У Беларусі з 1 мая вырасце памер дзіцячых дапамог, сацыяльных пенсій, надбавак і павышэнняў, даплат пенсіянерам ва ўзросце старэйшым за 75 гадоў і іншыя выплаты. Гэта звязана са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ).
Бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ)
Згодна з пастановай Мінпрацы і сацабароны ад 23 красавіка 2020 года нумар 38, БПМ з 1 мая па 31 ліпеня 2020 года ўстаноўлены ў памеры Br246,78. Новы БПМ у сярэднім на душу насельніцтва павысіўся на 2,9 працэнта ў параўнанні з нарматывам, дзеючым з 1 лютага па 30 красавіка бягучага года. Адпаведна павялічваюцца і пералічаныя выплаты.
Дзіцячыя дапамогі
Аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці цяпер складзе Br2467,8, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - Br3454,92. Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, з лістапада будзе выплачвацца ў памеры Br246,78, дапамога сем`ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў (штомесячная) - у памеры Br123,39.
Штомесячная дапамога сем`ям на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем`яў, што вызначаюцца заканадаўствам, складзе: на дзіця-інваліда - Br172,75, на іншых дзяцей у сям`і - Br123,39. Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў складае Br246,78 (з I і II ступенню страты здароўя і з III і IV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 3 гадоў) і Br296,14 (з III і IV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці 3 гадоў), штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае ВІЧ, - Br172,75.
Новыя памеры гэтых выплат будуць дзейнічаць да 31 ліпеня. Яны звычайна пераглядаюцца ў лютым, маі, жніўні і лістападзе.
Дзяржаўныя дапамогі сем`ям, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў (штомесячныя), пералічваюцца двойчы ў год - з 1 лютага і з 1 жніўня - у сувязі з ростам сярэднямесячнай заработнай платы ў краіне за папярэдні квартал. Цяпер дзейнічаюць наступныя памеры гэтых выплат: на першае дзіця - Br405,48, на другое і наступных - Br463,4, на дзіця-інваліда - Br521,33.
Выплаты пенсіянерам
Штомесячная даплата да пенсій непрацуючых пенсіянераў у маі-ліпені для людзей ва ўзросце 80 гадоў і старэйшых складзе Br61,7, ва ўзросце ад 75 да 80 гадоў - Br46,28. Надбаўка для інвалідаў першай групы складзе Br61,7, пенсіянераў, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, - Br30,85.
Сацыяльныя пенсіі (назначаюцца пры неатрыманні працоўнай пенсіі) павялічацца наступным чынам: інвалідам I групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, - да Br271,46, інвалідам з дзяцінства II групы - Br234,44, інвалідам II групы (акрамя інвалідаў з дзяцінства), дзецям у выпадку страты карміцеля на кожнае дзіця - Br209,76, інвалідам III групы - Br185,09, асобам старэйшым за агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост - Br123,39, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў пры рознай ступені страты здароўя - ад Br197,42 да Br271,46.
Дапамога па доглядзе інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, павялічыцца да Br246,78 (у выпадку догляду аднаго такога чалавека) і да Br296,14 (двух і больш).
Павышэнне памеру пенсіі чакаюць і іншыя катэгорыі атрымальнікаў: Герояў Беларусі, Савецкага Саюза, Сацыялістычнай Працы, блакаднікаў, былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, інвалідаў з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі або калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны (або з наступствамi ваенных дзеянняў ) і гэтак далей.
Мінімальныя спажывецкія бюджэты
Мінімальны спажывецкі бюджэт на аднаго члена сям`і з чатырох чалавек з 1 мая па 31 ліпеня ў разліку на месяц складзе Br406,04 (з 1 лютага па 30 красавіка дзейнічаў адпаведны памер МСБ у памеры Br374,89).
Таксама пастановай Мінпрацы ўстаноўлены сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям`і з трох чалавек у памеры Br437,84; працаздольнага насельніцтва - Br513,77; пенсіянераў - Br398,4; дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br340,01; дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br434,64; дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br441,79.
Як удакладнілі спецыялісты Мінпрацы, мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных патрэбнасцей чалавека. Удзельная вага крыніц расходаў у мінімальным спажывецкім бюджэце сям`і з чатырох чалавек у цэнах сакавіка 2019 года размеркавана так: прадукты харчавання - 48,2 працэнта, адзенне, бялізна, абутак - 19,1 працэнта, ЖКП - 8,7 працэнта, бытавыя паслугі, транспарт, сувязь - 8,8 працэнта, мэбля, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння - 8,8 працэнта, культурна-асветныя мерапрыемствы і адпачынак - 1,3 працэнта, узносы і плацяжы - 2,5 працэнта, лекавыя сродкі, прадметы санітарыі і гігіены - 2,6 працэнта.
Сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты зацвярджаюцца штоквартальна і служаць для аналізу дасягнутага ўзроўню жыцця насельніцтва і прагназавання яго змяненняў, ацэнкі матэрыяльнага становішча розных груп насельніцтва, тыпаў сем`яў, пакупной здольнасці даходаў насельніцтва, абгрунтавання памераў мінімальных сацыяльна-працоўных гарантый.
Цяпер сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям`і з чатырох чалавек служыць асновай для вызначэння права грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў і субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў; грамадзян, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, - ільготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў.
29 красавіка 2020, Мінск
БЕЛТА
БЕЛТА