https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


На Шуміліншчыне знайшлі 600 прадметаў ІX—X стагоддзяў


Усе рэчы выразна сведчаць пра існаванне шляху «з варагаў у грэкі», які калісьці праходзіў праз гэту мясцовасць.
На мінулым тыдні археалагічнай экспедыцыі выпала вялікае шанцаванне — на Шуміліншчыне быў адкрыты комплекс Кардон, на якім удалося знайсці ажно 600 прадметаў ІX—X стагоддзяў: каля 50 дырхемаў, 30 гірак, ювелірныя шалі, гузікі, бранзалеты, пасавыя накладкі, нацельны крыжык скандынаўскага тыпу і ўсходнія пацеркі. 

— Па значнасці і часавым перыядзе, да якога належыць комплекс, гэта адзін з некалькіх найважнейшых помнікаў археалогіі ва ўсёй Усходняй Еўропе. Яго аналагі — Гнёздава на Смаленшчыне ў Расіі і Шаставіца ва Украіне пад Чарнігавам. Цяпер і ў нас ёсць свой помнік таго даўняга перыяду — Кардон! — адзначыла загадчыца Цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Вольга Ляўко, якая ўзначальвае экспедыцыю ў Шумілінскім раёне. — Сляды гэтага часу мы шукалі доўга, сёе-тое траплялася на шматслойных помніках у межах ад VІ да XІІІ стагоддзяў. А тут цэласны аб`ект ІX-X стагоддзяў — у той перыяд сюды прыбылі варагі і аселі.

Бранзалеты і накладкі на паясы, матрыцы для адлівання ўпрыгажэнняў, тыгелькі, у якіх плавілі метал, — усе рэчы, знойдзеныя на раскопках, сведчаць пра стварэнне на гэтым месцы ювелірных вырабаў. Гіркі-разнавесы вырабляліся калісьці паўночнаеўрапейцамі і выкарыстоўваліся для ўзважвання каштоўных металаў.

Калі ўсе прадметы будуць ачышчаны, адшліваны і сфатаграфаваны, іх перададуць у краязнаўчы музей у Віцебск ці ў музей Акадэміі навук, у якіх забяспечаны неабходныя ўмовы для захоўвання такіх рэчаў. Навукоўцы пастараюцца захаваць калекцыю цэласнай.

Вольга Ляўко адзначае, што яны плануюць працягваць раскопкі ў Кардоне, на цяперашні момант гэта паселішча нумар адзін. Яно найбольш поўна раскрывае той перыяд, пра які менш за ўсё вядома ў Беларусі. Даследаванне паказвае, што Віцебскае Падзвінне, якое было самай важнай зонай пры фарміраванні шляху «з варагаў у грэкі», храналагічна апярэджвала расійскае Гнёздава, якое вывучалася штогод, пачынаючы з
XІX стагоддзя.

Аўтар: Ніна Шчарбачэвіч 
nina@zviazda.by
Звязда, 12 жніўня 2016
 
Дата публикации:12.08.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1290
 
Ключевые слова:
Археология Этнография Падзвінне Віцебск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме