https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як працуе IT-рота?


У канцы мінулага года ў Ваеннай акадэміі адбылося ўрачыстае адкрыццё навастворанага падраздзялення Узброеных Сіл — роты інфармацыйных тэхналогій.
Першыя навіны пра тое, што ў войску з`явіцца новае фарміраванне, прыйшлі крыху болей за паўгода таму. І вось — адбылося. Цяпер байцы будуць супрацьстаяць кіберпагрозам і распрацоўваць спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне. Зрэшты, аб усім па парадку.

У адкрыцці роты інфармацыйных тэхналогій прынялі ўдзел міністр абароны Андрэй Раўкоў і начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў.

З сарака праграмістаў у вайсковай форме толькі чатыры не маюць істотнага досведу працы. У паслужным спісе астатніх — праца на працягу некалькіх гадоў, якая сумяшчалася з вучобай на дзённым аддзяленні. Многія з іх працавалі ў кампаніях - рэзідэнтах Парка высокіх тэхналогій.

— Задача гэтых хлопцаў — стварэнне праграмнага прадукту, — зазначыў Андрэй Раўкоў. — Яны будуць выконваць ваенна-прыкладныя задачы, сярод якіх — праграмаванне, адладка і тэсціраванне алгарытмаў. Мы ўручаем ім тэхніку, на якой яны будуць ствараць, увасабляць свой інтэлектуальны патэнцыял і даваць вынікі дзеля павышэння абараназдольнасці краіны. Кірункі дзейнасці звязаны з навігацыяй, аўтаматызаваным кіраваннем войскамі, мадэляваннем баявых дзеянняў і шэрагам іншых, у тым ліку сакрэтных, задач.

Першапачатковы конкурс у роту інфармацыйных тэхналогій аказаўся даволі высокі — 8 чалавек на месца. У выніку сюды трапілі маладыя людзі, якія маюць вышэйшую адукацыю, звязаную з высокімі тэхналогіямі. 40 ваеннаслужачых праходзяць тут тэрміновую воінскую службу. Але, каб іх адабраць, давялося пагутарыць з сотнямі людзей.

— Ваенная акадэмія распрацавала палажэнне аб роце інфармацыйных тэхналогій, — кажа выконваючы абавязкі намесніка начальніка акадэміі па навуковай рабоце кандыдат тэхнічных навук Дзмітрый Сахарук. — Фактычна гэта новае падраздзяленне ва Узброеных Сілах, якое ставіць за мэту распрацоўку праграмных прадуктаў і дакументацыі для ўзораў тэхнікі, якая паступае на ўзбраенне. Суперсучасныя рабочыя месцы разгорнуты для ваеннаслужачых роты інфармацыйных тэхналогій.

Пры арганізацыі рабочых месцаў вялікую ўвагу мы і распрацоўшчыкі ўдзялілі эрганоміцы і тэхнічнай эстэтыцы. За кожным ваеннаслужачым будзе замацаваны асобны камп`ютар для выканання задач па прызначэнні. Асаблівасцю рабочага месца з`яўляецца высокапрадукцыйная працоўная станцыя, якая сабрана на базе сучаснага працэсара Іntеl Соrе і7, шырокафарматны манітор, які без шкоды для здароўя дазваляе апрацоўваць адразу некалькі заданняў у шматаконным рэжыме, а таксама 3D-графіку ў высокім раздзяленні. Усе камп`ютары, якія працуюць у роце інфармацыйных тэхналогій, аб`яднаны ў адну лакальную сетку. Яна кіруецца серверным вузлом. Зараз намі ўжо атрыманы заданні ад падраздзяленняў Міністэрства абароны, Генеральнага штаба, Узброеных Сіл. Прызначаны навуковыя кіраўнікі. І з першага ж дня мы пачалі выконваць задачы пра прызначэнні. Таксама будзем чытаць цыкл лекцый па асаблівасці распрацоўкі праграм ва Узброеных Сілах. Моладзь цяпер вельмі добра падкавана ў ІT. З іншага боку, у войску зараз вельмі шмат высокатэхналагічнага абсталявання і зброі, якія патрабуюць пэўных ведаў у тэлекамунікацыйнай сферы. І мы разлічваем, што вучэбна-матэрыяльная база дазволіць паказваць максімальны вынік, што, у сваю чаргу, умацуе абараназдольнасць Беларусі.

Размяшчэнне роты нічым не адрозніваецца ад звычайнага. Акрамя аднаго «але». Не сакрэт, што працяглае знаходжанне за камп`ютарам азначае тое, што фізічная нагрузка ў гэты час будзе мінімальная. І таму ў размяшчэнні былі ўсталяваны сілавыя трэнажоры. Яны дапамогуць размяцца пасля працоўнага дня.

— Сярод іншага — і інфарматызацыя самой акадэміі, — працягвае Дзмітрый Сахарук. — Гэта патрэбна, каб мадэрнізаваць навучальны працэс. Напрыклад, традыцыйна вывучэнне, скажам, радыёстанцыі выглядае наступным чынам. У нас іх усяго адна ці дзве. Таму мы вывучаем апаратуру паслядоўна міні-групамі па два-тры чалавекі. Цяпер жа мы плануем стварыць такі клас, дзе будзе знаходзіцца 3D-мадэль гэтай радыёстанцыі, з дапамогай чаго можна будзе «разабраць» яе віртуальна. Да таго ж будзе значна эканоміцца месца ў навучальнай аўдыторыі. Скажам, у адным класе сёння мы можам разгарнуць лабараторную ўстаноўку, прысвечаную сродкам сувязі. Заўтра ў гэтым жа класе пачнём вывучаць сістэмы сучасных самалётаў. Яшчэ праз дзень — узбраенне або аўтаматычнае кіраванне. І гэта вельмі зручна — даказана, што падобная мадэль навучання спрыяльна адбіваецца на ўзроўні падрыхтоўкі тэхнічнага персаналу. І больш за тое — дзякуючы віртуальнаму асяроддзю мы цяпер атрымліваем магчымасць вывучаць узоры тэхнікі, якія не знаходзяцца на ўзбраенні ў беларускім войску. Мяркуем здаць першыя гатовыя прадукты да восені. Гэта неабходна для таго, каб цяперашні прызыў яшчэ паспеў паўдзельнічаць у тэсціраванні і ўкараненні распрацаваных прадуктаў.

З сарака праграмістаў у вайсковай форме толькі чатыры не маюць істотнага досведу працы. У паслужным спісе астатніх — праца на працягу некалькіх гадоў, якая сумяшчалася з вучобай на дзённым аддзяленні. Многія з іх працавалі ў кампаніях — рэзідэнтах Парка высокіх тэхналогій.

Дзмітрый Гаравы родам са Светлагорска. За плячыма ў хлопца — скончаны факультэт інфармацыйных тэхналогій БДТУ па спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі мабільных сістэм». А таксама — і практычны досвед.

— Я працаваў па спецыяльнасці ў камерцыйнай арганізацыі з канца трэцяга курса. Так набраў стаж у паўтара года. Адпускалі з працы са шкадаваннем, але што зробіш? Тут жа ёсць падабенства з тымі задачамі, з якімі я ўжо раней сутыкаўся яшчэ «на грамадзянцы». І заўважыў, што асабовы склад стараюцца адбіраць так, каб яго прадстаўнікі максімальна раскрылі свае здольнасці і рабілі тое, з чым ужо знаёмы.

— Як ішоў адбор у роту на вашым прыкладзе?

— Пытанне аб маёй прыдатнасці да воінскай службы вырашалася даволі доўга. Але мне патэлефанавалі з Ваеннай акадэміі і зладзілі сумоўе па тэлефоне. Усе хлопцы, якія прызваны ў роту, будуць служыць год, паколькі за іх плячыма — вучоба ва ўніверсітэце. Толькі пяць з іх правядуць тут шэсць месяцаў, бо правучыліся адзін год на ваеннай кафедры.

— Што б вы пажадалі студэнтам?

— Пастаянна вывучайце нешта новае. ІТ — вельмі шырокая галіна, дзе можна развівацца. Трэба выбраць кірунак, які больш падабаецца. І памятайце: калі станеш — то адстанеш. Праграмаванне зараз развіваецца проста шалёнымі тэмпамі, і тое, што было актуальным два-тры гады таму, адыходзіць на іншы план.

Яшчэ да ўрачыстага адкрыцця роты інфармацыйных тэхналогій усе ваеннаслужачыя прайшлі курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, выканалі практыкаванні па стрэльбах і прынялі прысягу. Наперадзе іх чакае ўдумлівая праца.

Аўтар: Валяр`ян Шкленнік
Звязда, 26 студзеня 2019
 
Дата публикации:26.01.2019
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:400
 
Ключевые слова:
Программирование Технологии Киберпреступность Вооружённые силы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме