https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Згуляць у дваровыя гульні і паслухаць хіты групы «Кіно» можна падчас Дня моладзі на «Славянскім базары»


Жыхары і госці фестывальнага Віцебска змогуць наведаць тэматычныя моладзевыя лакацыі: #CreativeYouth і #SportYouth.
18 ліпеня ў рамках афіцыйнай праграмы XXIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў горадзе над Дзвіной у фармаце маладзёжнага фэсту «# YouthDays2020» адбудзецца Дзень моладзі, які традыцыйна аб’яднае самую творчую і спартыўную моладзь з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Цэнтральныя мерапрыемствы Дня моладзі з 10.00 разгорнуцца на плошчы Перамогі. Тут на працягу дня запланавана работа інтэрактыўных пляцовак: «# Беларусь Памятае!», «ЗА Беларусь!», «# Шануй Традыцыі!», «# Жыві Ярка!», «# Будзь Здароў!», «# Рабі Дабро» ,"# Будзь з намі!«. Кожны жадаючы зможа стаць удзельнікам фестывалю дваровых гульняў «Альтэрнатыва» і прыгадаць любімыя гульні: «Квадрат», «Я ведаю пяць імёнаў», «Сапсаваны тэлефон», «Салкі», «Ядомае — неядомае» і іншыя.

Не пакіне абыякавымі гледачоў фестываль кавераў «Копія верная». Да прыкладу, кавер-бэнд «Ёжкин кот» з Салігорскага раёна Мінскай вобласці выканае як аўтарскія кампазіцыі, так і папулярныя хіты з рэпертуару Макса Каржа і гурта «Кіно», а заслужаны аматарскі калектыў Беларусі інструментальны ансамбль «Брыз» са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці — хіты «Je taime», «Туман», «Танцы на шкле», «With you», «Рыба маёй мары», «Back in the USSR» і іншыя. Тут жа, на плошчы Перамогі, пры падтрымцы клуба KiberRoom, пройдзе Першы адкрыты абласны турнір па кіберспорце. Сталічныя мастакі графіці Іван Калтовіч і Ілья Трускоўскі — аўтары палатна 350м # Разам у Мінску — створаць у Віцебску новы графіці-твор.

Урачыстая цырымонія адкрыцця Дня моладзі адбудзецца ў 12.00. У яе рамках пройдзе прэзентацыя рэспубліканскага праекта «Паштоўка.БЕЛ», накіраванага на папулярызацыю дасягненняў краіны. Ён будзе рэалізаваны ў фармаце пасткросінгу.

У 12.30 стартуе «# Моладзевы забег». Плануецца, што ў марафоне здаровага ладу жыцця прымуць удзел тры сотні маладых людзей. Яны пераадолеюць дыстанцыю 6,5 км па маршруце плошча Перамогі — вуліца Леніна — вуліца Фрунзе — вуліца Смаленская — праспект Маскоўскі — плошча Перамогі. Запіс для ўдзелу ў спартыўным марафоне праходзіў загаддзя. Галоўная ўмова — узрост 18+ і моцнае здароўе.

У 12.40 у ходзе патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага» моладзь ускладзе кветкі да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны і разгорне рэспубліканскае палотнішча «Беларусь памятае!» з імёнамі Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі.

У 13.30 пад слоганам «Захоўваючы — прымнажаць!» БРСМ дасць старт рэспубліканскаму праекту «Адкрыты дыялог «Беларусь: учора, сёння, заўтра». Дыскусійная пляцоўка пачне сваю працу ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна з удзелам больш як 120 хлопцаў і дзяўчат. Падчас актуальнай дыскусіі разам з экспертамі — кіраўнікамі Міністэрства адукацыі, Віцебскай вобласці, ГА «БРСМ» — яны абмяркуюць шэраг пытанняў, датычных сферы моладзевай палітыкі, свайго ўдзелу ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных, культурных, прававых, экалагічных і іншых праблем, рэалізацыі моладзевых ініцыятыў.

З 10.00 маштабны моладзевы спартыўны івэнт для віртуозаў экстрэмальных відаў спорту запланаваны на пляцоўцы каля Летняга амфітэатра. Пры падтрымцы Беларускай федэрацыі па канькабежным спорце маладыя людзі паўдзельнічаюць у спаборніцтвах па хуткасным бегу на ролікавых каньках, а з Беларускай федэрацыяй скейтбордынгу — у адкрытым чэмпіянаце Belarus Skateboard Challenge.

На гэтай жа пляцоўцы пройдуць паказальныя выступленні мацнейшых гіравікоў Беларусі і адкрытыя абласныя спаборніцтвы па гіравым спорце на Кубак губернатара, а таксама абласны турнір па баскетболе 3×3. Тых, хто аддае перавагу рову матораў і ўдарнаму гуку, чакаюць у парку імя Савецкай Арміі на аўтафэсце «Hotweekend».

Завяршальным акордам Дня моладзі (у 21.30) стане начны парад удзельнікаў рэспубліканскага праекта «Маладзёжны цягнік «# Беларусь. Моладзь. Натхненне»: студэнтаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў, IT- і блогасферы, моладзевых грамадскіх і спартыўных аб’яднанняў, парламентарыяў і валанцёраў.

Моладзевая каманда пройдзе парадам ад плошчы Перамогі да чыгуначнага вакзала, дзе адбудуцца ўрачыстыя праводзіны моладзевай каманды. На працягу сямі дзён на стылізаваным сімволікай праекта чыгуначным саставе яны праедуць па маршруце Віцебск — Шклоў — Магілёў — Гомель — Пінск — Брэст — Гродна — Маладзечна — Мінск і прымуць удзел у насычанай праграме.

Арганізатарам Дня моладзі выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Цэнтра культуры «Віцебск» Дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 17 ліпеня 2020
 
Дата публикации:17.07.2020
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:182
 
Ключевые слова:
Віцебск Славянский базар БРСМ День молодёжи Спорт в Беларуси Молодёжь
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме