https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кватэры па сабекошце нахрапам ужо не возьмеш


Праваахоўныя органы прапануюць прадаваць таннае жыллё ад забудоўшчыка праз аўкцыёны.
МУС ініцыявала абнаўленне заканадаўства для правядзення аўкцыёнаў па продажы кватэр ад сталічных упраўленняў капітальнага будаўніцтва, паведаміў намеснік начальніка ГУБЭЗ МУС Валерый Балабуеў.

Ведамствам уносяцца адпаведныя прапановы ў мэтах недапушчэння супрацьпраўных дзеянняў у гэтай сферы. Савет Міністраў быў праінфармаваны аб сітуацыі, якая назіраецца пры рэалізацыі забудоўшчыкамі з дзяржаўнай доляй у статутным фондзе нерухомасці, фінансаванне якой ажыццяўляецца з выкарыстаннем долевага будаўніцтва. Намеснік начальніка нагадаў аб шэрагу публікацый у прэсе аб ажыятажным попыце на кватэры, якія рэалізоўваліся ў Мінску. Так атрымлівалася, што танныя кватэры набываў той, хто заняў своеасаблівую чаргу раней ці быў больш выкрутлівым і нахабным.

Каб выключыць гэтыя негатыўныя факты, і была падрыхтавана прапанова пра ўнясенне зменаў у заканадаўства, якое б рэгламентавала продаж падобных кватэр выключна на аўкцыёне. «Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва распрацоўваецца праект адпаведнага нарматыўнага акта», — сказаў Валерый Балабуеў. Ён растлумачыў, што гаворка ідзе пра забудоўшчыкаў з доляй дзяржавы або цалкам дзяржаўных. Праект указа, які распрацоўваецца, прапісвае механізм рэалізацыі кватэр.

Максімальны хабар — 85 тысяч еўра

Летась зарэгістравана 6,3 тысячы эканамічных злачынстваў. Гэта на 5,7 % менш, чым годам раней. Агульная колькасць устаноўленых службай АБЭЗ асоб, якія ўчынілі эканамічныя злачынствы, склала больш за 2,4 тысячы. Устаноўлены матэрыяльны ўрон па зарэгістраваных злачынствах склаў 39,1 млн рублёў.

Колькасць узбуджаных летась крымінальных спраў па артыкуле 430 (атрыманне хабару) з`яўляецца максімальнай за апошняе дзесяцігоддзе — іх больш за 1,18 тысячы. А вось памер самага буйнога зафіксаванага хабару ў нашай краіне ў 2018 годзе склаў 85 тысяч еўра. З гэтай сумай на руках чалавек быў затрыманы з доказамі злачынства.

«Усяго ён атрымаў хабараў на 152 тысячы еўра. Гэта сфера аграпрамысловага комплексу», — расказаў Валерый Балабуеў. Агульная сума канфіскаваных хабараў летась склала 544 тысячы долараў. Характэрна, што памер хабараў па гэтых злачынствах толькі за год павялічыўся фактычна ў два разы.

Змяненні Крымінальнага кодэкса

Колькасць асуджаных за эканамічныя злачынствы ў краіне ўпершыню за дзесяцігоддзе пачала скарачацца. За ўхіленне ад падаткаў іх колькасць знізілася на 22 % (асуджана 209 чалавек), у такой жа прапорцыі — агульная колькасць асуджаных за эканамічныя злачынствы (459 чалавек).

Таму летам уступяць у сілу змяненні ў Крымінальны кодэкс. Як расказаў начальнік аддзела дзяржаўнага абвінавачвання Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Эльдар Сафараў, з главы «злачынства супраць парадку ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці» выключаецца пяць артыкулаў.

Гэта: парушэнне парадку адкрыцця рахункаў за межамі Беларусі, перашкода законнай прадпрымальніцкай дзейнасці, парушэнне антыманапольнага заканадаўства, дыскрэдытацыя дзелавой рэпутацыі канкурэнта і артыкул аб ілжэпрадпрымальніцтве. Яшчэ ў 18 артыкулаў КК уносяцца змяненні з больш ільготнымі ўмовамі прыцягнення да адказнасці. Акрамя таго, выключаецца агульная канфіскацыя маёмасці як дадатковы від пакарання і пашыраецца прымяненне спецыяльнай канфіскацыі.

Дастаткова адміністрацыйнай адказнасці

Зараз спецыялісты прапрацоўваюць пытанні далейшага ўдасканалення крымінальнага заканадаўства. «Адно з гэтых пытанняў — дэкрыміналізацыя злачынства, прадугледжанага артыкулам 242 КК (ухіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці)», — сказаў трэці спікер прэс-канферэнцыі намеснік дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Віктар Франскевіч.

Штогод каля 250 злачынстваў выяўляецца па фактах ухілення ад аплаты крэдыторскай запазычанасці. У Дэпартаменце лічаць, што пры выкананні судовага рашэння па такіх справах дастаткова ўжо адміністрацыйнай адказнасці, не прыводзячы да крымінальнай.

Цяпер па гэтым артыкуле ў асноўным прызначаюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, штрафу.

Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 18 сакавіка 2019
 
Дата публикации:18.03.2019
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:80
 
Ключевые слова:
Строительство Жильё в Беларуси Криминал Коррупция Аукцион
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме