правядзення ў Мінску ўнікальнага партызанскага парада ў сувязі з вызваленнем сталіцы Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ім удзельнічалі не салдаты рэгулярнай арміі, а байцы, якія змагаліся на акупіраванай тэрыторыі ў партызанскіх атрадах Беларусі.
Падрыхтоўка да парада

3 ліпеня 1944 года ў ходзе стратэгічнай аперацыі "Баграціён" савецкія войскі вызвалілі Мінск ад нямецкіх акупантаў. Да канца дня сталіца Беларусі была поўнасцю вызвалена ад варожых захопнікаў.

Пасля вызвалення ў паўразбураным, але свабодным ад ворага горадзе вялікая работа чакала сапёраў. Адступаючы ад імклівага ўдару, гітлераўцы мініравалі будынкі, вуліцы, дамы. Сярод стратэгічных аб`ектаў, якія трэба было абясшкодзіць у самы кароткі тэрмін, значыўся і мінскі іпадром. Менавіта тут 16 ліпеня 1944 года адбылося першае пераможнае шэсце - парад беларускіх партызанаў, удзел у якім прынялі больш за 30 тыс. народных мсціўцаў.

За некалькі дзён да парада ў партызанскія брыгады былі накіраваны баявыя загады аб прыбыцці на месца правядзення мерапрыемства. Па дарозе ў сталіцу Беларусі партызаны праводзілі зачыстку навакольнага лесу ад астаткаў нямецкіх войскаў. Увечары 15 ліпеня ў горад прыбыло 30 партызанскіх брыгад і 2 асобна дзеючыя атрады, у тым ліку 20 брыгад Мінскай, 9 брыгад Баранавіцкай і 1 брыгада Вілейскай абласцей, агульнай колькасцю больш за 30 тыс. чалавек.

Гарадскі іпадром да гэтага часу быў ужо размініраваны і пастаўлены пад ахову партызанскай брыгады "Буравеснік". Распрацаваны былі і мерапрыемствы па прыкрыцці мітынг-парада з паветра: падрыхтаваны знішчальная авіяцыя і процізенітныя сродкі. Для правядзення ўрачыстасці былі дастаўлены армейскія радыётрансляцыйныя ўстаноўкі і аркестры.

Парад, якіх ніколі не было ў гісторыі

16 ліпеня а 9-й гадзіне раніцы старшыня Мінскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных Канстанцін Бударын адкрыў мітынг з удзелам дэлегацыі воінаў Чырвонай Арміі на чале з камандуючым 3-м Беларускім фронтам генералам арміі Іванам Чарняхоўскім. Сакратар ЦК КП(б)Б і старшыня Савета народных камісараў БССР Панцеляймон Панамарэнка ад імя ўрада БССР і Цэнтральнага камітэта партыі павіншаваў працоўных і партызан з вызваленнем сталіцы Беларусі і перадаў воінам 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў падзяку за вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пасля мітынгу партызаны пайшлі ўрачыстым маршам міма ўрадавай трыбуны. Гонар адкрыць парад выпаў байцам брыгады "Народныя мсціўцы", якая насіла імя Васіля Варанянскага. За імі ішлі брыгады імя Мікалая Аляксандравіча Шчорса, Васіля Іванавіча Чапаева, Валерыя Паўлавіча Чкалава, "Беларусь", "Буравеснік", "Штурмавая" і іншыя. Завяршыла парад калона партызанскіх коннікаў.

Так пра гэту знамянальную падзею згадваў партызан атрада "Камунар" брыгады "Дзядзькі Колі" Мінскай вобласці Васіль Мараховіч: "Мінск перажыў небывалы парад, які не меў сабе роўных у гісторыі. Паміж разбуранымі і спаленымі дамамі ішлі маршам партызаны. У руках партызан знаходзілася самая дзіўная калекцыя зброі ваюючых армій, было шмат яшчэ зброі, якую зрабілі ім у лесе кавалі. Нас радасна сустракалі, мы ішлі з гонарам з узнагародамі на грудзях. Мы былі пераможцамі".

Яркія штрыхі парада

Асаблівасцю парада стала незвычайная калекцыя зброі ў руках партызан. Тут былі прадстаўлены айчынныя віды вінтоўкі і аўтаматы ППШ, вялікая колькасць разнастайнай трафейнай зброі. Былі і зусім унікальныя ўзоры, зробленыя беларускімі збройнікамі-самавучкамі.

У парадзе ўдзельнічала і партызанская тэхніка, у асноўным нямецкія трафеі. Таксама былі прадстаўлены ўзоры з незвычайным лёсам - напрыклад, грузавік ЗІС-21 з газагенератарным рухавіком, які быў здольны працаваць на дровах. Гэта машына была захоплена немцамі, пасля чаго ўжо ў немцаў яе адбілі партызаны. Ім дапамог вадзіцель-немец Ганс Куляс. У далейшым Куляс перайшоў на бок партызан і ўдзельнічаў у баях.

