«З надыходам цяпла ў кватэрах становіцца горача. На жаль, з гэтага моманту і з’яўляецца статыстыка аб малалетніх дзецях, якія выпалі з вокнаў. У Мінску сёлета адбылося чатыры такія выпадкі. Кожнае падзенне мы разглядаем як надзвычайнае здарэнне і ў кожным выпадку праводзім дэталёвы разбор з усімі зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі», — распавёў Дзмітрый Мялешка.
Ён таксама падкрэсліў, што недапушчальна пакідаць малалетніх дзяцей без нагляду. «Падзенне адбываецца часта з-за павышанай цікавасці дзяцей да таго, што адбываецца на вуліцы. Звешваючыся з аконнага праёму або абапіраючыся на маскітную сетку, дзеці, не адчуваючы небяспекі, губляюць раўнавагу і падаюць. Гэта заканчваецца траўмамі або смяротным зыходам. Таму не лішнім будзе ўсталяваць замыканне. на вокны і праветрываць толькі ў прысутнасці дарослага», — дадаў Дзмітрый Мялешка.
Звязда, 17 траўня 2024