https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У архівах Беларусі няма беларускага катынскага спіса — спіса польскіх грамадзян, якія былі расстраляныя на яе тэрыторыі ў сталінскія часы


Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв`ю польскай газеце "Рэч Паспаліта".

Журналіст пацікавіўся ў Макея магчымасцю стварэння польскіх вайсковых могілак у месцах масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, а таксама давання Польшчы спіса палякаў, якія былі забітыя сталінскім рэжымам на тэрыторыі Беларусі.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства запэўніў суразмоўцу: ён прыхільнік таго, каб гэтыя пытанні "былі высветленыя як мага хутчэй і каб яны не пераважалі ці не рабілі ўплыву на агульную атмасферу супрацоўніцтва" паміж краінамі.

"Мы іх не прыбіраем з парадку дня, яны застаюцца, мы паралельна вядзем працу над імі. Але я думаю, што мы не здолеем высветліць усю сітуацыю літаральна заўтра ці паслязаўтра", — сказаў чыноўнік.

"Паводле запыту нашых польскіх сяброў мы займаліся пытаннямі так званага катынскага спіса, — сказаў Макей. — Нам нядаўна, летам гэтага года, у адпаведнасці з нашымі дамоўленасцямі са спадаром Вашчыкоўскім (міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі) польскія сябры перадалі тры спісы, па якіх яны хацелі б атрымаць адказ. Мы паглядзелі ў нашых архівах, нейкія рэчы нам удалося адшукаць, і нейкую інфармацыю мы перададзім на сустрэчах са спадаром Вашчыкоўскім і іншымі афіцыйнымі прадстаўнікамі.

Але што да катынскага спіса, то мы ўжо паводле даручэння нашага прэзідэнта два разы прагледзелі ўсе архівы, у тым ліку архівы спецслужбаў, і хачу адназначна сказаць, што ў нашых архівах такога спіса не існуе. Трэба вывучыць метады дзейнасці сталінскай спецслужбы НКУС. Я думаю, не заўсёды ўсе дакументы захоўваліся на рэгіянальных узроўнях. Магчыма, ёсць нейкія дакументы, якія захоўваюцца толькі ў цэнтральным архіве".

Гаворачы аб стварэнні польскіх ваенных могілак ва ўрочышча Курапаты, Макей заявіў, што сёння пра гэта "гаварыць не даводзіцца".

Ён нагадаў, што даследаваннем пахаванняў у Курапатах у канцы 1980-х — 1990-х гадах "вельмі дэталёва" займаўся лідар Беларускага Народнага фронту Зянон Пазьняк.

"Мы не можам сказаць, што гэтае месца з`яўляецца месцам пахавання польскіх вайскоўцаў або польскіх грамадзян. Магчыма, там і маглі быць польскія грамадзяне, але сказаць, каб гэта адназначна было месцам, дзе былі расстраляныя, забітыя толькі польскія грамадзяне, мы не можам", — растлумачыў чыноўнік.

Беларускі катынскі спіс — гэта дакумент, які змяшчае імёны не менш як 3.870 палякаў, забітых НКУС на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе. Польшча беспаспяхова дамагаецца ад Расіі, каб гэты спіс быў знойдзены. Беларускі гісторык Ігар Кузняцоў, а таксама шэраг польскіх спецыялістаў лічаць, што расстраляныя ў 1940 годзе афіцэры польскай арміі могуць быць пахаваныя ў Курапатах.

Між тым на прэс-канферэнцыі для беларускіх і замежных СМІ 15 студзеня 2013 года ў Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі "ніколі не расстрэльвалася польскае насельніцтва".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 17 кастрычніка 2016
 
Дата публикации:17.10.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:929
 
Ключевые слова:
Катынь Курапаты СССР НКВД
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме