Як паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама, праваахоўныя органы выкрылі і задакументавалі супрацьпраўную схему, створаную кіраўніцтвам адкрытага акцыянернага таварыства, статутны фонд якога больш чым на 95% належыць абласной камунальнай уласнасці.
"Дзеянні службовых асоб прадпрыемства, якое з`яўляецца базавым лагістычным цэнтрам дзяржаўнага аб`яднання "Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты", дазвалялі не толькі атрымліваць заработную плату і заахвочвальныя бонусы, што ў разы перавышалі сярэднія ў галіне па рэспубліцы, але і атрымліваць хабар ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый-партнёраў", — гаворыцца ў паведамленні.
Выбудаваная схема заключалася ў прыцягненні да супрацоўніцтва суб`ектаў гаспадарання прыватнай формы ўласнасці для стварэння ланцужка неабгрунтаванага пасрэдніцтва пры закупцы тавараў для перапрацоўчых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці. У далейшым тавары пастаўляліся па завышаным кошце, што істотна адбівалася на сабекошце прадукцыі і канчатковай адпускной цане.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па прыкметах ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару).
Сума хабараў, што ставяцца ў віну, — больш за 150 тысяч беларускіх рублёў.
У дачыненні да службовых асоб абраная мера стрымання ў выглядзе знаходжання пад вартай. На грашовыя сродкі і маёмасць накладзены арышт.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, па гэтай крымінальнай справе затрыманыя тры чалавекі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 31 студзеня 2019