Міністр нагадаў аб хуткім уваходжанні ў сілу змяненняў у закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", якія ён лічыць "дастаткова прагрэсіўнымі". Частка змен датычыцца працы на масавых мерапрыемствах прэсы, заўважыў Шуневіч.
"Калі ты фрылансар, будзь гатовы сустрэць на сваім шляху "фрыкопа", — сказаў кіраўнік МУС. — Калі ты журналіст, то згодна з законам ты абавязаны сябе ідэнтыфікаваць: мець дакумент, які сведчыць асобу, мець дакумент, які пацвярджае тваю прафесійную акрэдытацыю, адметную прыкмету (камізэльку, інфармацыйную таблічку або нарукаўную павязку). Калі ты замежны журналіст — мець пасведчанне аб акрэдытацыі ў нашай краіне. Але, падкрэсліваю, калі ты фрылансар — будзь гатовы сустрэць таго, хто таксама будзе вольны ад пэўных умоўнасцяў для таго, каб ідэнтыфікаваць цябе як журналіста. Ты такім не з`яўляешся".
Шуневіч падкрэсліў, што ў Беларусі пры разгоне несанкцыянаваных вулічных акцый не выкарыстоўваюцца спецсродкі. Ён таксама назваў "абсалютнай хлуснёй" крытыку міліцыі за празмерную жорсткасць, якая перыядычна гучыць.
На пытанне, што МУС палічыць несанкцыянаванай акцыяй, а што не, Шуневіч адказаў: "Тыя людзі, якія хочуць правакаваць уладу, — яны выдатна разумеюць гэту грань".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 28 снежня 2018
Мінск, 28 снежня 2018