https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пералік відаў работ для альтэрнатыўшчыкаў складаецца з 84 пунктаў


У Беларусі зацверджана палажэнне аб парадку і ўмовах праходжання грамадзянамі альтэрнатыўнай службы і палажэнне аб парадку і ўмовах выплаты страхавых сум па абавязковым дзяржаўным страхаванні грамадзян, якія праходзяць альтэрнатыўную службу.
Гэта рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 27 чэрвеня бягучага года нумар 497, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада. Гэтым жа дакументам устаноўлены пералік відаў работ, што могуць выконваць грамадзяне, якія праходзяць альтэрнатыўную службу.

Гэты пералік складаецца з 84 пунктаў. Тэрміны альтэрнатыўнай службы складаюць для грамадзян, якія не маюць вышэйшай адукацыі, - 36 месяцаў, для грамадзян, якія маюць вышэйшую адукацыю, - 24 месяцы.

Агульная працягласць альтэрнатыўнай службы вызначаецца ў каляндарным вылічэнні і ўключае час выканання абавязкаў альтэрнатыўнай службы, штодзённы і штотыднёвы адпачынак, у тым ліку выхадныя дні ў час дзяржаўных свят і святочных дзён, час знаходжання ў водпусках, за выключэннем водпускаў у сувязі з паступленнем ва ўстанову адукацыі або арганізацыю, што рэалізуе адукацыйныя праграмы паслявузаўскай адукацыі, і атрыманнем адукацыі, час знаходжання ў дарозе да месца альтэрнатыўнай службы.

У тэрмін альтэрнатыўнай службы не залічваюцца каляндарныя дні, якія прыпадаюць на час знаходжання грамадзяніна ў водпуску ў сувязі з паступленнем ва ўстанову адукацыі і атрыманнем адукацыі; на тэрмін адбывання пакарання ў выглядзе арышту; на час, на працягу якога грамадзянін не выконваў абавязкі альтэрнатыўнай службы ў сувязі з прымяненнем да яго адміністрацыйнага спагнання; на працягу якіх альтэрнатыўшчык адсутнічаў без уважлівых прычын больш за тры гадзіны ў час выканання абавязкаў альтэрнатыўнай службы або знаходзіўся ў гэты перыяд часу ў стане алкагольнага ап`янення або ў стане, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, або распіваў алкагольныя, слабаалкагольныя напіткі або піва, спажываў наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі, таксічныя або іншыя адурманьваючыя рэчывы ў час выканання абавязкаў альтэрнатыўнай службы.

Грамадзяне праходзяць альтэрнатыўную службу ў арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадаркі, у арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог і чыгуначных пуцей.

Пералік арганізацый, у якіх грамадзяне праходзяць альтэрнатыўную службу, устанаўліваецца Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.

Пачаткам праходжання альтэрнатыўнай службы з`яўляецца дзень адбыцця грамадзяніна да месца праходжання альтэрнатыўнай службы, які вызначаецца Мінпрацы і сацабароны.

Грамадзянін падлягае звальненню з альтэрнатыўнай службы пасля заканчэння яе тэрміну; па хваробе (у выпадку прызнання непрыгодным да ваеннай службы ў мірны час); у сувязі з уступленнем у законную сілу прыгавора суда аб назначэнні пакарання ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення або пакарання смерцю.

Што датычыцца парадку і ўмоў выплаты страхавых сум па абавязковым дзяржаўным страхаванні грамадзян, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, то страхавы выпадак прызнаецца наступіўшым у час выканання абавязкаў альтэрнатыўнай службы; пры ўдзеле ў ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару; з прычыны іншых дзеянняў, прызнаных судом ажыццёўленымі ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы.

Міністэрству працы і сацыяльнай абароны, Міністэрству аховы здароўя, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана ў трохмесячны тэрмін прывесці свае нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з пастановай урада і прыняць іншыя меры па яе рэалізацыі.

Закон "Аб альтэрнатыўнай службе" ўступіць у сілу з 1 ліпеня бягучага года. Ён накіраваны на рэалізацыю права грамадзян, замацаванага ў арт. 57 Канстытуцыі Беларусі, на замену воінскай службы альтэрнатыўнай - грамадзяне могуць хадайнічаць аб гэтым па рэлігійных перакананнях.

29 чэрвеня 2016, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:29.06.2016
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:597
 
Ключевые слова:
Альтернативная служба Права человека
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме