https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У 2019 годзе з бюджэту на развіццё сацыяльнай сферы ў Беларусі будзе выдзелена на 10-12 працэнтаў больш сродкаў


Аб гэтым паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка
Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, для Беларусі стала добрай і важнай традыцыяй, калі напярэдадні лістападаўскага свята адкрываюцца сацыяльна значныя аб`екты.

"Традыцыя добра змянілася, і мы перайшлі на канкрэтныя справы. Дорым нашым людзям падарункі - новыя школы, дарогі, іншыя аб`екты сацыяльнага прызначэння. У Віцебску сёння - гэта дзіцячы сад. Развіццю сацсферы вялікая ўвага ўдзяляецца з боку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, дэпутацкага корпуса. Цяпер разглядаем бюджэт на 2019 год, і мы значна павялічым асігнаванні на сацыяльную сферу - на 10-12 працэнтаў", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Сёння ў Віцебску адкрылі яслі-сад нумар 113 на 200 месцаў у маладым мікрараёне Білева. У цырымоніі прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк, кіраўніцтва вобласці і горада.

У дашкольнай установе размесцяць 11 груп, у тым ліку адну кароткатэрміновага знаходжання. У наступным навучальным годзе плануецца адкрыць групу для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У садзе ёсць басейн, студыя выяўленчага мастацтва, інтэрактыўны кабінет, сэнсарны пакой, спартыўная, трэнажорная і музычная залы. Гэта першы ў Віцебску дзіцячы сад такога ўзроўню. З дзецьмі будуць працаваць каля 30 педагогаў.

Дзіцячыя сады ў маладым густанаселеным мікрараёне вельмі запатрабаваны. Да іх па месцы жыхарства адносяцца 1,9 тыс. дзяцей, з якіх больш за 1,5 тыс. малышоў бацькам даводзіцца вазіць у іншыя раёны Віцебска. У Білеве працуюць два дзіцячыя сады, адкрытыя ў 2010-2012 гадах. У іх займаюцца 520 выхаванцаў.

"Трэці дзіцячы сад нам вельмі дарэчы. Свайго сына Аляксея я вазіла ў другую частку горада, даводзілася 20 хвілін траціць толькі на праезд у аўтобусе, - адзначае маладая мама Надзея Аляксандраўна. - Гэтым дзіцячым садам мы задаволены, ён светлы і прасторны. Упэўнена, што тут нашых дзяцей акружаць цяплом і клопатам".

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў акцэнтаваў увагу на важнасці будаўніцтва дзіцячых садоў і школ у Білеве, каб ліквідаваць існуючы дысбаланс - для ўсіх дзяцей не хапае ўстаноў адукацыі. 

"У мікрараёне пражываюць каля 40 тыс. чалавек. У наступным годзе ўвядзём 9 новых дамоў. Штогод Білева прырастае прыкладна на 1 тыс. дзяцей, ствараецца няхватка садоў і школ. Мы разумеем гэтыя праблемы і будзем іх вырашаць у бліжэйшы час будаўніцтвам новых устаноў адукацыі", - запэўніў кіраўнік вобласці.

У мікрараёне Білева працягваецца будаўніцтва новай школы і будзе пачата ўзвядзенне чацвёртага дзіцячага сада. Здаць іх плануюць у 2020 годзе. Акрамя таго, у наступным годзе збіраюцца закласці трэцюю школу.

6 лістапада 2018, Віцебск
Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА

 
Дата публикации:06.11.2018
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:355
 
Ключевые слова:
Віцебск Білева Соцзащита в Беларуси Строительство Детский сад
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме