Вядома, такую важную падзею не змагла абмінуць рэдакцыя «Беларускага гістарычнага часопіса», якая прысвяціла гэтаму векавому юбілею спецыяльны выпуск. Маштаб мерапрыемства падкрэслівае прысутнасць на прэзентацыі спецвыпуску дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Ігара Капылова.
На мерапрыемства завіталі не толькі навукоўцы, супрацоўнікі музеяў, але і мінскія навучэнцы. Выступленне аўтараў артыкулаў, якія склалі гэты спецыяльны выпуск, суправаджалася не толькі прэзентацыяй іх матэрыялаў, але і расповедам, як яны наогул ствараліся, якая ў гэтых артыкулаў гісторыя, наколькі няпроста было знайсці патрэбныя фотаматэрыялы. Дарэчы, адным з аўтараў стала ўнучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч, навуковы супрацоўнік аддзела экалогіі традыцыйнай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Яе матэрыял «...І плынная ды мінучая зменлівасць чалавечага лёсу...» пра братоў-вучоных Міканора і Івана Ярашэвічаў паказвае ролю гэтых асоб у гады беларусізацыі і як іх лёсы звязаны з Якубам Коласам.
Артыкул прысвечаны памяці Уладзіміра Ляхоўскага. Вынікам працы Веры Данілаўны стала не толькі з’яўленне публікацыі ў № 6 «БГЧ», але і папаўненне фотафонду коласаўскага музея.
— Нумар, прысвечаны палітыцы беларусізацыі, узнімае важныя праблемы і тэмы, якія былі вельмі важныя ў жыцці Якуба Коласа. Калі памерла яго маці, ён нават не змог прыехаць на пахаванне, бо была іншая краіна. Для Коласа гэта было вялікім болем, — тлумачыць дырэктар асветніцкай установы Ірына Мацяс. — Вядома, калі краіна аб’ядналася, такая падзея стала вялікай радасцю. Колас пісаў пра ўз’яднанне як шчасце для беларусаў. Якраз гэтую тэму на старонках спецыяльнага нумара «БГЧ» уздымае наша супрацоўніца Вольга Наважылава. Сімвалічна і тое, што ў выпуску таксама ёсць артыкул унучкі Якуба Коласа, бо беларускі Пясняр стаяў каля вытокаў беларускага адраджэння, станаўлення беларускай літаратуры і нацыянальнай культуры.
Ірына Мацяс назвала супрацоўніцтва коласаўскага музея з «Беларускім гістарычным часопісам» вельмі плённым, бо сумесныя праекты пашыраюць кола наведвальнікаў асветніцкай установы, а ў яе супрацоўнікаў ёсць магчымасць надрукавацца і такім чынам пашырыць кола аўтараў выдання.
Падчас прэзентацыі свайго артыкула «...Адкрыць існаванне матчынай мовы ў сваёй пасвядомасці» загадчык навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Вольга Наважылава заўважыла, што вельмі рада прычыніцца да такой тэмы, як беларусізацыя ў творчай спадчыне Песняра. Справа ў тым, што экскурсія настолькі абмежавана па часе, што яго недастаткова, каб раскрыць тэму. А цяпер яна раскрыта на старонках часопіса. І гэта вельмі важна, бо Якуб Колас не проста наш класік, ён сапраўды клапаціўся пра лёс і развіццё роднай мовы, стаяў каля вытокаў стварэння беларускай літаратурнай мовы і вывеў яе на ўзровень сусветных літаратурных моў.
Шосты нумар «Беларускага гістарычнага часопіса» стаў плёнам супрацоўніцтва навукоўцаў і настаўнікаў-метадыстаў розных навучальных устаноў, прычым не толькі з Мінска: Ірына Мацяс прадстаўляе на старонках часопіса БНТУ, Аляксандр Бараноўскі — Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Яўген Мікула — Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту (усе яны кандыдаты гістарычных навук), доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская — БДУКМ, Алена Ярашук — СШ № 10 г. Пінска, Алена Матрусава — СШ № 31 г. Віцебска, Алена Трафімчык — СШ № 13 г. Слуцка, Святлана Тарнаповіч — Лядзецкую сярэднюю школу Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Адзін з артыкулаў («Штрыхі біяграфіі настаўніка Максіма Гарэцкага Якава Кцітарава») — гэта супраца настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Віталя Поклада з вучнем 10 класа СШ № 1 г. Горкі Васілём Каральковым.
Ідэя стварэння такога спецвыпуску належыць Аляксандру Горнаму, кандыдату гістарычных навук, дацэнту ГрДУ імя Янкі Купалы. Менавіта яго артыкул «Палітыка беларусізацыі ў міжваеннай БССР: гістарыяграфічныя здабыткі і перспектывы» адкрывае нумар.
Падчас прэзентацыі свайго матэрыялу Аляксандр Горны падкрэсліў, што 15 ліпеня 1924 года — важная дата для гістарычнага календара беларусаў, бо менавіта тады была прынята пастанова «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі». Згодна з ёй афіцыйна пачалася беларусізацыя на тагачаснай тэрыторыі Савецкай Беларусі. На думку Аляксандра Горнага, такая тэма, як палітыка беларусізацыі, не настолькі глыбока прапрацавана ў нашай краіне, як хацелася б, таму сваім артыкулам ён паставіў задачы для маладых гісторыкаў-калег, якія будуць працягваць яе вывучаць.
— Палітыка беларусізацыі звярнула ўвагу на Мінск як на цэнтр, дзе будуецца беларускі дом. Асабіста для мяне гэта працэс, што ішоў ад эліты, — перакананы навуковец. — Класікі беларускай літаратуры (Колас, Караткевіч, Быкаў і г. д.) былі сфармаваны як асобы пад уплывам падзей эпохі беларусізацыі. Яны ўспрымалі гэты дух. Перыяд беларусізацыі — вельмі знакавая частка беларускай гісторыі!
Паводле слоў галоўнага рэдактара часопіса Аляксандра Корзюка, нумар карысны чытачам, бо ў ім адлюстраваны асноўныя моманты ўзнятай тэмы: поспехі і магчымыя пралікі палітыкі беларусізацыі, ёсць звесткі пра вядомых асоб, іх дзейнасць, сістэму адукацыі ў тыя гады.
Прэзентацыя часопіса суправаджалася акампанаваннем на беларускім народным інструменце — дудзе. Гэты музычны штрых у выкананні супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту Уладзіміра Берберава надаў і без таго багатай на нацыянальныя каштоўнасці атмасферы, якая заўсёды лунае ў коласаўскім музеі, яшчэ больш яркіх рысачак. Урачысты настрой мерапрыемству дадало і тое, што студэнт гістарычнага факультэта БДПУ Пётр Мытнік зачытаў свае вершы, якія спецыяльна напісаў да гэтай падзеі. І, хто ведае, можа, ужо сёння варта запомніць гэтае прозвішча, бо, відавочна, што юнак робіць першыя крокі ў грамадзянскай лірыцы, якая заўсёды гучыць вельмі актуальна.
Ірына Прымак
Звязда, 20 кастрычніка 2024
Звязда, 20 кастрычніка 2024