У радах партызан ішоў і яшчэ адзін вельмі незвычайны ўдзельнік парада - казёл па мянушцы Малыш. У 1943 годзе пасля разгрому нямецкага гарнізона на станцыі Куранец партызанскім атрадам "Барацьба" з брыгады "Народныя мсціўцы" сярод іншых трафеяў аказалася і схуднелая жывёліна. Гэты гадаванец стаў не толькі ўсеагульным любімцам і талісманам, але і выконваў баявыя задачы. Ён не баяўся ні шуму тэхнікі, ні разрываў снарадаў і ўсюды ішоў за санінструктарам, носячы сумку з медыкаментамі.

Перад парадам партызанкі з атрада яго добра пачысцілі і павязалі стужку з трафейнымі нямецкімі ордэнамі. На баку ў яго была санітарная сумка. Чакалася, што Малыш пройдзе незаўважаным усярэдзіне калоны, але ў час урачыстага маршу баявы казёл вырваўся з рук суправаджаючых, прыстроіўся побач з камандаваннем атрада. Яго з`яўленне выклікала вялікае захапленне. Гэты момант паспеў занатаваць на памяць кінааператар, які здымаў парад. Кадры з Малышом абляцелі не толькі СССР, але і ўвесь свет.

На партызанскім парадзе прысутнічалі каля 50 тыс. жыхароў горада. Там таксама быў і мастак Яўген Зайцаў. Ён зрабіў шмат эскізаў момантаў таго парада, якія сталі асновай будучай карціны "Парад партызан у Мінску 16 ліпеня 1944 года".

Партызанскі парад у беларускай сталіцы прадаўжаўся некалькі гадзін. У 22.00 у небе над паўразбураным, але свабодным Мінскам прагрымелі залпы з 300 гармат. Агнястрэльны салют стаў завяршэннем свята першай вялікай перамогі, але наперадзе яшчэ чакалі баі.

Пасля парада байцы партызанскіх франтоў адправіліся на загадзя абазначаныя пункты збору. Там вызначаўся іх далейшы лёс. Частка з іх уступіла ў рады Чырвонай Арміі і прадоўжыла барацьбу з фашысцкімі захопнікамі. Другую частку чакала не менш важная задача - адбудоўванне з руін роднай Беларусі.

Подзвігі партызан не забыты

Беларускія партызаны з гонарам выканалі задачы, пастаўленыя перад імі Радзімай. За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага, з чэрвеня 1941-га па ліпень 1944-га, яны забілі і паранілі каля 500 тыс. акупантаў і іх памагатых, пусцілі пад адхон больш за 11 тыс. варожых эшалонаў і 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыгуначных станцый, 948 штабоў і гарнізонаў ворага, падарвалі і знішчылі больш за 18,7 тыс. аўтамашын, узарвалі больш за 300 тыс. рэек, 819 чыгуначных і 4,7 тыс. іншых мастоў, разбурылі больш за 7,3 тыс. км тэлефонна-тэлеграфных ліній сувязі, збілі і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, падбілі 1,3 тыс. танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат рознага калібру і 939 ваенных складоў. За гераізм і адвагу, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у тыле ворага, амаль 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, каля 90 з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

25 мая 2019 года ў Мінску адбылася рэканструкцыя партызанскага парада, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі. Па вул.Камсамольская да скрыжавання вул.Кірава з пр.Незалежнасці прайшла калона з конніцай, партызанамі і падпольшчыкамі. Узначаліў шэсце казёл, які сімвалізаваў свайго легендарнага родзіча па мянушцы Малыш. На імправізаванай трыбуне сабраліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі партызанскага руху і парада 1944 года. Чаканілі крок перад імі актывісты БРСМ - студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі сталіцы. У рэканструкцыі парада прынялі ўдзел каля 700 чалавек.

Партызанскі парад, што прайшоў у ліпені 1944-га, стаў яркай старонкай у хроніцы Вялікай Айчыннай вайны. Такіх парадаў у сусветнай гісторыі не было ні да ні пасля. Паколькі і не было ў свеце такога масавага партызанскага руху, як у Савецкай Беларусі. У нашы дні ён па-ранейшаму з`яўляецца адным з сімвалаў найвялікшага подзвігу беларускага народа.

16 ліпеня 2024, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:16.07.2024
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:93
 
Ключевые слова:
Великая Отечественная война 80-летие освобождения Беларуси Военный парад Партизаны
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме